Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: рэвень на пясочным цесце пад безэ (РЭЦЭПТ+ФОТА)

20.06.2021 07:12
Рабарбар альбо інакш рэвень - вельмі папулярная ў Польшчы расліна, якая шырока выкарыстоўваецца ў кулінарыі. 
Аўдыё
  • Рэдакцыйная кухня: рэвень на пясочным цесце пад безэ
Рэвень на пясочным цесце пад безэ фота: Кацярына Адамская/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пясочнае цеста

200 г пшанічнай мукі
50 г крухмалу
200 г ахалоджанага сметанковага масла
30 г цукру
дробка солі
1/2 чайнай лыжкі разрыхляльніка
4 жаўткі (яечны бялок захоўваем для безэ)

Прасейце муку ў міску, дадайце дробна нарэзанае халоднае сметанковае масла, цукар, соль і разрыхляльнік. Змяшайце і разамніце пальцамі сметанковае масла і муку, пакуль не ўтворыцца дробная крошка. Дадайце жаўткі і хутка замясіце цеста.

Раскачайце і перанясіце ў форму для выпечкі, папярэдне змазаную сметанковым маслам і высланую пергаментам для выпечкі. Пастаўце ў халадзільнік, пакуль духоўка награваецца да 170 градусаў С. Прабіце дно відэльцам і пастаўце ў духоўку. Выпякаем 20 хвілін.


Начынка

600 г рэвеня (рабарбара)
3 сталовыя лыжкі крухмалу
1/2 чайнай лыжкі карыцы
100 г варэння (найлепш малінавага)
3 сталовыя лыжкі міндальных шматкоў

Прамыйце рабарбар, асушыце, сцябло нарэжце на кавалачкі памерам каля 1 см, дадайце крухмал, карыцу і змяшайце. Дадайце варэнне.

Безэ

4 бялкі
200 г цукру
1 сталовая лыжка крухмалу

Бялкі ўзбіце да густой пены, паступова дадаючы цукар. Увесь час узбівайце на высокай хуткасці міксера, пакуль пена не стане густой і не пачне блішчаць. Затым дадайце крухмал і змешвайце яшчэ паўхвіліны.


Пакладзіце ў выпечанае цеста рабарбар, зверху безэ, пасыпце міндальнымі шматкамі і пастаўце ў духоўку. Выпякайце на працягу 20 хвілін пры тэмпературы 170 градусаў С, затым скіньце тэмпературу да 60 градусаў і ўключыце канвекцыю, каб такім чынам высушыць безэ. Духоўка павінна працаваць з канвекцыяй 15 хвілін.

Смачна есці!

Падрабязней пра тое, як зрабіць страву, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко.

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец