Беларуская Служба

34 гады таму ўпершыню ў Польшчы перасадзілі сэрца

23.11.2019 11:02
Складаная аперацыя прайшла пад кіраўніцтвам прафесара Збігнева Рэлігі (1938 – 2009) – вядомага польскага кардыяхірурга, навукоўца і палітыка.
Аўдыё
  • 5 лістапада 1985 года ў сілезскім горадзе Забжэ была праведзеная першая ў Польшчы паспяховая перасадка сэрца
Kierownik Wojewódzkiego Ośrodka Kardiologii (Śląskie Centrum Chorób Serca) doc. Zbigniew Religa (zdjęcie z października 1985 roku)
Kierownik Wojewódzkiego Ośrodka Kardiologii (Śląskie Centrum Chorób Serca) doc. Zbigniew Religa (zdjęcie z października 1985 roku)PAP/Stanisław Jakubowski

5 лістапада 1985 года ў сілезскім горадзе Забжэ, у Ваяводскім кардыялагічным цэнтры (сёння гэта Сілезскі цэнтр хвароб сэрца) была праведзеная першая ў Польшчы паспяховая перасадка сэрца. Складаная аперацыя прайшла пад кіраўніцтвам прафесара Збігнева Рэлігі (1938 – 2009) – вядомага польскага кардыяхірурга, навукоўца і палітыка.

Дарэчы, пасля заканчэння школы Збігнеў Рэліга не планаваў паступаць на медыцыну – ён хацеў займацца філасофіяй, аднак пайсці вучыцца на лекара ўгаварылі яго бацькі. Дзякуючы гэтаму польская медыцына атрымала славутага ўрача.

Збігнеў Рэліга нарадзіўся ў 1938 годзе ў адной з вёсак, размешчаных недалёка ад Варшавы. Сярэднюю школу ён закончыў у польскай сталіцы, пазней паступіў у Варшаўскі медыцынскі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога працаваў у варшаўскіх шпіталях. У першай палове 1970-х гадоў прайшоў стажыроўку ў ЗША, у 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1980-м – доктарскую. У 1984 годзе пераехаў у горад Забжэ ў Сілезіі, дзе ўзначаліў Кафедру і клініку кардыяхірургіі мясцовага медыцынскага ўніверсітэта. Менавіта там 5 лістапада 1985 году група медыкаў пад яго кіраўніцтвам правяла першую ў Польшчы перасадку сэрца.

У сярэдзіне 1980-х гадоў перасадка сэрца патрабавала ад лекараў не толькі прафесіяналізму, але і адвагі, таму што смяротнасць падчас такіх аперацый складала 50%. Дарэчы, у камандзе ўрачоў і медсёстраў, якія праводзілі аперацыю, толькі Рэліга раней меў практычны досвед, атрыманы падчас замежных стажыровак. Астатнія ж медыкі былі выключна тэарэтыкамі ў гэтай галіне. Пацыентам, якому было перасаджанае сэрца загінулага маладога мужчыны, быў 62-гадовы мужчына, які, аднак, памёр праз два месяцы ў выніку сепсіса. Але, нягледзячы на гэта, аперацыя стала пераломам, і ўжо неўзабаве перасадкі сэрца сталі паўсядзённасцю польскай медыцыны. На адной з такіх аперацый быў журналіст Польскага радыё.

- Аперацыйная зала цэнтра кардыяхірургіі ў Забжэ. Вечар, панядзелак. Праз двое сутак пасля 12-й перасадкі сэрца лекары ў Забжэ прыступілі да чарговай аперацыі. Донарам стаў 29-гадовы мужчына, які загінуў у аўтааварыі ў горадзе Пулавы. Калі дацэнт Збігнеў Рэліга браў сэрца ў пацыента, які ўжо не жыў, 36-гадовы мужчына, якому мелі перасадзіць орган, знаходзіўся дома ў адной з вёсак цэнтральнай Польшчы. Больш за тры месяцы ён быў пацыентам Збігнева Рэлігі, у яго быў дыягназ гіпертрафічная кардыяміяпатыя. Адзіным паратункам для гэтага мужчыны было здаровае сэрца. А 19:30 медыкі ў Забжэ пачалі аперацыю.

Пра прафесара Рэлігу мы ўжо расказвалі ў нашым эфіры, але дазвольце нагадаць некаторыя старонкі яго біяграфіі.

Прафесар Збігнеў Рэліга быў не толькі лекарам, але і дэпутатам Сейма Польшчы й міністрам аховы здароўя ў 2005-2006 гадах. У 2005 годзе кандыдаваў на пасаду прэзідэнта краіны.

Прафесар Рэліга, нягледзячы на тое, што быў лекарам-кардыяхірургам, цягам многіх гадоў курыў цыгарэты. Ён таксама публічна прызнаўся, што меў праблемы з алкагольнай залежнасцю, якую ўдалося перамагчы. У 2007 годзе таксама публічна заявіў, што ў яго дыягназаваная анкалагічная пухліна левага лёгкага. Нягледзячы на хуткае лячэнне, хвароба дала метастазы. Агулам прафесар Рэліга перанёс чатыры аперацыі й доўгі цыкл хіміятэрапіі, аднак лячэнне канчаткова не прынесла вынікаў. Памёр Збігнеў Рэліга 8 сакавіка 2009 году. Перад самай смерцю ён перасцярог перад курэннем тытуню, зазначыўшы, што яго хвароба – гэта вынік шматгадовага курэння цыгарэт.

Прафесар Рэліга быў сціплым і шчырым чалавекам, ён не меў ніякіх таямніц. У прыватнасці, ён адкрыта заяўляў, што з'яўляецца атэістам. Дарэчы, яго сын Гжэгаж пайшоў па слядах бацькі й таксама стаў вядомым кардыяхірургам.

А ў 2014 годзе на шырокія экраны выйшаў польскі мастацкі фільм «Богі», у якім апавядаецца жыццёвы й прафесійны шлях прафесара Рэлігі. Кінакарціна была вельмі пазітыўна ўспрынятая гледачамі й кінакрытыкамі й атрымала галоўную ўзнагароду на фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні.

Прафесар Збігнеў Рэліга – лаўрэат шматлікіх прэмій і дзяржаўных узнагарод. У 1998 годзе прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі ўзнагародзіў вядомага лекара Вялікім крыжам Ордэна адраджэння Польшчы – другой паводле старшынства польскай дзяржаўнай узнагародай. А ў 2008 годзе прэзідэнт Лех Качыньскі ўзнагародзіў прафесара Рэлігу Ордэнам Белага Арла – найвышэйшай узнагародай Рэспублікі Польшча.

Валеры Саўко

на фота: прафесар Збігнеў Рэліга, кастрычнік 1985 года 

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу