Беларуская Служба

Запрашаем у Хэлмна – польскую сталіцу закаханых (ФОТА)

16.04.2021 17:03
У мясцовым касцёле пакояцца рэліквіі святога Валянціна - апекуна закаханых.
Аўдыё
  • Запрашаем у Хэлмна – польскую сталіцу закаханых.
ХэлмнаDzidekLasek/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёння я запрашаю ў Хэлмна (Chełmno) - сярэднявечны горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве. Хэлмна - гэта польская сталіца закаханых і „блукаючы” горад, які неаднойчы мяняў месца свайго размяшчэння і нацыянальнасць. Гэты маляўнічы гарадок называюць таксама „польскім Каркасонам” або „маленькім Кракавам”.

Хэлмна – горад з багатай гісторыяй. Першы пісьмовы ўспамін пра яго адносіцца да XI стагоддзя. Яго герб навязвае да распалажэння горада на дзевяці ўзгорках над водамі ракі Вісла з крыжам на адным з іх, што сімвалізуе ўладу хэлмнскіх біскупаў з 1505 года.

Ён быў заснаваны тэўтонскімі рыцарамі. У XIII стагоддзі горад атрымаў гарадскія правы і нейкі час быў нават сталіцай закона ў Польшчы. Хэлмна, не ўлічваючы Торуні – адзін з найстарэйшых гарадоў паўночнай Польшчы. Менавіта  ХІІІ-ХІV стагоддзе – гэта перыяд росквіту горада. З гэтага часу паходзіць значная частка яго помнікаў, якіх захавалася даволі шмат.

Пасля заканчэння эпохі сярэднявечча значэнне Хэлмна паступова змяншалася. У выніку затрымцыi ў развіцці, таксама ў XIX стагоддзі, горад не зведаў сур'ёзных пераўтварэнняў.

Горад называюць „блукаючым”, паколькі цягам сваёй гісторыі ён некалькі разоў мяняў месца заснавання пасля розных знішчэнняў і змены ўладароў.

Цэнтральным месцам горада з’яўляецца рынкавая плошча  з ратушай - сапраўднай жамчужынай эпохі Адраджэння ў Польшчы. Гэта адзін з найпрыгажэйшых такіх будынкаў у краіне. Ратуша была пабудаваная ў ХІІІ стагоддзі ў гатычным стылі, а затым грунтоўна перабудаваная ў ХVІ і чарговых стагоддзях. Цяпер у будынку ратушы месціцца Музей Хэлмнскай зямлі.

Pынкавая плошча  з ратушай. Autorstwa Sławomir Milejski - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=48766279 Pынкавая плошча з ратушай. Autorstwa Sławomir Milejski - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=48766279

На адной са сцен будынка можна паглядзець стрыжань, інакш Хэлмнскі сярэднявечны метр. Гэта тэўтонскі эталон метра. Сярэднявечныя гандляры, якія прыязджалі ў горад, маглі вымераць, напрыклад, даўжыню тканіны, якую яны куплялі, згаданым стрыжнем, з гарантыяй дакладнасці гэтага вымярэння. Стрыжань выкарыстоўваўся для вызначэння шырыні вуліц у сярэднявечным Хэлмне.

Як мы ўжо згадалі, Хэлмна называюць таксама „малым Кракавам”  - дзякуючы значнай колькасці гістарычных помнікаў архітэктуры, асабліва сакральнага характару. У гэтым невялікім гарадку захавалася ажно шэсць касцёлаў.

Найбуйнейшым і найважнейшым з іх з’яўляецца касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Варта наведаць яго для захаваных інтэр'ераў і знакамітага алтара з выяўленымі адносна нядаўна мошчамі святога Валянціна. Гэта менавіта дзякуючы згаданым рэліквіям Хэлмна абвясціла сябе „горадам закаханых”. Дарэчы, гарадскія ўлады эфектыўна прасоўваюць „любоўныя” тэмы, арганізоўваючы акцыі на Дзень святога Валянціна, тэматычныя мерапрыемствы ці ўсталёўваючы ў мясцовых парках рамантычныя лаўкі.

Kасцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=68840368 Kасцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Jerzy Strzelecki - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=68840368

Пры нагодзе, варта падняцца на вежу касцёла і палюбавацца цудоўнай панарамай Старога горада, які ў 2005 годзе быў унесены ў Спіс помнікаў гісторыі.

Той, хто цікавіцца сакральным мастацтвам, абавязкова павінен паглядзець таксама іншыя мясцовыя святыні, у тым ліку,  касцёл святых Янаў, дзе можна ўбачыць надмагільны камень XIII стагоддзя, прывезены з Фландрыі, а таксама багатае ўнутранае ўбранне святыні.

Цікавую форму мае касцёл святога Духа - невялікі, вузкі з непрапарцыйна вялікай вежай. Ён быў пабудаваны ў XIII стагоддзі, як бальнічная святыня, але сёння з’яўляецца сядзібай мясцовага рыцарскага брацтва. У сваю чаргу, касцёл Святога Марціна - самы маленькі ў горадзе, хоць сёння не выконвае сакральных функцый, то надалей застаецца цікавым прыкладам гатычнай архітэктуры.

Дзякуючы выдатна захаваным гарадскім умацаванням, Хэлмна, як і некалькі іншых гарадоў у Польшчы, часам называюць „польскім Каркасонам” - назва адносіцца да добра захаванага сярэднявечнага горада на поўдні Францыі, акружанага масіўнымі сценамі з больш чым 50 вежамі і замкам.

Да сённяшняга дня Хэлмна амаль цалкам акружанae сярэднявечнымі сценамі, якія амаль поўнасцю захаваліся.  У панараме горада вылучаюцца таксама 23 вежы і 2 уваходныя брамы. Першая з брам - Мерсебургская – захавалася толькі часткова і выконвае функцыю капліцы. Галоўная ўязная Грудзёндская - лепш захавалася. Да яе ў XVII стагоддзі была дабудаваная капліца.

Сярод захаваных гарадскіх вежаў варта згадаць пра Дзявочую вежу, у якой знаходзіцца Рыцарскі атрад з Хэлмна і Парахавую вежу, якая з'яўляецца часткай музею мясцовай зямлі.

Гарадскія ўмацаванні разам з прылеглымі да іх паркамі былі ўпарадкаваныя і з’яўляюцца прыемным месцам для прагулак і адпачынку для мясцовых жыхароў і турыстаў.

Хэлмна. mzphotos/pixabay.com/CC0 Public Domain Хэлмна. mzphotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Архітэктура Хэлмна амаль не пацярпела падчас Другой сусветнай вайны. Гітлераўцы занялі горад без бою 5 верасня 1939 года. Пацярпелі, у сваю чаргу, мясцовыя жыхары. Падчас акупацыі ў лесе ў суседніх Клямрах немцы забілі польскую эліту і вынішчылі мясцовых габрэяў і іх сакральныя будынкі ў горадзе. У 1944 годзе ў Хэлмне быў створаны лагер для „нацысцкіх злачынцаў і здраднікаў польскай нацыі”. Адразу пасля вызвалення ў горадзе дзейнічаў таксама лагер НКУС.

Прабываючы ў Хэлмне, варта наведаць Парк мініяцюр тэўтонскіх замкаў. Тут прадстаўленыя мініяцюры тэўтонскіх замкаў у часы іх росквіту. Асабліва цікавыя рэканструкцыі тых аб’ектаў, якія былі цалкам разбураныя.

Хэлмна – гэта не толькі помнікі архітэктуры. Каляндар цыклічных культурных мерапрыемстваў горада надзвычай багаты. Найбольш вядомай імпрэзай з’яўляецца фестываль Perspektywy – 9 Hills Festival. Назва імпрэзы навязвае як да дзевяці ўзгоркаў, на якіх распаложаны горад, так і да дзевяці муз Апалона. Фестываль ахоплівае розныя формы мастацкага выражэння - ад вулічнага тэатра да фатаграфіі, кіно і музыкі.

Рамантычныя лаўка, Хэлмна. Autorstwa rysnal, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=54746477 Рамантычныя лаўка, Хэлмна. Autorstwa rysnal, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=54746477

Цікава, што Хэлмна – адзін з самых прыгожых і чароўных польскіх гарадоў з багатай гісторыяй і цудоўнымі помнікамі – да гэтага часу не стаў настолькі вядомым і папулярным турыстычным цэнтрам, як, напрыклад, Казімеж ці Сандомеж. Можа, варта тады скарыстацца спакойным характарам гэтага незвычайнага месца.

Анна Задрожна


Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу