Беларуская Служба

Запрашаем у Картузы – сэрца Кашубіі (ФОТА)

25.06.2021 17:11
Картузы – гэта цэнтр гэтак званай Кашубскай Швейцарыі – самай прыгожай часткі Кашубскага Паазер'я.
Аўдыё
  • Картузы – гэта цэнтр гэтак званай Кашубскай Швейцарыі – самай прыгожай часткі Кашубскага Паазер'я.
КартузыAutorstwa Polimerek - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4519505

Сёння я запрашаю ў Картузы (Kartuzy) – прыгожа размешчаны невялікі гарадок у Паморскім ваяводстве, у 35 кіламетрах на паўднёвы захад ад Гданьска. Картузы – гэта сэрца гэтак званай Кашубскай Швейцарыі, самай прыгожай часткі Кашубскага Паазерʼя.

Картузы – гэта чароўны, гістарычны горад, размешчаны сярод лясістых пагоркаў і азёраў, якіх называюць таксама Чатырма Картузскімі азёрамі. Паводле даведнікаў, гэта адзіны горад у Еўропе, да якога можна дабрацца з усіх бакоў праз лес.

Картузы. Autorstwa Marek Slusarczyk, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=20041743 Картузы. Autorstwa Marek Slusarczyk, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=20041743

Дзякуючы зручным транспартным сеткам, якія спалучаюць Картузы з гарадамі ўзбярэжжа, гарадок лічацца турыстычным і культурным цэнтрам рэгіёна; выгаднай адпраўной кропкай для экскурсіяў па ўсім рэгіёне.

Першыя звесткі пра Картузы адносяцца да XIV стагоддзя, калі прывезеныя з Прагі манахі-картузы пачалі будаваць манастырскі комплекс і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які захаваўся да нашых часоў. Пры манастыры было заснаванае паселішча, якое ўпершыню згадваецца ў дакументах у 1391 годзе.
Мясцовыя манахі праславіліся дабрачыннасцю і смачнымі прадуктамі, а мясцовую картузію называлі Марыйскім раем. Тут гасцілі, між іншым, каралі: Зыгмунт ІІІ Ваза і Ян Казімір.

У першай палове XIX стагоддзя прускія ўлады прывялі да ліквідацыі манастыра. Манастырская святыня была пераўтворана ў парафіяльны касцёл, а манахі засталіся ў сваіх скітах, але ў супольнасць не маглі ўжо прыбываць новыя законнікі. Калі паміраў нейкі манах, яго скіт быў ліквідаваны. У канцы XVIII стагоддзя скіты пачалі зносіць, а атрыманая такім чынам цэгла была выкарыстана для будаўніцтва школы. Такім чынам, з 18 скітаў да нашага часу захаваўся толькі адзін. Апошні захаваны скіт – гэта аднапавярховы будынак з высокім гатычным дахам і на адной са сцен якога знаходзіцца сонечны гадзіннік.Як выглядаў увесь манастырскі комплекс – можна пабачыць па дарозе з рынкавай плошчы ў святыню, дзе знаходзіцца яго макета.

Kасцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35321225 Kасцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35321225

Тым ня менш, пабудаваны ў XIV стагоддзі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі застаецца найважнейшым помнікам мінулага ў Картузах. Ён выклікае пастаяннае зацікаўленне турыстаў сваім унікальным дахам з пачатку XVIII стагоддзя, які нагадвае века труны. Найбольш каштоўным помнікам інтэрʼеру касцёла зʼяўляецца фрагмент гатычнага алтара, які ў цяперашні час знаходзіцца ў Залатой капліцы.

Варта зазірнуць таксама ў касцёл св. Казіміра, узведзены ў канцы XIX стагоддзя ў неагатычным стылі, размешчаны ў цэнтры горада.

Гістарычныя дамы і будынкі Картузаў зацікавяць, перш за ўсё, аматараў архітэктуры. У гарадку захаваліся, як аб’екты з 1930-х гадоў мінулага стагоддзя, так і старэйшыя, якія былі часткай манастырскага комплексу.

Кашубскі музей імя Францішка Трэдэра. Autorstwa M_H.DE - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=11556229 Кашубскі музей імя Францішка Трэдэра. Autorstwa M_H.DE - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=11556229

Аматараў этнаграфіі і кашубскай культуры запрашаем у Кашубскі музей імя Францішка Трэдэра, дзе можна даведацца шмат новага пра былое жыццё жыхароў Кашубіі. Экспанаты музея – гэта прадметы, звязаныя з паўсядзённым жыццём і працай мясцовага насельніцтва, а таксама творы народнага мастацтва кашубаў. У некалькіх тэматычных памяшканнях можна паглядзець, сярод іншага, першыя прылады працы, якія выкарыстоўваліся для лоўлі рыбы, арыгінальныя хатнія прылады, прыгожую кашубскую вышыванку, аздобную кераміку, а нават увесь пасаг нявесты.

Чатыры Картузскія азёры, на якіх размешчаныя Картузы – гэта Карчэмнае, Кляштарнае Вялікае, Кляштарнае Малое і Мяленка азёры. Гэта прыгожыя вадаёмы, якія разам з навакольнымі прагулачнымі зонамі, прыцягваюць турыстаў з усяе Польшчы. На заходнім берагу Карчэмнага возера размяшчаецца гарадская зона адпачынку, пабудаваная і адкрытая ў 2012 годзе. Тут знаходзіцца таксама помнік рыбаку і аглядная пляцоўка на ўзгорку з «лаўкай асэсара». У сваю чаргу ля Кляштарнага возера размяшчаецца пешаходная дарожка «Гай Свентапелка».

Апошні захаваны скіт . Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35320924 Апошні захаваны скіт . Autorstwa Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35320924

Можна сказаць, што размешчаныя паміж азёрамі і сярод лясоў невялікія Картузы застаюцца ў цені вядомых курортаў на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Аднак і тут турысты знойдуць шмат цікавых месцаў. Рэгіён прыцягвае, перш за ўсё, турыстаў, якія аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку ў гармоніі з прыродай. Гэтаму спрыяюць шматлікія пешыя, веласіпедныя і байдарачныя маршруты.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу