У гістарычнай рубрыцы мы стараемся расказваць пра мала вядомыя старонкі польскай, беларускай і еўрапейскай гісторыі. І сённяшняя перадача з’яўляецца таго прыкладам. У студзені 1920 года пры значнай дапамозе Войска Польскага латышам удалося перамагчы бальшавікоў.
3 студзеня 1920 года аб’яднаныя польска-латвійскія сілы выцеснілі бальшавікоў з Дзвінска. Латвійская назва горада – Даўгаўпілс. Па-польску ж ужываецца іншая назва – Дынабург. Дзякуючы высілкам польскіх і латвійскіх салдат Латвіі ўдалося захаваць незалежнасць.
Бальшавіцкая канцэпцыя сусветнай рэвалюцыі прадбачыла пасля перамогі ў Расіі распаўсюджванне бальшавізму на краіны Захаду. Як Латвія, так і Польшча ляжалі на шляху рэвалюцыі. У 1919 годзе бальшавікі яшчэ не былі падрыхтаваныя да ваенных дзеянняў, а вось праз год адчулі, што сваю ідэалогію могуць несці далей, на захад Еўропы. І хоць чырвоная Расія ваявала на многіх франтах, у тым ліку з моцнымі сіламі адмірала Аляксандра Калчака за Уралам, то Ленін і яго акружэнні прынялі рашэнні ісці на Еўропу па «трупе Польшчы», як казаў Міхаіл Тухачэўскі.
Сітуацыя была тым больш няўпэўненай, што ўсходнія польскія межы не былі ўстаноўленыя міжнароднымі пагадненнямі. Больш за тое, там ішлі ваенныя дзеянні. У такой сітуацыі польскаму кіраўніцтву прыходзілася вырашаць геапалітычныя пытанні, гаворыць гісторык, прафесар Анджэй Новак.
- У 1920 годзе Польшча знаходзілася ў няпэўнай геапалітычнай, дыпламатычнай і мілітарнай сітуацыі, у пэўнай ступені таксама грамадскай. Грамадства было стомленае гадамі вайны ды акупацыі і хацела ўжо мірна жыць у адроджанай краіне. Аднак міжнародная сітуацыя была нестабільная, і маладая польская дзяржава знаходзілася пад пагрозай. З аднаго боку пагражала бальшавіцкая Расія, а з другога боку – Германія, якая хоць і панесла паразу ў Першай сусветнай вайне, то аднак надалей была пагрозай для Польшчы. І ў такой сітуацыі Юзэф Пілсудскі стараўся знайсці выхад са стратэгічнай праблемы, ведучы перамовы ў тым ліку з маладымі балтыйскімі краінамі, якія таксама адчувалі пагрозу: Латвіяй, Фінляндыяй і Эстоніяй.
На моцы пагаднення, заключанага паміж Рыгай і Варшавай, палякам удалося дапамагчы латышам захаваць незалежнасць. Пасля таго, як Латвія стала незалежнай дзяржавай у 1918 годзе, урад у Рызе кантраляваў толькі паўночную частку краіны. Рэгіён Латгалія з цэнтрам у Дзвінску знаходзіўся пад кантролем бальшавікоў, у сваю чаргу поўдзень – пад кантролем балтыйскіх немцаў і расійскіх белых сіл пад камандаваннем Паўла Берманта-Авалава. Іх мэтай было стварэнне расійска-нямецкай Заходняй Расіі. У такой сітуацыі кіраўніцтва Латвіі, якое ўзначальваў Карліс Улманіс, прыняло прапанову Пілсудскага аб дапамозе. Польска-латвійскія намаганні падтрымала Вялікабрытанія, і ўжо неўзабаве латвійскія атрады пры дапамозе брытанскага флота разграмілі армію генерала Берманта-Авалава. І хоць Войска Польскае не прымала ўдзелу ў аперацыі, то палітычная падтрымка Варшавы зблізіла абедзве краіны.
Polskie czołgi pod Dyneburgiem
30 снежня Латвія і Польшча падпісалі ваеннае пагадненне. Штабы дзвюх армій пачалі планаванне антыбальшавіцкай аперацыі, якая атрымала кодавую назву «Зіма». Польшча таксама мела нацыянальны інтарэс у перамозе латышоў, таму што ў Латгаліі пражывала немалая польская нацыянальная меншасць, і Варшава была зацікаўленая ў тым, каб рэгіён апынуўся ў складзе Латвіі, а не пад кантролем бальшавікоў.
Польска-латвійскімі сіламі камандаваў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы, які раней праявіў сябе ў барацьбе з бальшавікамі на Палессі. Аб’яднаныя сілы налічвалі 40 тыс. салдат і афіцэраў, з іх 30 тыс. складалі палякі. 3 студзеня польска-латвійская армія перайшла па лёдзе Дзвіну і рушыла на горад, вызваліўшы Дзвінск. Праз тыдзень уся Латгалія была свабодная ад бальшавікоў.
Дарэчы, латгальская аперацыя стала нараджэннем польскіх бронетанкавых войск: упершыню Войска Польскае выкарыстала ў баях 25 танкаў Renault FT-17. І хоць прымяненне танкаў аказала больш псіхалагічны эфект, чым мілітарны, то гэтая падзея стала важнай у гісторыі ўзброеных сіл Польшчы. Сучаснікі пісалі, што бальшавіцкія салдаты, убачыўшы ўпершыню жалезныя машыны, кідалі зброю і ўцякалі з поля бою.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
на галоўным фота: крэпасць у Дзвінску - сучасны выгляд; на фота ў тэксце: польскія танкі Renault FT-17 пад Дзвінскам