Беларуская Служба

Настаўнікі выйдуць пратэставаць на вуліцы

05.11.2019 13:21
Настаўнікі разумеюць, што цяжка разлічваць на поспех пратэстаў, на якія ніхто не звяртае ўвагі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Ruddin/pixabay.com/CC0 Public Domain

Звяз польскіх настаўнікаў шукае спосабу нагадаць уладам і грамадству пра патрабаванні польскіх педагогаў. Аднак, пасля правалу красавіцкай забастоўкі тэма павышэння зарплатаў ужо не такая важная, канстатуе Яанна Цьвек на старонках выдання Rzeczpospolita.

Больш за тыдзень таму настаўнікі пачалі італьянскі пратэст. У яго рамках педагогі павінны выконваць толькі тыя задачы, якія прапісаныя ў гэтак званай Карце настаўніка. Гаворка ідзе пра тое, што ўдзельнікі страйку адмаўляюцца ад удзелу ў экскурсіях, ад паездак і педагагічных нарадах пасля часу працы, прадугледжанага згаданай картай.

Аднак, праблема ў тым, што гэты пратэст амаль непрыкметны. „Мы зможам ацаніць яго маштаб толькі праз год ці нават два гады”, - тлумачыць старшыня Звязу польскіх настаўнікаў Славамір Броняж. Ён падкрэслівае, што пратэст накіраваны на паляпшэнне сітуацыі ў адукацыі, а не выключна на грошы.

З іншага боку, патрабаванне, датычнае павышэння зарплатаў, было адным з найважнейшых, якія прагучалі падчас страйку настаўнікаў у красавіку.

Настаўніцкія прафсаюзы разумеюць, што цяжка разлічваць на поспех дзеянняў, на якія ніхто не звяртае увагі. Італьянскага пратэсту недаацэньвае Міністэрства нацыянальнай адукацыі, а таксама бацькі, якія павінны былі бачыць, як цяжка працуюць настаўнікі.

Таму частка настаўнікаў выступіла з ідэяй выйсці на вуліцы. Яны плануюць ладзіць дэманстрацыі восьмага чысла кожнага месяца. Дата абрана не выпадкова - яна нагадвае пра пачатак забастоўкі, якая адбылася ў красавіку бягучага года.

Першая дэманстрацыя павінна адбыцца ў Кракаве, наступная - у Гданьску і ў горадзе Катавіцы, паведамляе Rzeczpospolita.

аз