А сёння, паважаныя радыёслухачы, у кулінарнай рубрыцы падрыхтуем канфіцюр са слівы. Якраз цяпер – час збору ўраджаю слівы, а слівавы канфіцюр вельмі добра пасуе на доўгія асеннія і зімовыя вечары.
Але наш канфіцюр зробім нетыповы, а з нотай шакаладу. Так, так – ён даволі папулярны ў Польшчы і яго ў нас называюць «слівавай «Нутэлай». Найлепш для гэтага падыходзіць сліва гатунку венгерка. І так, нам трэба падрыхтаваць:
3 кг саспелых сліваў (вага без костак)
1 кг цукру (колькасць цукру можна рэгуляваць – я асабіста рабіў увогуле без цукру)
150 г якаснай цёмнай какавы
100 г якаснага цёмнага шакаладу
І так, слівы засыпаем цукрам у каструлі з тоўстым дном, даём пастаяць 15-30 хвілін. Калі яны пусцяць сок, ставім на агонь і гатуем 45 хвілін, час ад часу памешваючы. Пасля гэтага пры дапамозе блэндара міксуем на гладкую масу і зноў варым 40 хвілін. Памятаем пра тое, каб памешваць, бо наша маса можа прыгарэць.
Прыкладна за 5 хвілін да гатоўнасці дадаём какаву і шакалад. Дзякуючы какаве наша маса стане густой, таму трэба памятаць пра тое, каб часта мяшаць, бо ў іншым выпадку наш канфіцюр прыгарыць.
Гарачую масу кладзём у чыстыя ашпараныя слоікі і моцна закручваем.
Дарэчы, у якасці варыянту (і я гэта раблю) у нашу «слівавую «Нутэлу» можна дадаць апельсінавую цэдру, карыцу і ваніль. Можна таксама не прапускаць масу праз блэндар, тады ў канфіцюры будуць кавалачкі слівы. Але гэта – на аматара.
Смачна есці!
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл