Беларуская Служба

Працаўладкаванне лекараў з краін, якія не з'яўляюцца чальцамі ЕЗ, павінна стаць прасцейшым

24.10.2019 12:20
Ведамства разлічвае, што гэта заахвоціць лекараў з краін звонку Еўразвязу да працы ў Польшчы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneDarkoStojanovic/Pixabay

Працаўладкаванне лекараў з краін, якія не з'яўляюцца чальцамі ЕЗ, павінна стаць прасцейшым, піша Агата Шчэпаньска з выдання «Gazetа Prawnа». Магчымасць лячэння без прызнання дыплому і экзамен, які дае права на тытул лекара, хоча ўвесці польскае Міністэрства здароўя. Ведамства разлічвае, што гэта заахвоціць лекараў з краін па-за Еўразвязу да працы ў Польшчы.

Міністэрства здароўя ў абгрунтаванні не ўтойвае, што гэта павінен быць спосаб, каб залатаць кадравыя дзіркі там, дзе існуе пагроза спынення дзейнасці па прычыне адсутнасці лекараў. Адзначаецца, што іншыя краіны ЕЗ заахвочваюць гэтых жа самых лекараў, якія маглі б прыехаць у Польшчу, распачаць працу ў іх краіне, з самага пачатку гарантуючы значна вышэйшыя заробкі. Такая спрошчаная працэдура, якая дазваляе працаваць толькі ў Польшчы, можа аказацца спосабам, каб затрымаць іх у краіне.

Усё часцей паяўляецца інфармацыя аб тым, што ў Польшчы працуе шмат лекараў з Украіны, але па прычыне таго, што працэс прызнання дыплому доўгі і дарагі, яны працуюць санітарамі і медыцынскімі апекунамі.

Рашуча супраць такіх крокаў выступаюць польскія лекары. «Гэта ўтварэнне двух катэгорый лекараў, якія працуюць у Польшчы – з увагі на адукацыю і дазволы», – гаворыць кіраўнік Варшаўскай медычнай палаты Лукаш Янкоўскі. «Мы не маем нічога супраць калег з-за ўсходняй мяжы. Палякі да нядаўняга часу таксама ездзілі на працу за мяжу, але мы мелі там такія ж самыя патрабаванні да кваліфікацый. А тут паяўляюцца правілы, якія ўводзяць падвойныя стандарты і механізмы, якія даюць магчымасць працы толькі ў Польшчы, на спецыяльных умовах», – дадае Яраслаў Біліньскі, які быў у групе адмыслоўцаў, якія працавалі над законапраектам.

ав