Сёння я запрашаю ў Бяшчадскі нацыянальны парк – трэці па велічыні нацыянальны парк у Польшчы і найбуйнейшы нацыянальны парк у польскіх горах.
Бяшчадскі нацыянальны парк - адзін з 23 нацыянальных паркаў у Польшчы, размешчаны ў Заходніх Бяшчадах. Ён быў створаны ў 1973 годзе. У 1992 годзе стаў часткай Міжнароднага біясфернага запаведніка „Усходнія Карпаты”.
Бяшчадскі нацыянальны парк ахоплівае паўднёва-ўсходнюю частку Падкарпацкага ваяводства. На яго тэрыторыі знаходзіцца самы паўднёвы пункт Польшчы, размешчаны на мяжы з Украінай, то бок вяршыня Апалонэк (1 028 метраў над узроўнем мора).
Бяшчадскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Плошча парку ў цяперашні час складае больш за 29 тысяч гектараў (больш за 292 квадратныя кіламетры). Яго буферная зона – гэта Ландшафтны Цісняньска-Вэтліньскі парк (Ciśniańsko-Wetliński Park Krajobrazowy) і Ландшафтны парк Даліны ракі Сан(Park Krajobrazowy Doliny Sanu).
Першыя планы стварэння нацыянальнага парку ў горах Бяшчады адносяцца да сярэдзіны 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. На момант свайго стварэння ў 1973 годзе парк ахопліваў масівы вяршынь: Тарніца, Кшэмень і Галіч, а таксама горныя часткі Царыньскай паланіны. Плошча парку павялічвалася ажно чатыры разы: у 1989, 1991, 1996 і 1999 гадах.
Завой - былая вёска у Бяшчадах. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1944–1947 гадах у рамках акцыі „Вісла” украінскае насельніцтва, якое пражывала на цяперашняй тэрыторыі Бяшчадскага нацыянальнага парку, было пераселенае. Тэрыторыі былых вёсак і паселішчаў пачалі зарастаць кустамі. Сфармаваны такім чынам ландшафт, напалову натуральны, а напалову выкліканы чалавечай дзейнасцю, называецца „рэгіёнам далін”.
Падчас вандровак па бяшчадскіх далінах да гэтага часу можна знайсці сляды былых паселішчаў - падмуркі вясковых збудаванняў і цэркваў, могілкі, прыдарожныя дрэвы і дзікія сады. Для захавання адкрытых тэрыторый у Бяшчадах праводзіцца рэгулярная касьба.
Запаведнік „Сінія Віры”. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
З мэтай эфектыўнай абароны прыроднага і культурнага багацця прыгранічных раёнаў Польшчы, Славакіі і Украіны ў 1992 годзе пад эгідай ЮНЕСКА быў створаны Міжнародны біясферны запаведнік „Усходнія Карпаты”. Ён ахоплівае тры нацыянальныя паркі: Бяшчадскі нацыянальны парк, Нацыянальны парк „Паланіны” ў Славакіі і Ужанскі нацыянальны парк ва Украіне. Запаведнік суседнічае з двума ландшафтнымі паркамі ў Польшчы і адным ва Украіне.
Царква ў Лапенцы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1998 годзе Бяшчадскі нацыянальны парк, як другая ахоўная зона ў Польшчы (пасля Белавежскага нацыянальнага парку), атрымаў еўрапейскі дыплом, які прысуджаецца Саветам Еўропы ў знак прызнання намаганняў, накіраваных на ахову ўнікальных на кантыненце прыродных каштоўнасцей.
Таксама большая частка Заходніх Бяшчад, у тым ліку Бяшчадскі нацыянальны парк, знаходзяцца пад аховай Еўрапейскай сеткі „Натура 2000”.
Царыньская паляніна. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бяшчадскі нацыянальны парк ахоўвае самыя высокія часткі польскіх Усходніх Карпат. Амаль 80% плошчы БНП займаюць шыракалістыя лясы, з якіх 15% лічацца першабытнымі ляснымі насаджэннямі.
Строга ахоўваемая зона займае амаль 70% плошчы парку. Гэта найбольш сярод усіх нацыянальных паркаў Польшчы. У Бяшчадскім нацыянальным парку можна сустрэць амаль усе нацыянальныя віды буйных драпежных млекакормячых, уключаючы мядзведзя, ваўка, рысь і ляснога ката. Дарэчы сімвалам парку з’яўляецца рысь. Сядзіба дырэкцыі Бяшчадскага нацыянальнага парку знаходзіцца ў гарадку Устшыкі-Гурнэ (Ustrzyki Górne).
Бяшчадскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю ў гарадку Устшыкі-Дольнэ (Ustrzyki Dolne) размяшчаецца Навукова-адукацыйны цэнтр і Музей прыроды Бяшчадскага нацыянальнага парку. У музеі знаходзіцца адна з найбуйнейшых калекцый прыродных экспанатаў у Польшчы.
Горы Бяшчады папулярныя сярод аматараў горных вандровак не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце. У Бяшчадскім нацыянальным парку на іх чакаюць дзясяткі турыстычных, прыродных і гістарычных сцежак.
Бяшчадскі нацыянальны парк. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта згадаць пра такія турыстычныя сцежкі, як: Букавае Бэрдо, Царыньская паляніна, Вэтліньская паланіна. Нязменнай папулярнасцю сярод турыстаў карыстаецца турыстычная база „Хатка Він-Пуха”, размешчаная на Вэтліньскай паланіне на вышыні 1 228 метраў над узроўнем мора.
Курортны гарадок Паляньчык. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Турысты ахвотна наведваюць таксама запаведнік „Сінія Віры” і навакольныя курортныя гарадкі са шматлікімі помнікамі архітэктуры.
Анна Задрожна