Беларуская Служба

119 гадоў таму ў Варшаве адкрылі фешэнебельны гатэль «Брыстоль», які тады лічыўся цудам тэхнікі

27.11.2020 08:03
«Ліфт крыштальны, празрысты, з белымі рамкамі – нібы карэта з казкі, з мяккімі крэсламі».
Аўдыё
  • 119 гадоў таму ў Варшаве адкрылі фешэнебельны гатэль «Брыстоль», які тады лічыўся цудам тэхнікі
      .
Адзін са шматлікіх апартаментаў варшаўскага гатэля «Брыстоль». Сучасны від screen/YouTube/ Hotel Bristol, a Luxury Collection Hotel ,Warsaw

19 лістапада 1901 года ў Варшаве быў адкрыты гатэль «Брыстоль». Па сённяшні дзень згаданая гасцініца з’яўляецца адной з найлепшых і фешэнебельных у польскай сталіцы, а ў момант адкрыцця дык увогуле была цудам тэхнікі.

У канцы 19-га стагоддзя на месцы «Брыстоля» стаяў палац Тарнаўскіх. У 1895 годзе яго выкупіла бізнес-таварыства ў складзе трох чалавек. Адным з іх быў тады ўжо вядомы польскі кампазітар і піяніст, пазнейшы прэм’ер-міністр Польшчы і ўдзельнік Версальскай канферэнцыі Ігнацы Ян Падэрэўскі. Неўзабаве палац быў знесены, а на яго месцы пачалося будаўніцтва гасцініцы. Пры гэтым варта зазначыць, што паводле тагачасных меркаў узвядзенне гатэля адбылося даволі хутка – цягам двух гадоў.

Гэта была вялікая інвестыцыя, якая каштавала каля 2 млн рублёў. Каб параўнаць, колькі гэта, варта сказаць, што ў той час гарадскі бюджэт Варшавы складаў 4 млн рублёў! Дарэчы, перад будаўніцтвам была праведзеная адпаведная рэкламная і пі-ар кампаніі, кажучы сучаснай мовай. Для прыкладу, у друку быў аб’яўлены конкурс пад назвай «Чаму Брыстоль называецца Брыстолем?». «Хто адгадае – атрымае ў падарунак цэглу з новай гасцініцы, якую ў Варшаве будуе Падэрэўскі», – пісалі варшаўскія газеты.

Гасцініца будавалася пры выкарыстанні апошніх дасягненняў тэхнікі і тэхналогій: новыя сучасныя ліфты, новае ацяпленне, электрычнасць і гэтак далей. Шматлікія нумары, люксавыя ванныя пакоі, некалькі рэстаранаў, більярдная зала, а таксама пошта, цырульнік, фотаатэлье, шматлікія крамы, у тым ліку кветкавая.

«Ліфт крыштальны, празрысты, з белымі рамкамі – нібы карэта з казкі, з мяккімі крэсламі. Падымаецца плаўна, без штуршкоў, з хуткасцю 10 см на секунду. І забірае 8 чалавек», – з захапленнем пісаў варшаўскі друк. А рэстаран Malinowa (Малінавы) з самага пачатку стаў люксавым месцам! Дарэчы, ён і сёння з’яўляецца прэстыжным.

20 лістапада 1901 года, праз дзень пасля адкрыцця гасцініцы, газета «Варшаўскі кур’ер» апублікавала спіс першых гасцей «Брыстоля» і журналісцкі матэрыял з адкрыцця аб’екту. Гэты факт сведчыць пра тое, што пачатак працы гатэля быў для Варшавы сапраўды важнай гістарычнай падзеяй. І вось што напісала газета... Фрагмент архіўнай перадачы Польскага радыё, прысвечанай гісторыі «Брыстоля».

- Першым госцем у спісе пастаяльцаў быў журналіст і грамадскі дзеяч Ян Фіна-Фінкельхаўс. Зразумела, з жонкай. Спадарыня Эмілія Фіна-Фінкельхаўс у дарагім футры выйшла з брычкі. Стукаючы абцасамі па тратуары, яна накіравалася ў белы гатэль, пабудаваны ў неарэнесансным стылі. Бэл-бой падбег да брычкі і забраў чамаданы. Пры дзвярах ганаровых гасцей сустрэў першы дырэктар «Брыстоля», швейцарац Ёзэф Хэльблінг.
У «Брыстолі» заўсёды жыў вядомы оперны спявак Як Кепура, калі яму прыходзілася бываць у Варшаве.

На шчасце, падчас вайны гатэль не быў знішчаны і вельмі хутка пасля вызвалення Польшчы прыняў першых гасцей. У часы ПНР «Брыстоль» перш за ўсё быў разлічаны на абслугоўванне замежных турыстаў. У 1981 годзе гасцініца была закрытая, паколькі не ўдалося знайсці фірмы, якая б правяла дакладную гістарычную рэканструкцыю. Адкрылі «Брыстоль» пасля рамонту ў красавіку 1993 года. Прычым урачыста адкрыла прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр.

Цягам 100 гадоў у гасцініцы спыняліся многія вядомыя асобы: Гельмут Коль, Жак Шырак, Майкл Джэксан, The Rolling Stones і Мік Джагер і многія-многія іншыя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу