Беларуская Служба

Каранавірус аказаўся больш жывучы, чым меркавалі раней

15.10.2020 13:15
Даўжэй за ўсё – 28 дзён - каранавірус заставаўся здольным перадацца далей на банкнотах і шкле, з якога зроблены экраны мабільных тэлефонаў.
Pandemia we Włoszech
Pandemia we WłoszechPAP/EPA/emanuele Valeri

Аўстралійскае даследаванне, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Virology Journal, паказала больш працяглы тэрмін жыцця віруса SARS-CoV-2, чым лічылася да гэтага часу, і нашмат даўжэй, чым вірусы грыпу тыпу А, якія могуць выжыць на працягу 17 дзён.

Эксперымент, праведзены навукоўцамі, заключаўся ў тым, што вірусныя малекулы былі змешчаны ў высушаную штучную слізь у кантраляваных умовах на розных паверхнях і пры тэмпературах 20, 30 і 40 градусаў.

Даўжэй за ўсё – на працягу 28 дзён – каранавірус заставаўся здольным перадацца далей на банкнотах і шкле, з якога зроблены экраны мабільных тэлефонаў, а таксама на нержавеючай сталі. Экспрерымент давёў, што доўгаму існаванню віруса спрыяюць гладкія паверхні і больш нізкія тэмпературы.

Навукоўцы адзначаюць, што эксперымент праводзіўся ў цемры, каб ліквідаваць уздзеянне ультрафіялетавага выпраменьвання, якое шкодзіць вірусу. Як адзначыў адзін з аўтараў даследавання Шэйн Рыдэл, гэта азначае, што ва ўмовах, больш блізкіх да натуральных, пры інтэнсіўным уздзеянні сонечнага святла вірус тэрмін актыўнасці віруса скарачаецца.

Дадзены эксперымент вымушае ў чарговы раз пераканацца ў эфектыўнасці мыцця рук і дэзынфекцыі паверхняў, на якіх можа знаходзіцца вірус.

PAP/эж

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка