Сёння я запрашаю ў Цёмную пячору, размешчаную на тэрыторыі Ойцаўскага нацыянальнага парку (Ojcowski Park Narodowy). Гэта адзін з самых каштоўных археалагічных помнікаў у Польшчы і адзін з самых папулярных аб’ектаў на тэрыторыі парку.
Уваход у Цёмную пячору. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цёмная пячора з’яўляецца часткай былой сістэмы падземных калідораў і камер агульнай даўжынёй у 230 метраў. Зараз яна складаецца з зачыненай жалезнай кратай вялікай залы, тунэлю і гэтак званага «Агройца»(Ogrojec), які грае ролю ўнутранага двара, з трох бакоў акружанага скаламі. «Агроец» пераходзіць у тунэль пад назвай «Абажыска Вялікае»(Oborzysko Wielkie).
Уваход у Цёмную пячору. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Паводле адмыслоўцаў, як «двор» перад пячорай, так і «Агроец» узніклі ў выніку абвалу столі пячоры, што адбылося, верагодна, яшчэ да ледніковага перыяду.
Уваход у Цёмную пячору. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Уваход у Цёмную пячору размешчаны на вышыні 65 метраў над дном Даліны Прондніка(Dolina Prądnika). Перад уваходам знаходзіцца рэканструяваны лагер неандэртальцаў і аглядная пляцоўка, з якой можна палюбавацца прыгожай панарамай даліны.
Цёмная пячора - панарама даліны. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цёмная пячора складаецца з прасторнай камеры, якая лічыцца самай вялікай з усіх вядомых на Кракаўска-Чэнстахоўскім узвышшы. Ейная даўжыня складае амаль 90 метраў, шырыня – 20 метраў, а вышыня часам дасягае некалькіх метраў. Далей яна пераходзіць у вузкі калідор.
Цёмная пячора. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Дно пячоры пакрытае пластом асадка, якога таўшчыня месцамі складае больш за 8 метраў.
У пячоры можна паглядзець масіўныя сталагміты і гэтак званыя «вірныя катлы», якія ўзніклі ў часы, калі пячора была поўнасцю затопленая падземнай ракой. Характэрнай рысай Цёмнай пячоры з’яўляецца масіўная каменная калона, якая падзяляе частку галоўнай пячоры на дзве меншыя.
Цёмная пячора . Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Агулам сталактытавыя формы і ўтварэнні ў Цёмнай пячоры небагатыя. Цёмная пячора, як і іншыя пячоры ў Ойцаўскім нацыянальным парку, эксплуатаваліся людзьмі ў XIX стагоддзі, перш за ўсё для атрымання каштоўнага ўгнаення. Мясцовым пячорам не спрыяў таксама турыстычны рух на працягу стагоддзяў.
Цёмная пячора. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Першыя археалагічныя раскопкі ў пячоры былі праведзены ў 1898-1912 гадах. Знойдзеныя тады артэфакты з крэменю лічацца аднымі з найстарэйшых не толькі ў рэгіёне Ойцава, але і ўсяе Польшчы.
Вынікам даследаванняў, праведзеных у 1963-1968 гадах, з’яўляюцца шматлікія цікавыя помнікі культуры, якія адносяцца да пачаткаў перыяду апошняга зледзянення (70-54 тыс. гадоў да н.э.). Гэта, перш за ўсё, шматлікія нажы і іншыя прымітыўныя прылады, якія выкарыстоўваліся ў той час для апрацоўкі драўніны, скуры, мяса. Некаторыя з іх можна пабачыць на экспазіцыі ў музеі ў Ойцаве. У асадках на дне пячоры былі знойдзеныя таксама астанкі касцей пячорнага мядзведзя і расамахі.
Цёмная пячора. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У пачатку 1920-х гадоў у пячоры некаторы час было электрычнае асвятленне, якое потым было ліквідаванае. Электрычнасць пастаўлялася з электрастанцыі, размешчанай ля гэтак званай «Кракаўскай брамы». Менавіта таму інтэрʼер пячоры задымлены ад паходняў, з якімі калісьці турысты наведвалі гэтае месца.
Пячорны павук Meta Menardi. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У Цёмнай пячоры захоўваецца высокая вільготнасць – 90-98%. Тэмпература складае 7-8° Цэльсія незалежна ад пары году. Варта ўзяць гэта пад увагу перад наведваннем пячоры. Калі гаворка ідзе пра фаўну пячоры, тут мы можам пабачыць, між іншым, бяскрылых насякомых і кажаноў, асабліва ў зімовым перыядзе. Варта ведаць, што тут пражывае таксама пячорны павук Meta Menardi – самы атрутны павук у Польшчы. Пераважна ён тчэ павуцінне ля ўваходу ў пячоры, дзе чакае насякомых. Кажуць, яго ўкус больш балючы, чым укус шэршня. Каб пазбегнуць небяспекі лепш не дакранацца да сцен пячоры.
«Рукавіца». Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цёмная пячора стагоддзямі прыцягвала не толькі адмыслоўцаў, але таксама турыстаў. Сярод славутых асобаў, якія яе наведалі варта ўспомніць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Гарa Акопа. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Да Цёмнай пячоры прымыкае асаблівая горная парода, якую называюць «Рукавіцай». Паводле легенды, калі мясцовае насельніцтва хавалася ў Цёмнай пячоры падчас нашэсця татараў, Бог перакрыў уваход у яе сваёй рукой і такім чынам падмануў ворагаў. Доказам гэтага цуду з’яўляецца менавіта вялікая скала, якая нагадвае рукавіцу.
Цёмная пячора - панарама даліны. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Цёмна пячора размешчана ў самым сэрцы Нацыянальнага Ойцаўскага парку, высока над дном Даліны Прондніка, на схіле Кароннай гары. Яна адкрытая для турыстаў з красавіка па кастрычнік, але наведваць яе можна выключна з гідам. Каса, дзе можна купіць білеты, знаходзіцца на дне даліны пры дарозе. Купіўшы білет, трэба падняцца па каменнай лесвіцы ўверх да ўваходу ў пячору. Пасля наведвання пячоры можна падняцца яшчэ вышэй па зялёнай сцежцы да гары Акопа (Okopa), з якой адкрываецца цудоўнаja панарама даліны і парку.
Анна Задрожна