Аказваецца, у глабальным маштабе гэта велізарная праблема.
З нагоды дня без мабільнага тэлефону Інстытут глабальнай адказнасці падрыхтаваў промаролік, у якім набліжае гледачам праблему. -Ці ты ўсё ведаеш пра свой тэлефон? Ці ты ведаеш, што акрамя паўсюдна вядомых функцый, ён мае схаваныя? – пачынае лектар у промафільме. І працягвае:
-У тваім тэлефоне ёсць золата, кобальт, олаў, нікель і амаль 50 іншых металаў і мінералаў. Гэта дзякуючы ім твой тэлефон можа рабіць так шмат рэчаў – пачынаючы з высылкі смс-паведамленняў, заканчваючы запісам фільмаў. Гэтая самая сыравіна адказвае за яшчэ адну схаваную функцыю, якая мае неабмежаваны доступ і мяняе жыцці людзей ва ўсім свеце. Асаблівым чынам на глабальным поўдні. Яе дзейнасць кожны раз выглядае падобным чынам. Міжнародныя канцэрны паўсюль шукаюць доступ да натуральнай сыравіны. Многія ўрады, разлічваючы на хуткі заробак, аддаюць канцэрнам землі, дзе людзі стагоддзямі жылі з сельскай гаспадаркі ці лоўлі рыбы.
Калі праўда выходзіць на паверхню, у лакальных супольнасцях нараджаецца бунт. Жыхары і арганізацыі спрабуюць абараняць свае правы на судовым шляху. Найчасцей усё ж безвынікова. Супраціў павялічваецца і вельмі часта яго пацыфікуюць сілавымі метадамі. Людзей, якія супраціўляюцца выкапням, запужваюць, а часта нават забіваюць.
Толькі ў 2015 годзе ў свеце зафіксавана 185 забойстваў актывістаў, якія абаранялі лакальныя супольнасці ад шкодных інвестыцый. Чаму людзі так моцна супраціўляюцца выкапням, што гатовыя нават памерці?
-Паколькі шахты знішчаюць навакольнае асяроддзе і іх супольнасці, шкодзяць сельскай гаспадарцы, пазбаўляюць іх зямлі і чыстай вады. Карысці і кошты, звязаныя са здабычай сыравіны размеркаваныя нераўнамерна. Большасць прыбытку трапляе ў міжнародныя фірмы, а толькі мінімальная частка застаецца ў краіне здабычы. Таксічная спадчына назаўсёды застаецца на месцы.
Далей аўтары фільма прыводзяць прыклад шахты золата ў Цэнтральнай Амерыцы. На працягу адной гадзіны яна чэрпае столькі вады, колькі звычайная сям'я на працягу 20 гадоў. Акрамя таго, там выкарыстоўваюцца атрутныя цыяніды, якія атручваюць ваду і глебу. Лакальных жыхароў пазбаўляюць аднаго з асноўных правоў чалавека – права на ваду. Шахты забіраюць у іх таксама зямлю. Ёсць краіны, у якіх амаль ¼ паверхні прызначаная на магчымыя шахты. Менавіта такім чынам схаваная функцыя твайго тэлефону мяняе свет.
У 2016 годзе выпусцілі больш за мільярд 300 мільёнаў смартфонаў. Але аўтары фільму адзначаюць, што шалёнае спажыванне тычыцца не толькі тэлефонаў, але і цэлай электронікі, аўтамабіляў, бытавой тэхнікі. Попыт на сыравіну расце, паколькі павялічваецца спажыванне. У Еўропе, ЗША, Канадзе ці Аўстраліі людзі выкарыстоўваюць у 9 разоў больш сыравіны, чым у краінах поўдня, якія адчуваюць большасць негатыўных наступстваў гэтага спажывання.
Аўтары фільму адзначаюць, што працэс няспынна накручваецца рэкламамі. Тэхніка робіцца так, каб хутка псавацца, а рамонт быў немагчымым, каб людзі куплялі больш новыя мадэлі і куплялі ўсё больш.
-Выключы шкоднасць свайго спажывання. Зменш свой негатыўны ўплыў на свет і навакольнае асяроддзе, прытрымліваючыся прынцыпу 6R. Думай крытычна пра сваё спажыванне. Адмаўляйся і не марнуй. Свядома абмяжоўвай пакупкі. Выкарыстоўвай рэчы шматразова. Перапрацоўвай. Рамантуй. Будзь свядомы свайго ўплыву на свет.
Падлічана, што вытворчасць новага смартфона гэтак жа рэсурсаёмістае і забруджвальнае, як і выкарыстанне яго на працягу 10 гадоў.
ав