Сёння я запрашаю на Шчалінец Вялікі (Szczeliniec Wielki) – самую высокую вяршыню Сталовых гор (Góry Stołowe) на паўднёвым захадзе Польшчы. Шчалінец Вялікі і распаложаны побач Шчалінец Малы (Szczeliniec Mały, 896 м. н.у.м.) ствараюць шырокі, плоскі масіў са шматлікімі вузкімі шчылінамі і ярамі. Гэта выключная прываблівасць, якая прыцягвае шматлікіх турыстаў не толькі з Польшчы, але таксама з-за мяжы.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Шчалінец Вялікі прыцягвае турыстаў, перш за ўсё, вялікай разнастайнасцю формаў. Гэта рэшткі самага высокага ўзроўню Сталовых гор, у якіх, у выніку эрозіі, былі выразаныя цудоўныя скальныя формы, часта падобныя на жывёл і людзей. Адтуль узяліся і назвы гэтых горных пародаў: „Мамант”, „Слон”, „Квактуха”, „Вярблюд”" і шмат іншых.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Надзвычай цікавым фрагментам Шчалінца з'яўляецца гэтак званае „Пекла” - каменная шчыліна даўжынёй каля 100 метраў і глыбінёй да 20 метраў са спецыфічным мікракліматам - нізкай тэмпературай і высокай вільготнасцю.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Найвышэйшай кропкай Шчалінца, вышыня якога складае 919 м н.у.м., з'яўляецца парода пад назвай „Крэсла прадзядулі”, на якую можна дабрацца па металічнай лесвіцы.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Развіццё турызму ў рэгіёне было звязанае, між іншым, з узнікненнем у XVIII стагоддзі шматлікіх санаторыяў, якія, акрамя лячэння, прасоўвалі таксама хараство мясцовай зямлі.
Вельмі важнай падзеяй для рэгіёну стала будаўніцтва ў 1790 годзе прускага форта Карла на гары Птушка. Гэта было звязанае з умацаваннем межаў Сілезіі перад чаканай вайной з Аўстрыяй. Будаўнік крэпасці маёр фон Раўш (von Rausch) планаваў выкарыстаць таксама прыродныя ўмовы Шчалінца. Разведаць тэрыторыю яму дапамагаў, тады 17-гадовы, жыхар Карлова Франц Пабель(Franz Pabel).
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Менавіта падчас падрыхтоўчых работ прускія жаўнеры вызначылі шлях на гару і адкрылі для турыстаў частку вяршыні Шчаліньца. Аднак канчаткова, Прусія адмовілася ад планаў умацавання гары. Тым ня менш, візіты самога караля Фрыдрыха Вільгельма ІІІ, а таксама прускіх і замежных чыноўнікаў ініцыявалі масавы турыстычны рух на Шчалінцы.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Гэта стала магчымым, між іншым, дзякуючы пабудаванай Францам Пабелям у канцы XVIII-га стагоддзя каменнай лесвіцы. Дзякуючы намаганням Пабеля па сённяшні дзень з вяршыні гары можна любавацца цудоўнай панарамай.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Неўзабаве наведванне Шчалінца стала настолькі модным і шырока распаўсюджаным, што экскурсія на гэтую гару стала амаль абавязковай часткай праграмы адпачынку ў мясцовых санаторыях. Пра гэта сведчыць фрагмент ліста Фрыдэрыка Шапэна, які праходзіў лячэнне ў Душніках (Duszniki -Zdrój) у 1826 годзе.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 1804 годзе была створана „Каса Шчалінца Вялікага”. Сродкі, сабраныя ад турыстаў, былі выкарыстаныя для будаўніцтва лесвіцаў, дарожак і поручняў, а таксама для забеспячэння доступу да наступных частак вяршыні.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Уваход на вяршыню быў зачынены драўлянай брамай, ключ ад якой трымаў мясцовы экскурсавод. Быў таксама ўведзены звычай упісвацца ў памятную кнігу пасля наведвання гары.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Франц Пабель ад пачатку моцна ангажаваўся ў развіццё турызму ў рэгіёне. Гэтыя намаганні высока ацаніў кароль Фрыдрых Вільгельм ІІІ, які ў 1813 годзе афіцыйна прызначыў Пабеля на пасаду экскурсавода. Гэта была першая намінацыя на горнага гіда не толькі ў гісторыі Судэтаў, але і Еўропы.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Франц Пабель да старасці быў экскурсаводам, а на падаставе свайго досведу выдаў гісторыю турызму на Шчалінцы.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Акрамя каралеўскіх візітаў, Шчалінец наведвалі таксама шматлікія іншыя вядомыя асобы. У 1790 годзе тут пабываў Іаган Вольфганг Гётэ, а ў 1800 годзе Джон Квінсі Адамс, які пазней стаў прэзідэнтам ЗША.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У 1845 годзе на гары была пабудаваная турыстычная база „На Шчалінцы”, якую назвалі таксама „швейцаркай”. Гэта адна з найстарэйшых базаў у Судэтах, а адзіная, пабудаваная ад пачатку з мэтай абслугоўвання турыстаў. База таксама, як адзіная ў Судэтах не мае пад'язной дарогі.
Tурыстычная база „На Шчалінцы”. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Цяпер ля базы размяшчаецца каса, у якой можна купіць уваходны білет у ландшафтны парк, які ахоплівае найвышэйшую частку Шчаліньца плошчай у 50 гектараў.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У канцы XIX стагоддзя ў Сталовых гарах узнікла Клодскае горнае таварыства. Яго члены вызначылі новыя маршруты, наладзілі ландшафтныя пункты і пабудавалі іншыя элементы турыстычнай інфраструктуры.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
У цяперашні час Сталовыя горы могуць пахваліцца сеткай пешаходных маршрутаў у Судэтах. Іх агульная даўжыня складае каля 120 кіламетраў.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Найбольш зручныя маршруты, якія вядуць на Шчэлінец, пачынаюцца з вёскі Карлова, а таксама з вёскі Пэстка (Pestka).
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Узімку без альпінісцкага абсталявання можна дабрацца выключна да турыстычнай базы „На Шчалінцы”. У сувязі са складанымі ўмовамі, якія звычайна назіраюцца ў Сталовых гарах, у зімовым перыядзе не рэкамендуецца турыстам наведвання астатняй, вышэй распаложанай часткі запаведніка.
Гара Шчалінец. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ
Варта ўспомніць, што красату Шчалінца высока ацэньваюць не толькі турысты, але таксама артысты. Менавіта на гары, а дакладней у частцы званай „Пекла”, здымаўся вядомы фільм „Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян”.
Анна Задрожна