Беларуская Служба

63 гады таму ў Польшчы пачалі выпускаць легендарны аўтамабіль Syrena (ВІДЭА)

21.03.2020 09:03
У 1975 годзе з’явілася нават люксавая версія машыны пад назвай Syrena Sport, якая прымала ўдзел у гонках Монтэ-Карла.
Аўдыё
  • 20 сакавіка 1957 года ўпершыню з заводскага канвеера сышла машына з сімпатычнай назвай Syrena
 Syrena  1960
Аўтамабіль Syrena з 1960 Carvosh/commons.wikimedia.org/CC BY-SA 4.0

63 гады таму ў Польшчы пачалі выпускаць аўтамабіль, які хутка стаў легендай. 20 сакавіка 1957 года ўпершыню з заводскага канвеера сышла машына з сімпатычнай назвай Syrena.

На пачатку дазвольце патлумачыць, чаму аўтамабіль называецца «Сырэна» (Syrena). Справа ў тым, што сімвалам Варшавы з’яўляецца русалка, якая ў адной руцэ трымае меч, а ў другой – шчыт. І імя гэтай русалкі – Сырэна. Часта ў Польшчы варшаўскі сімвал называюць ўмяншальнай формай Сырэнка. І вось, ад імя русалкі назву атрымаў аўтамабіль. Дарэчы, аўто таксама нярэдка называюць ўмяншальнай формай.

Пра гісторыю першага польскага аўтамабіля ўласнай канструкцыі расказвае Ежы Ясюк, былы дырэктар варшаўскага Музея тэхнікі. Архіўны запіс Польскага радыё з 2012 года.

- Стварэнне гэтага аўтамабіля стала вынікам мараў палякаў пра сваё ўласнае аўто, распрацаванае з нуля ў Польшчы. Гэтыя мары з’явіліся яшчэ да вайны, але іх тады не ўдалося рэалізаваць. У 1950-я гады група інжынераў на чале з Каралям Піянерам запрапанавала ўладам распрацоўку малалітражнага аўтамабіля ўласнай канструкцыі, спрабуючы такім чынам зламаць манаполію аўто М-20 Warszawa, якое выпускалася па савецкай ліцэнзіі – гэта быў вядомы аўтамабіль «Победа». Новы аўтамабіль назвалі Syrena і пачалі вырабляць на Варшаўскай фабрыцы легкавых аўтамабіляў пры выкарыстанні некаторых элементаў машыны М-20 Warszawa, што было прадыктавана эканамічнымі аспектамі.

Працу па распрацоўцы пачалі ў 1953 годзе, працягвалі ў 1954-м, і ў канцы года былі пабудаваныя два рабочыя прататыпы, а пазней, на пачатку 1955 года, былі створаныя пяць сапраўдных прататыпаў, якія накіравалі на выпрабаванні.

Максімальная хуткасць аўтамабіля Syrena складала 100 км/г. На 100 км машына спальвала ў сярэдні 8 літраў бензіна. Дарэчы, адзін з прататыпаў захаваўся па сённяшні дзень і знаходзіцца ў Музеі тэхнікі.

Аўтамабіль выпускаўся з 1957 да 1972 года ў Варшаве, а з 1972-га – на Фабрыцы малалітражных аўтамабіляў у горадзе Бельска-Бяла. Закончылася прадукцыя ў 1983 годзе. Агулам было выпушчана 521 311 машын.

Рухавікі польскай вытворчасці былі розныя – іх аб’ём складаў ад 746 см3 да 992 см3, а моц – ад 27 да 45 конскіх сіл. Матор знаходзіўся спераду аўтамабіля, машына мела пярэдні прывад. Скрыня пасуванняў – чатырохступенная.

Вельмі хутка машыны Syrena сталі сімвалам польскага аўтамабілебудавання. Дарэчы, у першы год вытворчасці (1957) было выпушчана толькі 200 штук. Syrena была самым папулярным аўто ажно да з’яўлення аўтамабіля Polski Fiat 125p. Цягам вытворчасці былі выпушчаныя розныя версіі, у тым ліку пікап і мінівэн. У 1975 годзе з’явілася нават люксавая версія машыны пад назвай Syrena Sport, якая прымала ўдзел у гонках Монтэ-Карла, але беспаспяхова.

У 1958 годзе, на пачатку вытворчасці, Syrena каштавала 72 тыс. злотых – у два разы менш чым М-20 Warszawa. Сярэдняя зарплата ў Польшчы тады складала 1348 злотых.

Валеры Саўко

сюжэт падрыхтаваны на аснове архіўных матэрыялаў Польскага радыё

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу