Беларуская Служба

Кулінарная рубрыка: галоўная страва - праванскія катлеты, а на дэсерт - пірог «Зебра» (ВІДЭА)

24.03.2020 18:25
Сёння ў кулінарнай рубрыцы прыгатуем страву з выкарыстаннем вельмі папулярнай у Польшчы прыправы, а на дэсерт зробім пірог, які любяць палякі.
Аўдыё
  • Кулінарная рубрыка: галоўная страва - праванскія катлеты, а на дэсерт - пірог «Зебра»
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Zu Kamilov

І так, сённяшняе меню – гэта праванскія катлеты і пірог «Зебра».

У Польшчы ёсць вельмі папулярная прыправа – праванскія травы (zioła prowansalskie). У яе склад, у прыватнасці, уваходзяць арэгана, чабор, размарын, базілік, маяран і сатурэя. У традыцыйную сумесь траў з Праванса дадаецца таксама шалфей, мята ды лаванда. Гэта вельмі водарная прыправа, якая сапраўды пахне французскім сонечным Правансам. Дарэчы, наколькі я ведаю, у Беларусі праванскія травы таксама маюць сваіх аматараў і гэтую сумесь можна купіць у крамах.

І так, для таго, каб прыгатаваць праванскія катлеты, нам спатрэбіцца 500 г змешанага свінога і ялавічынага фаршу, 1 цыбуля, 2 зубчыкі часнаку, 6 парэзаных сушаных памідораў, 2 яйкі, 3 лыжкі сухароў, алей для самажання, 2 лыжкі масла, 1-2 гарбатныя лыжкі праванскіх траваў, мелены чорны перац, салодкая папрыка, соль.

Цыбулю рэжам кубікамі, часнок дробна сячом нажом і разам смажым на масле. У місцы змешваем фарш, падсмажаныя і астуджаныя часнок і цыбулю, яйкі, сушаныя памідоры, прыправы і вымяшаць у аднародную масу. Калі наш фарш акажацца рэдкі, то дадаем сухары для загусцення. Ну, а пазней робім катлеты ды смажым на алеі на залаты колер.

З чым падаваць, паважаныя радыёслухачы, гэта пытанне густу. Але мне здаецца, што да катлет вельмі пасуе бяльбяное пюрэ, зробленае з дадаткам масла і смятанкі, і салат з памідораў ды агуркоў з соусам вінегрэт. І калі вы зробіце вось гэтыя катлеты, то несумненна ў вашым доме адчуецца Праванс.

А вось пасля галоўнай стравы – час на дэсерт. І сёння прыгатуем вельмі папулярны ў Польшчы пірог, які называецца «Зебра». Для гэтага нам спатрэбіцца 2,5 шклянкі мукі, 3-4 яйкі, 1 шклянка цукру, 1 шклянка алею (павінен быць нейтральны алей, без паху), 1 шклянка газаванага напітку (тыпу «Бураціна», «Крэм-сода» альбо іншага), 2,5 гарбатныя лыжачкі разрыхляльніка, 2 сталовыя лыжкі какавы, крыху масла, сухары, ванільны цукар альбо ванільны водар.

І так, замешваем цеста з мукі, яек, цукру, алею і ванільнага паху, памятаючы пра тое, каб разрыхляльнік пагасіць напіткам. Пазней цеста дзелім на дзве часткі. У адну частку дадаем 2 лыжкі какавы, а ў другую – дадаткова 2 лыжкі мукі.

Форму дыяметрам прыкладна ў 25-26 см намазваем маслам і пасыпаем сухарамі. У цэнтр формы ліем тры лыжкі белага цеста, а пазней – тры какававага, і так папераменна, ажно цеста закончыцца. Пячом прыкладна гадзіну ў тэмпературы 180 градусаў. Ці наш пірог гатовы, правяраем сухой драўлянай зубачысткай.

Я аднойчы спёк і прынёс «Зебру» на радыё пачаставаць калегаў, і журналістам Беларускай службы яна вельмі сападабалася! Зрабіце вы, і я ўнэўнены, што вам таксама спадабаецца!

«Зебра» пасуе з кавай і гарбатай, а найлепш – з малаком альбо какавай!

Смачна есці!

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец