Сёння я запрашаю ў Асвенцым – горад размешчаны ў Малапольшчы, прыкладна ў 50 кіламетрах на захад ад Кракава. Асвенцым належыць да найстарэйшых гарадоў у Польшчы, а яго гісторыя налічвае больш за 800 гадоў.
Асвенцым – гэта прыязны і прывабны для турыстаў горад з багатай гісторыяй. Самыя старажытныя сляды яго існавання датуюцца яшчэ часамі Баляслава Храброга. У 1315-1564 гадах горад быў сталіцай незалежнага княства. З 1564 года – каралеўскім горадам Кароны Польскага Каралеўства.
Нямецкі канцлагер „Аўшвіц”. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Нягледзячы на багатае мінулае, Асвенцым у асноўным асацыюецца з перыядам Другой сусветнай вайны і створаным там нямецкім канцлагерам «Аўшвіц». Людзі, якія наведваюць музей былога канцлагера, часта не ведаюць, што і ў самым горадзе ёсць славутасці, якія варта паглядзець.
Замак з XVI стагоддзя. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адной з іх з’яўляецца замак з XVI стагоддзя, у якім у 2010 годзе быў адкрыты музей. Тут можна даведацца пра гісторыю горада; знайсці шмат цікавай інфармацыі. Пад замкам праходзяць два гістарычныя тунэлі. Першы (з усходу на захад) быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, другі (з поўдня на поўнач) пабудавалі немцы ў 1940-1944 гадах. Побач з замкам знаходзіцца абаронная вежа, самая старая пабудова ў Асвенцыме, якая датуецца XIII стагоддзем. Гатычная вежа – лічыцца таксама адным з самых ранніх мураваных аб’ектаў у Малапольшчы і самой высокай захаванай гатычнай будоўляй на поўдні Польшчы. Вежу павінны наведаць, у прыватнасці, аматары прыгожых панарам.
Асвенцым - бульвары на рацэ Сола. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле многіх турыстаў, самае чароўнае месца ў Асвенцыме – бульвары на рацэ Сола. Цішыня, прыгажосць прыроды і ракі Сола ствараюць ідэальнае месца для прагулак або адпачынку пасля стамляючага шпацыру па горадзе.
Pынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Увагі заслугоўвае таксама гістарычная гарадская планіроўка, якая датуецца XIV-XV стагоддзямі і была ўнесеная ў рэестр помнікаў гісторыі. У XIV стагоддзі была вызначаная галоўная рынкавая плошча, сучасны рамонт якой закончыўся ў 2014 годзе. Зараз адным з найпрыгажэйшых шматкватэрных дамоў лічыцца дом Слебарскіх(Ślebarskich), які выглядае як двухпавярховы палац. Аб’ект быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ксяндзом Міхалам Слебарскім і размяшчаецца побач з былым гатэлем «Герц», які ў лютым 1915 года наведаў Юзаф Пілсудскі.
Дом Слебарскіх. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта прыглядзецца таксама да будынку былой ратушы з 1872 года, размешчанага на рынкавай плошчы. Гарадскія ўлады мелі тут сваю сядзібу да пачатку Другой сусветнай вайны. У цяперашні час тут размяшчаецца гарадскі музей, які набліжае турыстам 800-гадовую гісторыю горада. Дарэчы, тут можна даведацца, што да вайны ў Асвенцыме дзейнічаў аўтазавод. На музейнай экспазіцыі можна пабачыць арыгінальную мадэль Praga Baby з 1936 года.
Палац шлюбаў. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цікавым аб’ектам з'яўляецца Палац шлюбаў, які знаходзіцца ў былой віле доктара Антонія Слёсарчыка (Antoni Ślosarczyk) пабудаванай у 1903-1912 гадах. Гэта аднапавярховы цагляны будынак, трохі падобны на палац. Цяпер будынак з’яўляецца сядзібай гарсавета і загса.
Шпацыруючы па гістарычных вуліцах Асвенцыма, няцяжка заўважыць муралы на дамах. Яны зʼяўляюцца часткай фестывалю Life Festival Oświęcim, які цыклічна праходзіць у горадзе.
Kасцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Пабываючы ў Асвенцыме варта таксама наведаць мясцовыя помнікі рэлігійнай архітэктуры, у тым ліку, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мураваны аб’ект у гатычным стылі быў пабудаваны ў 1417 годзе. На працягу стагоддзяў ён неаднаразова перабудоўваўся і разбураўся. Падчас акупацыі немцы планавалі нават цалкам знесці святыню, але на шчасце, гэта не адбылося.
Kляштар сясцёр Серафітак з касцёлам Маці Божай Балеснай, Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У цэнтры горада размяшчаецца кляштар сясцёр Серафітак з касцёлам Маці Божай Балеснай, пабудаваным у 1897-1899 гадах у неагатычным стылі.
Kапліца святога Яцэка Адравонжа з першай паловы XIV стагоддзя. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чагру найстарэйшым рэлігійным помнікам архітэктуры ў Асвенцыме з’яўляецца капліца святога Яцэка Адравонжа з першай паловы XIV стагоддзя. Капліца – гэта частка былога комплекса дамініканскага кляштара.
Да Другой сусветнай вайны ў Асвенцыме было каля 20 сінагог і габрэйскіх дамоў малітвы. Зараз у горадзе захавалася толькі адна з пачатку XX стагоддзя, якая разам з Габрэйскім музеем утварае Габрэйскі цэнтр. Варта зазірнуць таксама пра габрэйскіх могілкі, заснаваныя у сярэдзіне XVIII стагоддзя, якія лічыцца аднымі з найбольш дагледжаных абʼектаў такога тыпу ў Малапольшчы.
Pынкавая плошча. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Асвенцым лічыцца Сусветным цэнтрам міру. У 1998 годзе Генеральны сакратар ААН прысудзіў гораду тытул Messenger of Peace – Пасланец міру за дзейнасць на карысць міру ў свеце. Такім чынам Асвенцым стаў членам Сусветнага Саюза прыхільнікаў міру.
Штогод Асвенцім наведваюць больш за мільён турыстаў, паломнікаў і афіцыйных дэлегацый з усяго свету, каб ушанаваць памяць вязняў, забітых у канцлагеры «Аўшвіц».
Асвенцым. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Аднак варта ведаць, што таксама ў самім горадзе на турыстаў чакаюць шматлікія славутасці. Асвенцым, гэта таксама выдатная адпраўная база для турыстаў, якія плануюць пазнаёміцца з поўднем Польшчы.
Анна Задрожна