1 жніўня ў Польшчы адзначаць 76-ю гадавіну Варшаўскага паўстання. Гэта была найбуйнейшая збройная акцыя падполля ў акупаванай немцамі Еўропе. Паўстанне закончылася паразай і смерцю амаль 200 тыс. чалавек, і большасць гэта былі мірныя жыхары. Варшаўскае паўстанне – гэта таксама адна з найбольш трагічных падзей польскай гісторыі.
Нягледзячы на тое, што Варшаўскае паўстанне – гэта трагічная старонка польскай гісторыі, гэта адначасова важная дата ў гістарычным календары Польшчы.
У 1944 годзе камандаванне Арміі Краёвай і эміграцыйны ўрад Польшчы, які знаходзіўся ў Лондане, разлічвалі на тое, што паўстанне працягнецца некалькі дзён. У выніку яно зацягнулася на два месяцы. Урад і начальства АК разлічвалі вызваліць сталіцу з-пад нямецкай акупацыі і сустрэць Чырвоную Армію ў ролі гаспадароў Варшавы.
«1 жніўня стала доўгачаканым днём свабоды» – узгадваў праз дзясяткі гадоў удзельнік паўстання Збігнеў Сцібар-Рыльскі. Дарэчы, паўстанец памёр два гады таму ва ўзросце 101 года. Ён быў найстарэйшым удзельнікам паўстання ў званні генерала: Сцібар-Рыльскі быў брыгадным генералам (генерал-маёр паводле беларускай вайсковай наменклатуры – рэд.).
«Гэта была вялікая радасць, вялікая эйфарыя. Я памятаю, як пасля атрымання зброі мы з сябрамі ішлі па вуліцы. У нас былі аўтаматы, пісталеты. І ў першыя гадзіны мы сапраўды адчувалі сябе свабоднымі. Упершыню цягам некалькіх гадоў жыхары сталіцы змаглі адчуць сябе палякамі», – успамінаў генерал.
Паводле Сцібара-Рыльскага, у тыя гадзіны Варшава і сапраўды была свабодная: паўсюль у вокнах і на балконах луналі польскія бела-чырвоныя сцягі.
1 жніўня 1944 году пад зброю было пастаўлена каля 50 тыс. паўстанцаў. Але толькі кожны чацвёрты мог разлічваць на барацьбу са зброяй у руках. Пасля таго, як Рэйхсфюрэр СС Гайнрых Гімлер даведаўся пра пачатак паўстання, ён загадаў: «Кожнага жыхара сталіцы забіць! Забараняецца браць жывымі ў палон, Варшаву зраўняць з зямлёй. Няхай гэта стане прыкладам для ўсёй Еўропы».
Цягам 63 дзён паўстанцы вялі гераічныя баі з нямецкімі войскамі. Аднак кіраўніцтва падполля разумела бязвыхаднасць сітуацыі і падпісала 2 кастрычніка акт аб капітуляцыі паўстання.
Згодна з дамоўленасцямі, ад моманту спынення агню салдаты Арміі Краёвай атрымалі ўсе правы паводле Жэнеўскай канвенцыі з 1929 году аб абыходжанні з ваеннапалоннымі.
У барацьбе з гітлераўскімі акупантамі паўстанцам дапамагалі саюзнікі, якія скідвалі боепрыпасы, лекі і прадукты харчавання з самалётаў. Вялікая заслуга ў гэтым брытанцаў і амерыканцаў, але дапамогу скідваў таксама Савецкі Саюз. Дарэчы, адным з экспанатаў Музею Варшаўскага паўстання, які рэкамендуем наведаць, будучы ў польскай сталіцы, з'яўляецца брытанскі самалёт «Лібератар», з якога скідвалі грузы над Варшавай.
Варшаўскае паўстанне – гэта не толькі геройскі ўчынак, але і вялікая трагедыя. Настолькі вялікая, што і ў той час, і цяпер зʼяўляецца пытанне пра мэтазгоднасць збройнага чыну.
Калі паўстанне моцна крывавіла на левым беразе Віслы, на правым стаяла Чырвоная Армія. Большасць гісторыкаў сцвярджае, што Сталін хацеў задушыць збройны чын, і таму не аддаў загаду дапамагчы паўстанцам. Аднак ёсць гісторыкі, у тым ліку і польскія, якія прытрымліваюцца меркавання, што Чырвоная Армія была знясіленая доўгім маршам і баямі з гітлераўцамі, таму ёй была патрэбная перадышка, папаўненне сіл і перагрупаванне.
Спробу дапамагчы паўстанцам прадпрынялі салдаты 3-й пяхотнай дывізіі імя Рамуальда Траўгута, якія стаялі на правым беразе Віслы, дайшоўшы ў сталіцу поруч з Чырвонай Арміяй. У верасні яны пераправіліся праз Віслу і ўступілі ў баі з гітлераўцамі. Баі працягваліся з 16 да 23 верасня. З 1254 салдат і афіцэраў, якія пераправіліся праз раку, загінула альбо прапала без вестак 961 чалавек. Назад на правы бераг вярнулася толькі 293 салдаты, у тым ліку 52 параненыя.
У Варшаве на кожным кроку можна сустрэць памяць пра Варшаўскае паўстанне – пачынаючы ад помнікаў, і заканчваючы слядамі куль на фасадах даваенных будынкаў.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл