Беларуская Служба

Беспрацоўе ў Польшчы ўпала да рэкордна нізкага ўзроўню 5,2%

28.10.2019 15:26
На думку эканамістаў, беспрацоўе ўжо не будзе далей паніжацца.
      ,
Апошнія пяць гадоў беспрацоўе ў Польшчы падала, але гэтая тэндэнцыя ўжо закончыласяPixabay

Польскія эканамісты лічаць, што беспрацоўе ў Польшчы неўзабаве ўжо перастане падаць. Цягам апошніх пяці гадоў пастаянна змяншалася колькасць людзей працаздольнага ўзросту без пастаяннага занятку, але гэтая тэндэнцыя ўжо сябе вычарпала – піша Dziennik Gazeta Prawna. Галоўная прычына – пагаршэнне кан’юнктуры ў эканоміцы дзяржавы. Акрамя таго, вялікі ўплыў на беспрацоўе можа аказаць дынамічны рост коштаў працы, звязаны з урадавымі абяцаннямі. Перад парламенцкімі выбарамі кіроўная партыя абяцала рэзкі рост мінімальнай заработнай платы на працягу бліжэйшых гадоў, была ўведзена новая праграма ашчаднасці для ўсіх працоўных з мэтаю сабраць больш сродкаў на пенсійны перыяд, а гэта звязана з узносамі з боку як супрацоўнікаў, так і наймальнікаў.

У галінах, дзе па статыстыцы супрацоўнікі зарабляюць суму, набліжаную да мінімальнай зарплаты, ужо цяпер назіраецца падзенне колькасці працуючых. На рэкордна высокім узроўні лічба прадпрыемстваў, прадстаўнікі якіх заяўляюць пра магчымае звальненне персаналу. Дарэчы, нават палітыкі кіроўнай партыі Права і справядлівасць прызнавалі ў кулуарах, што іх заявы перад выбарамі пра значнае павышэнне мінімалкі маглі адпужаць некаторых прадстаўнікоў нават іх электарату, паколькі людзі пачалі баяцца, што ў выніку павышэння зарплаты наймальнікі звольняць частку супрацоўнікаў. Напрыклад, такія боязі датычаць ахоўнікаў. Ужо цяпер некаторыя кліенты ахоўных кампаній, скажам, вялікія крамы, заяўляюць, што яны будуць адмаўляцца ад аховы, замяняючы яе відэакамерамі.

пераклад нг