Беларуская Служба

Польская кухня: гатуем лянівыя варэнікі з тварагом (РЭЦЭПТ)

21.04.2020 21:55
Падаем варэнікі са смятанай, натуральным ёгуртам, узбітымі вяршкамі, можам пасыпаць невялікай колькасць карыцы. 
Лянівыя варэнікі з тварагомscreen/youtube

Сёння ў кулінарнай рубрыцы прыгатуем вельмі папулярную ў Польшчы страву. Прычым гэта можа быць як асобная другая страва, гэтак і сытны дэсерт. Сёння, сябры, раскажам вам, як прыгатаваць польскія лянівыя варэнікі з тварагом.

Па-польску гэтая страва называецца pierogi leniwe. На польскай мове слова pierogi не азначае беларускае «пірагі»: па-польску pierogi – гэта «варэнікі». Зразумела, пераклад нельга назваць самым дакладным, таму што існуе розніца паміж польскімі «перогамі» і беларускімі варэнікамі. Але каб аблягчыць справу, буду гаварыць лянівыя варэнікі.

І так, для таго, каб прыгатаваць гэтую страву, нам трэба ўзяць 500 г тлустага альбо паўтлустага тварагу, тры яйкі, соль па смаку, адну шклянку пшанічнай мукі, ванільны цукар альбо ванільны водар, крыху цукру па смаку. Некаторыя кухары альбо гаспадары/гаспадыні дадаюць карыцу.

І так, жаўткі аддзяляем ад бялкоў. Тварог расціраем з жаўткамі, цукрам і ванільным цукрам. Бялкі з дробкай солі ўзбіваем на вельмі густую пену. Пасля гэтага павольна спалучаем тварог з жаўткамі і цукрам ды ўзбітымі бялкамі. І цяпер дадаем прасеяную праз сіта муку.

А ведаеце, сябры, навошта муку рэкамендуецца прасейваць у выпадку многіх страў, і перш за ўсё выпечкі? А таму, што праходзячы праз сіта, дзякуючы паветру мука становіцца больш пушыстай, і наш канцавы прадукт таксама будзе пушыстым і больш лёгкім.

І так, робім далей варэнікі... Калі цеста будзе клеіцца, не трэба баяцца дасыпаць больш мукі. Цеста павінна па кансістэнцыі нагадваць амаль што пластылін. Але з іншага боку, з мукой нельга перабаршчыць, як гэта гаворыцца, таму што нашы варэнікі будуць цвёрдымі.

Пасля гэтага цеста дзелім на дзве часткі і з кожнай з частак фармуем два валікі таўшчынёю са тры сантыметры. Злёгку прыплюшчваем валік, напрыклад, дошчачкай. Наўскасяк рэжам валік нажом, каб атрымаліся свайго роду ромбікі даўжынёй пяць-шэсць сантыметраў. Зразумела, што для таго, каб цеста не клеілася пры развалкоўванні, стол альбо сталешніцу трэба пасыпаць мукой. Гатовыя варэнікі варым у лёгка падсоленай вадзе. Яны гатовыя, калі ўсплывуць на паверхню. Падаем са смятанай, натуральным ёгуртам, узбітымі вяршкамі, можам пасыпаць невялікай колькасць карыцы (калі не дадавалі ў цеста).

У Польшчы лянівыя варэнікі падаюцца на талерцы, пасыпаныя цукрам. Зразумела, у дадзеным выпадку цукар у цеста не дадаецца, таму што нашая страва выйшла б надта ж салодкая.

Акрамя таго, у Польшчы існуе іншы спосаб падачы не толькі лянівых варэнікаў, але і іншых страў, напрыклад, гатаванай у падсоленай вадзе гародніны, для прыкладу, цвятной капусты альбо капусты брокалі. А менавіта, на патэльні топіцца масла, і калі яно добра разагрэецца, на ім падсмажваецца некалькі сталовых лыжак сухароў. Смажым сухары да залацістага колеру і такой сумессю паліваем нашы варэнікі альбо агародніну. Палякі гэта проста абажаюць! Па-польску гэта называецца bułka tarta z masłem.

Лянівыя варэнікі можна таксама прыгатаваць інакш, а менавіта, падсмажыць на патэльні на масле. Смажыць лепш пад накрыўкай на малым агні, каб яны маглі добра прапячыся ўнутры. Ну, і абавязковая рэч: проста неабходна, каб варэнікі добра падрумяніліся! У гэтым выпадку найлепш іх падаваць з натуральным ёгуртам альбо смятанаю.

Дарэчы, лянівыя варэнікі можна таксама замарозіць.

Смачна есці!

Валеры Саўко

на відэа: прыклад прыгатавання лянівых варэнікаў


Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец