Сёння, сябры, у кулінарнай рубрыцы прыгатуем адносна простую, але пры гэтым вельмі смачную традыцыйную польскую страву. Яна практычна даступная ў кожным бары і сталоўцы ў Польшчы. І так, галоўны герой рубрыкі – варэнікі з тварагом.
Прычым гэта можа быць як асобная другая страва, гэтак і сытны дэсерт. Сёння, сябры, раскажам вам, як прыгатаваць польскія варэнікі з тварагом.
Па-польску гэтая страва называецца pierogi z serem. На польскай мове слова pierogi не азначае беларускае «пірагі»: па-польску pierogi – гэта «варэнікі». Зразумела, пераклад нельга назваць самым дакладным, таму што існуе розніца паміж польскімі «перогамі» і беларускімі варэнікамі. Але каб аблягчыць справу, буду гаварыць «варэнікі з тварагом». Па-польску тварог – гэта альбо twaróg, альбо ser, часам гаворыцца biały ser, у перакладзе азначае «сыр» і «белы сыр». Зразумела, маецца на ўвазе клінковы сыр, які вырабляецца з тварагу.
І так, каб вырабіць нашы варэнікі (прыкладна 50-60 штук), нам спатрэбіцца 500 грам тлустага альбо паўтлустага тварагу (тварог трэба вельмі добра расцерці, напрыклад, прапусціць праз мясарубку, каб ён быў мяккі і аксамітны), 1 жаўток, 3 лыжкі цукру, пакецік ванільнага цукру, 2 шклянкі пшанічнай мукі + мука для пасыпання сталешніцы, 1 яйка, ¾ шклянкі вады, 1 лыжка масла, 1 чайная лыжачка солі.
Тварог добра расціраем у місцы альбо прапускаем праз мясарубку, дадаем жаўток, цукар і ванільны цукар. Масу дакладна вымешваем.
У іншай місцы замешваем прасеяную муку, дадаем яйка, масла і соль. Пакрысе дадаем ваду і месім цеста. Яно павінна быць мяккім і гладкім, кансістэнцыя – як на варэнікі альбо пяльмені.
Цеста дзелім на дзве часткі і з кожнай з частак робім тонкі блін, з якога пры дапамозе шклянкі выразаем кружкі. Пасярод кладзем лыжачку нашай начынкі і лепім берагі. Гатуем у кіпені 3 хвіліны пасля ўсплыцця. Падаём са смятанай, натуральным альбо фруктовым ёгуртам, маслам, ягадамі альбо фруктамі, напрыклад, трускаўкамі. Карацей, з чым каму падабаецца, галоўнае, каб было смачна.
Некаторыя кухары робяць цеста без яйка, бо тады яно вельмі мяккае, а самі варэнікі пушыстыя.
Увогуле, Польшча – гэта краіна варэнікаў! Іх падаюць з тварагом, з мясам (прычым фарш робіцца з варанага мяса, перамеленага на машынцы), з грэчневай кашай, з бульбай і тварагом, са шпінатам і масай іншых смачных прадуктаў. І, што самае цікавае, усе варэнікі вельмі смачныя, а польскія гаспадыні – майстрыцы ў іх прыгатаванні.
Так што, сябры, прыгатуйце варэнікі з тварагом паводле нашага праверанага рэцэпту, і, як мне здаецца, не пашкадуеце.
Смачна есці!
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл