Мельшпейз – гэта салодкая запяканка, старадаўняя дэсертная страва тыпу суфле з памежных паўночных рэгіёнаў Польшчы, а таксама Літвы і Нямеччыны. Само слова мельшпейз паходзіць ад нямецкага mehl speise, што азначае мучную страву.
У добра вядомай старой кнізе «Літоўская кухарка» Вінцэнты Завадскай можна знайсці цэлы раздзел, прысвечаны мельшпейзу.
Мельшпейз з яблыкамі па рэцэпту «Літоўскай кухаркі»
2-3 нясвежыя белыя булачкі (можна ўзяць батон)
2 -3 яблыкі
2-3 сталовыя лыжкі цукру
цэдра, нацёртая з 1 лімону
1,5 – 2 шклянкі малака
2 яйкі
35 г сметанковага масла
Нарэжце хлеб і яблыкі тонкімі лустачкамі.
Сметанковым маслам змажце форму для выпечкі. Змяшайце яблыкі з цукрам і цэдрай лімону. Злёгку замачыце лустачкі хлеба ў малацэ (яны не павінны моцна размокнуць) і пакладзіце іх на дно формы для выпякання. Пакладзіце пласт яблыкаў на пласт хлеба, затым пакладзіце яшчэ адзін пласт хлеба, змочаны ў малацэ, зноў яблыкі і г. д. Зверху павінен быць пласт хлеба.
Разатрыце сметанковае масла з яйкамі, дадайце малако, якое засталося ад замочвання булачак, і павольна выліце атрыманую масу на запяканку, каб яна прайшла праз усе пласты хлеба.
Выпякайце пры тэмпературы 180 С каля 30 хвілін (пакуль верхні пласт не стане залацістым).
Трохі астудзіце і пасыпце цукровай пудрай. Падаваць можна з фруктовым сокам у гарачым альбо халодным выглядзе.
Замест яблыкаў можна выкарыстаць грушы, вішні, разынкі і нават гародніну, напрыклад, цёртую моркву.
Падрабязней пра тое, як зрабіць страву, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко.
слухайце аўдыёфайл