Беларуская Служба

80 гадоў таму саюзнікі адбілі ў немцаў стратэгічны нарвежскі порт

29.05.2020 07:58
З польскага боку ўдзел у ваенных дзеяннях прымала Асобная брыгада падгалянскіх стральцоў. 
Аўдыё
  • 80 гадоў таму саюзнікі адбілі ў немцаў стратэгічны нарвежскі порт
  27  28  1940         .            .  :
Ноччу з 27 на 28 мая 1940 года кааліцыйныя антынямецкія сілы адбілі стратэгічны нарвежскі порт Нарвік. З польскага боку ўдзел у ваенных дзеяннях прымала Асобная брыгада падгалянскіх стральцоў. На фота: польскія салдаты пад Нарвікамcommons.wikimedia.org/public domain

Ноччу з 27 на 28 мая 1940 года кааліцыйныя антынямецкія сілы з удзелам палякаў адбілі стратэгічны нарвежскі порт Нарвік. Гэта была першая перамога саюзнікаў у вайне з Трэцім Рэйхам.

Адбіццё порта з рук немцаў – гэта частка баявой кампаніі, якая ў гістарыяграфіі называецца Бітвай каля Нарвіку. Адбывалася яна з 9 красавіка па 8 чэрвеня 1940 года. Гэта была серыя бітваў паміж нямецкімі войскамі і флотам з аднаго боку і кааліцыйнымі сіламі Англіі, Францыі, Нарвегіі, Польшчы і іншых краін – з другога. Бітва была часткай Нарвежскай кампаніі – першага этапу актыўных баявых дзеянняў Другой сусветнай вайны ў Еўропе.

Бітву можна падзяліць на марскую фазу, якая прайшла ў акваторыі «Нарвік фіёрда», і наземную частку, дзе баі ішлі ў ваколіцах горада Нарвік і прылеглым да яго Нарвежскім скальным масіве.

З польскага боку ўдзел у ваенных дзеяннях прымала Асобная брыгада падгалянскіх стральцоў. Ваеннае фарміраванне было створанае ў студзені 1940 года ў Францыі пасля эвакуацыі з Польшчы ваенных частак, а таксама з польскіх эмігрантаў, якія жылі ў Францыі. Канчаткова брыгада налічвала 4 778 чалавек: у ёй служылі 182 афіцэры, 45 малодшых афіцэраў, 742 харужыя (прапаршчыкі паводле беларускай наменклатуры – рэд.) і 3 809 салдат. Камандаваў падраздзяленнем брыгадны генерал Зыгмунт Богуш-Шышка. А прыметнік «падгалянская» – ад назвы Падгалле – так называецца горны рэгіён на поўдні Польшчы.

9 красавіка 1940 года Гітлер напаў на Данію і Нарвегію. Данія была занятая на працягу дня. Адной з мэтаў ваеннай аперацыі было заняцце порта ў Нарвіку – да яго даходзіла чыгуначная лінія са Швецыі, па якой у Германію пастаўлялася залежная руда з пагрузкай на судны менавіта ў порце. У адрозненні ад Даніі, Нарвегія пачала змагацца. Каб не аддаць у рукі Гітлера стратэгічнага порту, саюзнікі вырашылі кінуць войскі на дапамогу Нарвегіі.

У паўночных водах з 9 да 14 красавіка адбывалася рэгулярная марская бітва, у выніку якой нямецкі флот, скіраваны ў Нарвегію, быў разбіты. У бітве таксама ўдзельнічалі польскія эскадраныя мінаносцы ORP Błyskawica, ORP Burza i ORP Grom.

У сваю чаргу 14 красавіка пачалася высадка сухапутных падраздзяленняў, якія адразу ж уступілі ў баі з нямецкімі захопнікамі. Ваенныя дзеянні вяліся ў цяжкім горным раёне. Дарэчы, бітва пад Нарвікам была характэрнай, таму што ў ёй прымалі ўдзел усе роды войск: авіяцыя, наводны і падводны флот, пяхота.

Польская брыгада складала 30% агулу сіл саюзнікаў. Пасля бітвы палякі апошнімі пакінулі нарвежскую зямлю, таму што прыкрывалі пасадку войск хаўруснікаў на судны. Брыгада вярнулася ў Францыю, дзе і была расфармаваная. Частка салдат і афіцэраў перабралася ў Вялікабрытанію і пазней змагалася на ваенных франтах супраць Германіі. Іншая частка палякаў пасля нападзення Гітлера на Францыю далучылася на французскага руху супраціву.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу