Сёння я запрашаю ў Пячору Лакетка – самую вялікую з усіх пячор, якія да гэтай пары былі выяўленыя на тэрыторыі Айцоўская нацыянальнага парку. Ейная даўжыня складае 320 метраў. Пячора размешчаная прыкладна на вышыні 125 метраў над Санспоўскай далінай (Dolina Sąspowska) на Хелмавай гары. Яна складаецца з некалькіх калідораў, двух вялікіх залаў («Рыцарскай залы» і «Спальні»), а таксама двух меншых.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле геолагаў, размяшчэнне пячоры на значнай вышыні над дном Прандніцкай даліны (Dolina Prądnika) сведчыць пра тое, што яна была выразана грунтавымі водамі значна раней, чым пячоры, размешчаныя ніжэй, гэта значыць тады, калі дно Прандніцкай і Санспоўскай далінаў знаходзіліся на ўзроўні сённяшняга ўваходу ў пячору.
Пячора Лакетка - віхравыя катлы. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пячора Лакетка была выразаная вадой у вапняках перыяду верхняй юры. Уваходная частка пячоры пазбаўлена столі, якая, верагодна, абвалілася яшчэ да ледавіковага перыяду. У «Галоўным калідоры» можна паглядзець велізарныя «віхравыя катлы» – то бок паўкруглыя паглыбленні, выразаныя падземнай ракой у часе, калі ўчастак пячоры быў цалкам запоўнены вадой. На сценах калідора можна ўбачыць рознага роду нацёкі.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Галоўны калідор вядзе ў гэтак званую Рыцарскую залу, з якой налева адыходзіць сляпы, бакавы калідор. Лесвіца вядзе вузкім праходам направа на верхні ўзровень пячоры ў невялікую камеру, якую называюць «Кухня». Гэта самая старажытная частка Пячоры Лакетка, якая ляжыць блізка да паверхні. Пра гэта сведчаць карані дрэў бачныя ўнутры ў некалькіх месцах. На сценах прахода і «Кухні» бачныя каменныя паліцы, якія таксама з'яўляюцца вынікам мадэлявання пячоры падземнай ракой, якая свабодна працякала па ейным дне.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
З «Кухні» лесвіца вядзе ў «Спальню», дно якой пакрывае вапняковы друз і вялікія блокі, якія адарваліся ад сцен і столі залы. Са «Спальні» на захад вядзе невялікі бакавы калідор.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Нацёкаў тыпу: сталактыты, сталагміты і сталагнаты ў Пячоры Лакетка няшмат. Пераважна тут можна пабачыць невялікія трубчастыя сталактыты (так званыя макаронны), асабліва на столях абодвух найбуйнейшых залаў. У іншых месцах, якія менш даступныя, сцены пакрытыя «глазурай», або тонкімі хвалістымі драпіроўкамі нацёкаў. Сярод іх увагі заслугоўвае прыгожая форма, якую называюць «Арол».
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Тэмпература ўнутры пячоры застаецца на адным узроўні на працягу ўсяго года і складае прыкладна 7-8°C. Варта ўзяць гэта пад увагу асабліва ў гарачае надвор’е.
Падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся ў частцы пячоры напрыканцы XIX стагоддзя былі выяўленыя шматлікія косткі пячорнага мядзведзя. Мяркуецца, што пячора не была камфортным месцам для чалавека ў папярэднія эпохі. Тым не менш тут былі выяўлены сляды яго прысутнасці.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Доказы сведчаць таксама пра тое, што людзі часта наведвалі пячору, верагодна, рэгулярна з XVIII стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны пячора служыла часовым сховішчам для мясцовага насельніцтва, пераважна з суседняй вёскі Чаёвіцы (Czajowice).
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Неадʼемнай часткай гісторыі пячоры зʼяўляецца легенда пра Уладзіслава Лакетка, які хаваўся ў ёй ад войскаў чэшскага караля Вацлава ІІ, які напрыканцы XIII і пачатку XIV стагоддзяў атакаваў Польшчу і заняў Кракаў. Верагодна, будучы кароль Польшчы прабываў там каля 6 тыдняў – спаў на каменным ложку ў «Спальні», а ў «Кухні» гатаваў страву, з прадуктаў, якія вертыкальным калідорам спускалі яму на вяроўцы навакольныя сяляне. У той час галоўны ўваход у пячору быў пакрыты павуціннем, якое і падманула чэшскіх рыцараў. Адсюль і ўзяліся назвы паасобных залаў у пячоры. Дарэчы жалезная брама, якая зараз зачыняе ўваход у пячору, павуцінне і нагадвае.
Пячора Лакетка. Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пячора Лакетка размешчана крыху ў баку ад галоўнай турыстычнай трасы, якая праходзіць па дне Прандніцкай даліны. Да яе можна дабрацца Далінкай «Цесныя скалкі» па блакітнай сцежцы, якая пачынаецца ля асобнастаячых скалаў званых Кракаўскай брамай або па больш кароткай чорнай дарожцы ад аўтастаянкі ў Ойцаве.
Пячора Лакетка - касa . Photo: Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У летнім сезоне Пячора Лакетка адкрытая штодня, з 9.00 да 19.00. Уваходы кожныя 30 хвілін у групах і выключна з гідам. Даўжыня турыстычнай трасы складае 270 метраў. Тэмпература – 7-8 градусаў Цэльсія. Вільготнасць 95%. Пячора асвятляецца электрычнасцю. Не рэкамендуецца асобам на інвалідных вазках. Час наведвання пячоры каля 30 хвілінаў. Білеты можна купіць у касе ля ўваходу ў пячоры. Кошт нармальнага білета – каля 5,5 еўра.
Анна Задрожна