Беларуская Служба

Як вядомы даваенны польскі акцёр стаў калабарантам

12.03.2021 17:22
Бадай што найбольш вядомым польскім калабарантам быў вядомы акцёр, зорка даваеннага кіно Іга Сым (Igo Sym).
Аўдыё
  • Бадай што найбольш вядомым польскім калабарантам быў вядомы акцёр, зорка даваеннага кіно Іга Сым
Igo Sym w Berlinie w 1933 roku
Igo Sym w Berlinie w 1933 rokuNarodowe Archiwum Cyfrowe

Польшча – адна з нямногіх краін Еўропы, дзе падчас Другой сусветнай вайны не было масавай калабарацыі з акупантамі. Больш за тое, у Польшчы існавала Падпольная дзяржава з шырокай структурай, у тым ліку з уласным войскам, якім была Армія Краёвая. Аднак здараліся выпадкі калабарацыі сярод паасобных людзей, у тым ліку і вядомых. І сёння ў гістарычнай рубрыцы мы раскажам пра аднаго з іх.

Бадай што найбольш вядомым польскім калабарантам быў вядомы акцёр, зорка даваеннага кіно Іга Сым (Igo Sym). Ён іграў не толькі ў польскіх фільмах, але таксама ў нямецкіх і аўстрыйскіх, аднак найбольшую папулярнасць атрымаў менавіта ў Польшчы. Іга Сым быў сынам паляка і аўстрыйкі, нарадзіўся ў Інсбруку ў 1896 годзе.

Пасля школы закончыў Варшаўскі кінаінстытут, дэбютаваў у 1925 годзе ў нямым фільме «Вампіры Варшавы». Дзякуючы таму, што быў сімпатычным мужчынам, выконваў ролі элегантных спадароў, арыстакратаў і афіцэраў. Пасля першых крокаў у польскім кіно пачаў здымацца ў Аўстрыі і Германіі, дзе на здымачнай пляцоўцы працаваў з вядомымі тагачаснымі акцёрамі, для прыкладу, Марлен Дзітрых.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны Іга Сым застаўся ў Варшаве. Дарэчы, калі Польшча абаранялася ад гітлераўцам, акцёр прымаў актыўны ўдзел у абароне горада: капаў супрацьтанкавыя траншэі, разбіраў руіны і г.д. Калі Варшаву занялі немцы, пачаў працаваць у гарадской управе ў якасці перакладчыка. Дарэчы, яшчэ да вайны польскія спецслужбы падазравалі, што Іга Сым можа быць агентам нямецкага Абвера, але доказаў супрацы не было. Іх удалося знайсці ўжо падчас вайны.

У канцы 1939 года Іга Сым пачаў супрацоўніцтва з Гестапа. Дарэчы, тэрмін калабарацыя даволі новы і ўпершыню з’явіўся падчас вайны, гаворыць польскі гісторык, прафесар Ежы Эйслер.

- Тэрамін «калабарацыя» ўпершыню прагучай з вуснаў дыктатара французскай дзяржавы, маршала Філіпа Петэна ў кастрычніку 1940 года пасля яго сустрэчы з Адольфам Гітлерам. Калабарацыя азначала супрацоўніцтва пераможцы з пераможаным у розных галінах.
Акрамя таго, што Іга Сым быў агентам Гестапа, ён заняў пасаду дырэктара створанага немцамі Гарадскога тэатру Варшавы і аднаго з галоўных сталічных кінатэатраў. Акрамя таго, адкрыў свой уласны Тэатр камедыі.

Паводле гісторыкаў, ён асабліва не шкодзіў людзям, але таксама і не дапамагаў, для прыкладу, акцёрам, якія трапілі ў кіпцюры немцаў. Але сам факт, што вядомы польскі акцёра пайшоў на супрацоўніцтва з акупантамі, быў ганебным.

І таму 5 сакавіка 1941 года пракурор Польскай Падпольнай дзяржавы Тадэвуш Дызманьскі высунуў абвінавачанне супраць Іга Сыма, а Ваенны трыбунал вынес прыгавор – вышэйшая мера пакарання.

Прыгавор выканала спецгрупа з трох афіцэраў 7 сакавіка. Вось як гэта апісаў пасля вайны адзін з іх. «Сым жыў на пятым паверсе па вуліцы Мазавецкай 10. А 07:10 мы пастукалі ў дзверы. Адкрыла служанка. «Ці можна папрасіць спадара дырэктара Сыма?». Сым выйшаў. «Спадар Іга Сым?». «Так. Чым магу дапамагчы?». І ў гэты момант я стрэліў з пісталета «Віс» яму проста ў сэрца. Стрэл быў смяротным».

У адказ немцы арыштавалі 18 жанчын і 100 мужчын, сярод іх былі вядомыя польскія дзеячы культуры. 21 чалавек быў расстраляны, астатніх адправілі ў канцлагеры.

Вось так закончылася гісторыя вядомага польскага акцёра і калабаранта Іга Сыма.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу