Беларуская Служба

Як палякі адпачывалі ў часы ПНР

13.08.2021 20:50
Сімвалам недарагога адпачынку ў ПНР быў плаўлены сырок і рыбная паста, якой шмаравалі лусты хлеба, і якія падавалі на снеданне.
Аўдыё
  • Як палякі адпачывалі ў часы ПНР
Wypoczynek na plaży w Świnoujściu latem 1968 roku
Wypoczynek na plaży w Świnoujściu latem 1968 rokuPAP/Andrzej Wituszyński

Цяпер у разгары – час водпускаў. З-за эпідэміі шматлікія палякі адмаўляюцца ад замежных паездак ды адпачываюць у сваёй краіне, накіроўваючыся ў горы, на Балтыку альбо на Мазурскае паазер’е ці ў іншыя куткі Польшчы. Сёння мы раскажам пра тое, як людзі адпачывалі ў Польскай Народнай Рэспубліцы.

У тыя часы не ўсе выязджалі на летні адпачынак. Для прыкладу, жыхары вёсак, таму што лета было і, дарэчы, застаецца, часам збору ўраджаю. Сёння, праўда, гэта крыху памянялася, бо менш людзей працуе ў сельскай гаспадарцы, але і актуальна ёсць вяскоўцы, што працуюць на раллі, якія не могуць сабе дазволіць на адпачынак летам.

Як і ў кожнай сацыялістычнай краінай, арганізацыю адпачынку ўзяла на сябе дзяржава альбо дзяржаўныя прадпрыемствы. Большасць людзей выязджала на адпачынак за сродкі Фонду адпачынку для працоўных і накіроўвалася ў дзяржаўныя турыстычныя цэнтры ды асяродкі. Індывідуальны адпачынак не быў забаронены, але турыст, які ехаў адпачываць самастойна, гэтак званы «дзікун», мог мець праблемы з тым, каб знайсці месца ў гасцініцы альбо атрымаць на пракат турыстычнае аснаджэнне. Было шмат людзей, якія ехалі ў вёску і спыняліся на адпачынак у вяскоўцаў, харчуючыся сялянскай ежай.

У дзяржаўных асяродках харчаванне не было нейкім люксавым, таму што прыходзілася на ўсім эканоміць. Сімвалам недарагога адпачынку ў ПНР быў плаўлены сырок і рыбная паста, якой шмаравалі лусты хлеба, і якія падавалі на снеданне. Таксама на снеданне падавалі гарбату, радзей каву.

На абед быў суп, а таксама бульба з катлетай альбо адбіўной і салат з агуркоў са смятанай. Дарэчы, такога харчавання хацелі самі адпачыннікі, бо часта імі былі звычайныя рабочыя, якія любілі канкрэтную ежу.

У адрозненні ад грамадзян Савецкага Саюзу, для большасці якіх выезд за мяжу быў закрыты, палякі маглі ехаць у замежны адпачынак, праўда, толькі пасля 1956 года, пасля палітычнай адлігі. Найбольш папулярнымі напрамкамі былі Югаславія, Балгарыя, Венгрыя і савецкае Чарнаморскае ўзбярэжжа. Найбольш прэстыжным лічыўся Крым. У Венгрыі адпачынак быў арганізаваны пераважна на возеры Балатон, а Балгарыю ў тыя часы назвалі «чырвонай рыўерай».

Дзеці працоўных, калі не ехалі адпачываць з бацькамі, маглі накіравацца ў дзіцячы лагер ад прадпрыемстваў альбо школ. Зразумела, што адпачынак быў бясплатны. І па сённяшні дзень палякі, якім цяпер па 40 гадоў, з сентыментам згадваюць тыя часы.

вс

слухайце аўдыёфайл

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу