Беларуская Служба

34 гады таму памёр легендарны польскі генерал Мечыслаў Барута-Спеховіч (ФОТА)

01.11.2019 08:07
Ён перажыў цікавую гістарычную эпоху: змагаўся за незалежнасць Польшчы, ваяваў падчас вайны, быў актыўным удзельнікам апазіцыі ў ПНР. 
Аўдыё
  • Мечыслаў Барута-Спеховіч нарадзіўся 20 лютага 1894 года ў польскім горадзе Жэшаў
     ;   - -   (      ), ,  1937
Польскія і італьянскія вышэйшыя вайсковыя чыны; генерал Мечыслаў Барута-Спеховіч - другі злева (у вайсковым капелюшы горнай пяхоты з пяром), Рым, снежань 1937 годаNarodowe Archiwum Cyfrowe

34 гады таму памёр легендарны польскі генерал Мечыслаў Барута-Спеховіч. Ён перажыў цікавую гістарычную эпоху: змагаўся за незалежнасць Польшчы ў 1918 годзе, ваяваў падчас Другой сусветнай вайны, быў актыўным удзельнікам апазіцыі ў часы ПНР. 

Мечыслаў Барута-Спеховіч нарадзіўся 20 лютага 1894 года ў польскім горадзе Жэшаў, які ў тыя часы ўваходзіў у склад Аўстра-Венгрыі. У 1903 годзе сям’я будучага генерала пераехала ў Варшаву. Дарэчы, Мечыслаў быў 15 дзіцем у сям’і Анелі і Станіслава, які быў уладальнікам мясной лаўкі. У Варшаве будучы генерал вучыўся ў прэстыжных школах, стаў членам скаўцкага руху. Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён, пасля завяршэння курсаў малодшых афіцэраў, уступіў у Польскія легіёны – фарміраванні ў складзе арміі Аўстра-Венгрыі. У лістападзе 1916 года – у чыне паручніка. У сакавіку 1918-га пайшоў на службу ў 1-ы Польскі корпус у Расіі, дзе атрымаў чын капітана.

Пасля таго, як Польшча стала незалежнай краінай, пайшоў на службу ў Войска Польскае. У 1920 годзе – ужо падпалкоўнік.

У 1921 годзе закончыў Ваенную школу Генштаба, пасля заканчэння якой быў начальнікам штаба пяхотнай дывізіі, камандаваў палкамі ў розных гарнізонах Польшчы. У 1924 годзе ва ўзросце 30 гадоў атрымаў чын палкоўніка. У 1928 годзе пераведзены ў Баранавічы, дзе заняў пасаду камандзіра пяхотнай часткі 20-й пяхотнай дывізіі. Палкі дывізіі знаходзіліся не толькі ў Баранавічах, але былі таксама раскватараваныя ў Слоніме, Пружанах і Брэсце. Пасля шасці гадоў службы пераведзены ў горад Пшэмысль, дзе прызначаны на пасаду камандзіра 22-й горнай пяхотнай дывізіі. У тым жа годзе атрымаў званне брыгаднага генерала (генерал-маёра паводле беларускай наменклатуры).


Мечыслаў Барута-Спеховіч (у цэнтры, стаіць за манашкай у акулярах) з афіцэрамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі сярод манашак-назарыцянак, вёска Каманьча (паўднёвая Польшча), прыкладна 1931-1936 г.г. фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe Мечыслаў Барута-Спеховіч (у цэнтры, стаіць за манашкай у акулярах) з афіцэрамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі сярод манашак-назарыцянак, вёска Каманьча (паўднёвая Польшча), прыкладна 1931-1936 г.г. фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Калі пачалася Другая сусветная вайна, генералу Баруце-Спеховічу было даверана камандаванне аператыўнай групай «Барута». Пасля цяжкіх баёў фарміраванне было разбітае. Сам генерал дабраўся ў Львоў, дзе быў адным з заснавальнікаў антысавецкага падполля. Саветы яго арыштавалі ў снежні 1939 года. Спачатку ён сядзеў у турме ва Украіне, пазней – на Лубянцы ў Маскве. Менавіта там у 1940 годзе Лаўрэнцій Берыя асабіста прапанаваў Баруце-Спеховічу стварыць польскія ўзброеныя фарміраванні ў Савецкім Саюзе.

У 1941 годзе генерала вызвалілі з турмы. Па загадзе генерала Уладзіслава Андэрса ён узначаліў ствараемую 5-ю Віленскую пяхотную дывізію. У 1942 годзе адказваў за працэс эвакуацыі арміі Андэрса з Савецкага Саюза ў Іран.


Генерал Мечыслаў Барута-Спеховіч, фота да 1939 года, public domain Генерал Мечыслаў Барута-Спеховіч, фота да 1939 года, public domain

Пасля вайны Мечыслаў Барута-Спеховіч вярнуўся ў Польшчу, дзе пачаў службу ў Міністэрстве абароны. Аднак з-за канфлікту з начальствам па ўласнаму жаданню падаў у адстаўку і пасяліўся ў адной з вёсак пад Шчэцінам, дзе заняўся сельскай гаспадаркай. Пазней пераехаў у Закапанэ, дзе перш за ўсё займаўся ветэранскай дзейнасцю. Калі быў створаны прафсаюз «Салідарнасць», стаў актыўным дзеячам апазіцыі і быў удзельнікам 1-га з’езду прафсаюзу. Там ён атрымаў права выступіць перад дэлегатамі.

- Айчыне патрэбная наша дапамога, хоць наша радзіма не ў небяспецы. Мы не можам дапусціць да таго, каб нас запужалі, таму што страх – гэта кепскі дарадчык. А Польшчы вельмі патрэбныя добрыя рады. Мы не можам дапусціць да таго, каб нас запужалі, таму што страх – гэта кепскі дарадчык!

У 1984 годзе Мечыслаў Барута-Спеховіч адзначыў у Закапанэ 90-годдзе – на той момант ён быў найстарэйшым польскім генералам.

Не стала славутага афіцэра 13 кастрычніка 1985 года. Ён памёр у Закапанэ, там жа пахаваны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу