Беларуская Служба

На радыйнай кухні: гатуем селядзец па-скандынаўску (ФОТА+РЭЦЭПТ)

29.04.2020 09:02
Сёння, сябры, у кулінарнай рубрыцы прыгатуем сялёдку па-шведску і па-дацку.
 -
Селядзец па-дацку.

Сёння ў нашым кулінарным падарожжы, паважаныя радыёслухачы, накіруемся на Балтыку. Як у Польшчы, так і ў Беларусі найбольш папулярным спосабам падачы сялёдкі з'яўляецца селядзец у алеі з цыбуляй. Зразумела, гэта вельмі смачная страва! Але ёсць тысячы іншых спосабаў прыгатаваць гэтую папулярную рыбіну! І сёння пра два з іх мы раскажам у кулінарнай рубрыцы.

Сёння, сябры, у кулінарнай рубрыцы прыгатуем сялёдку па-шведску і па-дацку. А ідэя зрабіць менавіта сялёдку па-скандынаўску прыйшла да мяне выпадкова разам з успамінамі. У 2002 годзе я быў на саміце Еўрасаюза, які праходзіў у Капенгагене, на якім Польшчу прымалі ў еўрасупольнасць. Акрамя працы на сустрэчы ў вярхах у якасці журналіста, польскія дыпламаты арганізавалі для прэсы сустрэчу з мясцовымі палякамі. І памятаю польку, якая дзясяткі гадоў жыла ў Даніі, і якая расказвала, што сумуе па польскай сялёдцы ў алеі і з цыбуляй! Бо, як яна гаварыла, такой у Даніі звычайна няма. Памятаю, запытаў у яе, а якая ёсць у Даніі? З разынкамі, адказала жанчына.


Сялёдка па-дацку Сялёдка па-дацку

І вось, амаль праз 18 гадоў я прыпомніў гэтую гісторыю і вырашыў знайсці рэцэпт. І знайшоў! Больш за тое – зрабіў страву. І аказалася, што гэта – проста смаката! З радасцю падзялюся з вамі! І так, што нам трэба, каб зрабіць сялёдку па-дацку:

500 г філе сялёдкі
1 вялікая чырвоная цыбуля
2 вялікія звычайныя (белыя) цыбулі
паўшклянкі курагі
паўшклянкі разынак
1 шклянка перацёртых памідораў ва ўласным соку
сок з паўлімона
мелены перац
3 лыжкі алею

Калі філе вельмі салёныя, то яго трэбы вымачыць у халоднай вадзе цягам некалькіх гадзін. Пасля гэтага асушваем сялёдку, напрыклад, папяровымі ручнікамі, і рэжам на кавалкі шырынёй 2-3 см. Разынкі і курагу прамываем і заліваем кіпенем. Пакідаем на 20 хвілін, каб сталі мяккімі.
Цыбулю рэжам колцамі і смажым на алеі. Не дапускаем, каб цыбуля памяняла колер на румяны. Пасля гэтага дадаем памідоры, разынкі і курагу, лімонны сок і перац. Гатуем прыкладна 2 хвіліны. Выключаем агонь і даем нашаму соўсу астыць. Пасля гэтага ў кантэйнер альбо слоік кладзём папераменна слой сялёдкі і слой соўса. Ставім у халадзільнік. Нашую страву можа спажываць літаральна праз некалькі гадзін! Смачна есці!


Сялёдка па-шведску Сялёдка па-шведску

А цяпер – сялёдка па-шведску. Дарэчы, такую сялёдку можна купіць у прадуктовым аддзеле вядомай шведскай гандлёвай сетцы па продажы мэблі і тавараў для дома. Страва мае салодка-кіслы смак, вельмі пахне і прыгожа выглядае!
І так, нам трэба падрыхтаваць:

4 вялікія філе селядца
200 мл вады
150 мл 5-працэнтнага воцату (калі воцат 10-працэнтны, то яго трэба развесці з вадой у прапорцыі 50/50)
70 г цукру
1 вялікая чырвоная цыбуля
1 сярэдняя маркоўка
1 лыжачка ад гарбаты каляровага перцу
10 гарошын духмянага перцу
10 гарошын ядлоўцу
4 лаўровыя лісткі

Калі селядзец надта салёны, яго трэба вымачыць у халоднай вадзе некалькі гадзін. Пасля гэтага яго асушваем і рэжам на кавалкі даўжынёй прыкладна 3 см. Цыбулю рэжам на паўкольцы, маркоўку – тонкімі кружкамі. Перац, ядловец і духмяны перац расціраем у ступе на буйны памол.
Ваду змешваем з воцатам, засыпаем прыправы і лаўровае лісце. Даводзім да кіпення пад крышкай. Пасля гэтага дадаем цукар і даем яму распусціцца. Дадаем цыбулю і маркоўку і літаральна адразу ж выключаем.


. .

Пасля таго, як наш расол астыне, у слоік кладзём папераменна сялёдку і цыбулю з маркоўкай. Пасля заліваем змесціва расолам. Сялёдка па-шведску гатовая для спажывання праз некалькі гадзін!

Смачна есці!

Валеры Саўко

фота аўтара


Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец