Пасля заканчэння рамонту парафія Усіх Святых у Варшаве запрашае наведаць гэтак званы ніжні касцёл, які месціцца ў цэнтры сталіцы на плошчы Гжыбоўскай (plac Grzybowski). Гэта важнае месца на гістарычнай мапе Варшавы.
Плошчa Гжыбоўская ў Варшаве. By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons. wikimedia.org/w/index.php?curid=81108099
Варшаўскі мітрапаліт кардынал Казімеж Ныч (Kazimierz Nycz) падкрэсліў, што пасля рамонту святыня стане месцам, адкрытым для вернікаў і культуры. Касцельныя ўлады спадзяюцца, што адрамантаваны будынак стане цэнтрам падтрымлівання добрых польска-габрэйскіх адносін.
Задача, якая зараз стаіць перад парафіяй, заключаецца ў тым, каб гэтыя прыгожыя памяшканні служылі не толькі рэлігійнай дзейнасці, але таксама культурнай і адукацыйнай. Гэта вельмі важнае для Варшавы месца. Касцёл Усіх святых павінен нагадваць пра трагічныя падзеі, якія адбываліся ў гэтым месцы падчас вайны. Нагадваю, гэта быў адзін з трох касцёлаў на тэрыторыі Варшаўскага гета і ён выканаў вялікую ролю ў ратаванні габрэяў.
Касцёл Усіх Святых у Варшаве . By Photo Gallery - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons. wikimedia.org/w/index.php?curid=16488518
Віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны прафесар Пётр Глінскі (Piotr Gliński) падкрэсліў, што інвестыцыя была рэалізаваная дзякуючы Міністэрству культуры і сродкам, атрыманым ад Еўрасаюза:
Гэта доказ таго, як можна эфектыўна выкарыстаць грошы. Гэта цудоўныя адрамантаваныя памяшканні – 2 тысячы квадратных метраў. Яны будуць выкарыстоўвацца ў розных мэтах: адукацыйных, культурных, а таксама рэлігійных. Спадзяюся, што тут будуць адбывацца культурна-адукацыйныя мерапрыемствы для ўсіх жыхароў Варшавы.
Касцёл Усіх Святых у Варшаве. By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons .wikimedia.org/w/index.php?curid=21279675
Пробашч парафіі Усіх Святых ксёндз Пётр Валеньдзік (Piotr Waleńdzik) падкрэслівае, што ў ніжнім касцёле можна будзе скарыстацца некалькімі адукацыйнымі сцежкамі.
Гэта адукацыйны праект, які ахоплівае агульную гісторыю рaёну гораду. Гаворка ідзе пра гісторыю юрыдыкі Гжыбова, гісторыю касцёла, трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны, дзейнасць пробашча Гадлеўскага па ратаванні габрэяў, пасляваенны перыяд і трагічную постаць першага пробашча Зыгмунта Качыньскага (Zugmunt Kaczyński), арыштаванага і, хутчэй за ўсё, забітага ў турме службы бяспекі. Мы хочам паказваць агульную гісторыю раёну.
Завяршаюцца таксама рамонтныя работы ў гэтак званым верхнім касцёле. Агульны кошт аднаўлення святыні складае амаль 20 мільёнаў злотых.
Касцёл Усіх Святых у Варшаве. By Konrad Brandel - D. Jackiewicz, Fotografowie Warszawy. Konrad Brandel 1838–1920, Dom Spotkań z Historią i Muzeum Narodowe w Warszawie, Warszawa 2015, p. 55, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=50736254
Касцёл Усіх Святых з'яўляецца найбуйнейшай гістарычнай святыняй у Варшаве. Ён быў пабудаваны ў 1883 годзе паводле задумы Генрыка Марконі (Henryk Marconi) - польскага архітэктара італьянскага паходжання, аднаго з найвыдатнейшых і пладавітых польскіх архітэктараў першай паловы XIX стагоддзя. Марконі спраектаваў варшаўскі храм паводле ўзору рэнесанснага касцёла св. Юстыны ў Падуі.
У 1940-1942 гадах будынак касцёла апынуўся на тэрыторыі варшаўскага гета. Ён, між іншым, служыў хрысціянам габрэйскага паходжання, якіх утрымлівалі ў гета. Святары, якія працавалі ў парафіі, арганізоўвалі дапамогу прысуджаным на вынішчэнне габрэям.
Дарэчы, за гэтую дапамогу тагачасны пробашч парафіі ксёндз Марсэлі Гадлеўскі (Marceli Godlewski) атрымаў званне Праведніка народаў свету. У касцёле хаваўся, між іншым, Людвік Гіршфельд (Ludwik Hirszfeld) - польскі лекар і імунолаг, стваральнік польскай школы імуналогіі.
Святыня была знішчана падчас Другой сусветнай вайны - як падчас абарончых дзеянняў у верасні 1939 году, так і Варшаўскага паўстання 1944 году.
У выніку паветраных удараў і нямецкага артылерыйскага абстрэлу, сярод іншага, згарэў дах святыні, абваліліся столі, была разбураная ўсходняя вежа касцёла. Былі знішчаны ўсе творы мастацтва, у тым ліку большасць каштоўных эпітафій і карцін. Праца па рэканструкцыі святыні працягваецца ўжо больш за 70 гадоў.
8 чэрвеня 1987 году, падчас трэцяга паломніцтва ў Польшчу, у касцёле Усіх Святых Папа рымскі Ян Павел ІІ служыў імшу, якая ўрачыста адкрыла Другі Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс. Сярод сабраных вернікаў была, між іншым, Маці Тэрэза з Калькуты.
Касцёл Усіх Святых у Варшаве. By Nieznany/unknown - D. Kobielski, Warszawa na fotografiach z XIX wieku, Wydawnictwo Artystyczno-Graficzne, Warszawa 1970, s. 134, no ISBN, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=27610969
У 1993 годзе, з нагоды 15-й гадавіны пантыфікату Яна Паўла ІІ, на лесвіцы перад касцёлам быў адкрыты помнік Папу рымскаму, аўтарства італьянскага скульптара Джорджа Галетці (Giorgio Galletti).
У 2017 годзе Міжнародны фонд Рауля Валенберга(Raoul Wallenberg) прысудзіў касцёлу на плошчы Гжыбоўскай тытул „Дом жыцця”(House of Life).
аз