Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: гатуем варэнікі з капустай і грыбамі (РЭЦЭПТ)

15.12.2020 19:56
Варэнікі з капустай і грыбамі – гэта традыцыйная польская страва, без якой не можна ўявіць польскі традыцыйны калядны стол.
Аўдыё
  • Рэдакцыйная кухня: гатуем варэнікі з капустай і грыбамі
Варэнікі з капустай і грыбаміdaninwest/pixabay.com/free images for commercial use

Варэнікі з капустай і грыбамі – гэта традыцыйная польская страва, без якой не можна ўявіць польскі традыцыйны калядны стол. Для многіх гэта – найважнейшы элемент каляднага свята.

Цеста

4 шклянкі мукі
2 чайныя лыжкі солі
лыжка мяккага сметанковага масла
каля 2 шклянак цёплай вады

Начынка

0,5 кг сушаных грыбоў
1 кг квашанай капусты
соль і перац
3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею
3 цыбуліны, нарэзаныя кубікамі

1) Прамыйце грыбы, заліце іх кіпенем і дайце пастаяць не менш за 3 гадзіны, пажадана на ноч. Па заканчэнні гэтага часу варыце іх да мяккасці. Дадайце да капусты ваду і асобна адварыце.

2) Пасля адцадзіце капусту і грыбы, астудзіце іх і здрабніце на мясарубцы або дробна нарэжце.

3) Цыбулю абсмажце на патэльні на аліўкавым алеі і дадайце ў фарш. Запраўце соллю і перцам ды добра змяшайце.

4) Муку прасейце і зрабіце невялікую адтуліну, дадайце соль і сметанковае масла. Патроху, падліваючы цёплую ваду, замясіце цеста. Некаторыя рэцэпты рэкамендуюць дадаваць у цеста яйка – у гэтым выпадку атрымаецца крыху больш цвёрдае цеста.

5) Цеста пакіньце на паўгадзіны, затым падзяліце на часткі, раскатайце кожную таўшчынёй каля 2 міліметраў, прысыпаючы мукой, каб цеста не прыліпала да паверхні

6) Шклянкай выржце з цеста кругі. Пакладзіце па чайнай лыжцы фаршу на сярэдзіну кожнага, складзіце яго напалову і склейце край. Калі цеста не прыліпае, у цесце недастаткова вады. Можна зноў вымесіць або прамазаць край вадой, што палегчыць склейванне.

7) Пакладзіце варэнікі ў кіпячую падсоленую ваду і варыце каля 3 хвілін, пакуль яны не выплывуць на паверхню. Падавайце з растопленым сметанковым маслам або смажанай на алеі цыбуляй.

Пра тое, як зрабіць варэнікі, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец