Беларуская Служба

Мала вядомыя постаці польскай гісторыі: Генрык Юзэўскі

30.04.2021 19:04
Генрык Ян Юзэўскі быў сябрам Юзэфа Пілсудскага, дзесяць гадоў займаў пасаду валынскага ваяводы.  
Аўдыё
  • Мала вядомыя постаці польскай гісторыі: Генрык Юзэўскі
Henryk Józewski na zdjęciu sprzed 1928 r.
Henryk Józewski na zdjęciu sprzed 1928 r.wikimedia/domena publiczna

Сёння ў гістарычнай рубрыцы пазнаёмім з постаццю, якая не асабліва вядомая шырэйшаму колу людзей. Аднак гэты чалавек зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё дзяржаўнасці даваеннай Польшчы. Завуць гэтага мастака, палітыка і чыноўніка Генрык Юзэўскі.

Біяграфія Юзэўскага цікавая, між іншым, і таму, што шмат гадоў жыцця ён правёў у падполлі: спачатку хаваўся ад царскіх улад за рэвалюцыйную дзейнасць, пазней – ад бальшавікоў, гітлераўцаў і ў канцы – ад улад сталінскай Польшчы.

Нарадзіўся Генрык Ян Юзэўскі (Henryk Jan Józewski) у 1892 годзе ў Кіеве, дзе закончыў матэматычны факультэт. Сваю грамадска-палітычную дзейнасць пачаў ад актыўнасці ў Польскай вайсковай арганізацыі ў гэтым горадзе. Падчас бальшавіцка-польскай вайны быў разведчыкам. Пасля вярнуўся да мірнага жыцця і заняўся сваім любімым выяўленчым мастацтвам. У палітыку вярнуўся ў 1926 годзе пасля гэтак званага майскага дзяржаўнага перавароту, які здзейсніў Юзэф Пілсудскі. Дарэчы, ён быў сябрам Пілсудскага і прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы перавароту.

Пасля перавароту быў кіраўніком Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы, якім тады стаў Юзэф Пілсудскі. У 1928 годзе стаў валынскім ваяводам. У Луцку прапрацаваў год і быў зноў пераведзены ў Варшаву на пасаду міністра ўнутраных спраў. Аднак праз год зноў вярнуўся ў Луцк на папярэднюю пасаду. На гэты раз быў ваяводам ажно восем гадоў, а агулам – амаль 10, гаворыць гісторык, доктар Ежы Ярузельскі.

Юзэўскі быў ваяводам на Валыні цягам амаль 10-і гадоў – ад 1928 да 1938 года, калі яго перавялі ў Лодзь і ён стаў Лодзінскім ваяводам у 1939 годзе. Такім чынам, яму прыйшлося пераехаць з усходняй Польшчы ў цэнтральную. Яго біяграфія вельмі цікавая, у тым ліку і таму, што пражыў ён амаль 90 гадоў, бо нарадзіўся ў 1892 годзе, а памёр у 1981-м. Паводле мяне, як на свае часы ён быў сучасным чалавекам, між іншым таму, што пастаянна імкнуўся нешта змяняць, мадэрнізаваць. Ён хоць і быў палітыкам, то быў адначасова альтруістам. Гэта рэдкая рыса ў палітыцы. З іншага боку шматлікія прыхільнікі Пілсудскага таксама былі палітычнымі альтруістамі, магчыма таму, што таксама альтруістам быў сам Юзэф Пілсудскі.

На пасадзе валынскага ваяводы Генрык Юзэўскі праводзіў палітыку асіміляцыі, але пры гэтым стараўся захоўваць правы нацменшасцяў, перш за ўсё ўкраінскай, а таксама рэлігійных супольнасцей, перш за ўсё праваслаўнай царквы. За нібыта ліберальны падыход да нацыянальнага пытання яго часта крытыкавалі прадстаўнікі як правых, так і левых сіл, называючы яго «магільшчыкам польскіх інтарэсаў на Крэсах». Яго таксама абвінавачвалі ў тым, што прымае за шмат украінцаў на дзяржаўныя пасады.

І тут варта нагадаць, што ў 1930 годзе амаль 70% насельніцтва Валынскага ваяводства складалі ўкраінцы, каля 17% – палякі, больш за 10% былі яўрэямі. Акрамя таго, у ваяводстве пражывалі немцы, чэхі і беларусы.

У 1938 годзе, пасля смерці Юзэфа Пілсудскага, Юзэўскі падаў у адстаўку з пасады ў знак пратэсту супраць палітыкі паланізацыі і знішчэння цэркваў, загады на якія ішлі з Варшавы. Адстаўка была прынятая. Але варшаўскія чыноўнікі, памятаючы пра тое, што Юзэўскі быў сябрам Пілсудскага, яго не звольнілі з дзяржаўнай адміністрацыі, а перавялі ў Лодзь на пасаду ваяводы, дзе яго і застала вайна.

Падчас вайны – у падполлі. Пасля яе заканчэння хаваўся шмат гадоў. Схоплены камуністычнай Службай бяспекі, прысуджаны сталінскім судом да 12 гадоў турмы, але выйшаў на свабоду пасля смерці Сталіна. У 1956 годзе турэмнае пакаранне было адмененае.

Да канца сваіх дзён быў мастаком і культурным дзеячам. Карціны Генрыка Яна Юзэўскага знаходзяцца ў шматлікіх музеях і прыватных калекцыях на радзіме і за мяжой, у тым ліку ў Нацыянальным музеі Польшчы. Пісаў галоўным чынам пейзажы і партрэты. Памёр 23 красавіка 1981 года.

Валеры Саўко 

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу