Беларуская Служба

У Варшаве прайшлі Дні памяці ахвяр былой турмы «Павяк» - жахлівага месца ў часы вайны

08.10.2021 16:51
Падчас вайны праз гэтае страшнае месца прайшло каля 100 тыс. зняволеных, загінула амаль 37 тыс. чалавек, а каля 60 тыс. трапіла ў нямецкія канцлагеры.
Аўдыё
  • У Варшаве прайшлі Дні памяці ахвяр былой турмы «Павяк» - жахлівага месца ў часы вайны
Muzeum Więzienia Pawiak
Muzeum Więzienia PawiakAdrian Grycuk; CC BY-SA 3.0 via Wikimedia Commons

У Варшаве прайшлі Дні памяці ахвяр былой турмы «Павяк».

Падчас вайны праз гэтае страшнае месца прайшло каля 100 тыс. зняволеных, загінула амаль 37 тыс. чалавек, а каля 60 тыс. трапіла ў нямецкія канцлагеры.

Турма «Павяк» была пабудаваная ў 1825-1835 гадах неўзабаве пасля ўзнікнення Царства Польскага і спачатку выкарыстоўвалася расійскімі ўладамі ў якасці звычайнай крымінальнай турмы, а затым, пасля Паўстання 1863 года, для зняволення паўстанцаў. Падчас расійскіх рэвалюцый 1905-1907 гадоў «Павяк» быў галоўнай турмой у Польскім Царстве для палітычных удзельнікаў рэвалюцый.

Да 1918 года галоўнай палітычнай турмой, якая знаходзілася ў Варшаве, была Варшаўская цытадэль. У «Павяк» накіроўваліся зняволеныя, якім не хапала месца для ўтрымлівання ў цытадэлі або паліцэйскай турме, якая размяшчалася ў ратушы старога горада.

«Павяк» прызначаўся для следчага працэсу над крымінальнымі і палітычнымі арыштантамі і складаўся з двух турмаў: мужчынскай і жаночай, якую, дарэчы, называлі «Сербіяй». Чаму «Сербія»? Таму што падчас руска-тарэцкай вайны 1877-1878 гадоў, гэтак званай сербскай вайны, у будынку жаночай турмы быў госпіталь.

Пасля здабыцця Польшчай незалежнасці ў 1918 году «Павяк» працягнуў выконваць свае турэмныя функцыі: у ім утрымліваліся як палітычныя, так і крымінальныя арыштанты.
Падчас акупацыі Польшчы Германіяй у 1939-1944 гадах «Павяк» быў галоўным турэмным цэнтрам Генерал-губернатарства. Праз турму за гэты час прайшло каля 100 тыс. вязняў.
Большую частку зняволеных, якія ўтрымліваліся ў турме ў тыя гады, складалі мужчыны ва ўзросце 25-50 гадоў і моладзь 15-20 гадоў. У турме ў гэты час нарадзілася 50 дзяцей.
Першыя вязні былі дастаўленыя ў «Павяк» 2 кастрычніка 1939 года. Нямецкія акупацыйныя ўлады ўтрымлівалі ў «Павяку» ахвяр аблаў, членаў падполля і палітычных зняволеных. Каля 60 тыс. вязняў турмы пасля свайго зняволення былі пазней перанакіраваныя ў канцэнтрацыйныя лагеры і на прымусовыя працы. 37 тыс. чалавек было расстраляна або пакарана іншым чынам.

16 кастрычніка 1942 года адбылося адно з найбуйнейшых масавых пакаранняў у «Павяку», калі былі забітыя 50 чалавек.

Дырэктар музея «Турма «Павяк» Яанна Герчыньска сказала падчас інаўгурацыі Дзён памяці, якія, дарэчы, адзначаюцца больш за 20 гадоў, што сучаснікі і нашчадкі павінны памятаць пра гэтае страшнае месца.

- «Павяк» быў створаны ў 1830-я гады. Першапачаткова там знаходзіліся крымінальныя вязні, пазней – паўстанцы 1863 года. У часы вайны турма стала страшным месцам, праз якое прайшло каля 100 тыс. чалавек, 37 тыс. – загінула. 60% вязняў, гэта значыць 60 тыс. чалавек, былі адпраўленыя ў канцлагер.

Прафесар Пётр Мадаўчык з Інстытуту нацыянальнай памяці лічыць, што ні ў якім разе нельга забываць пра ахвяр «Павяка».

- Неабходна памятаць пра людзей, якія прайшлі праз гэтае страшнае месца. Людзей тут трымалі ў бесчалавечных умовах. Катаванні, хваробы, перанаселенасць... Мы не павінны забываць пра людзей, якія тут знаходзіліся.

Пры адступленні нямецкіх войскаў з Варшавы ў 1944 годзе «Павяк» быў амаль цалкам разбураны. Цяпер засталіся толькі некаторыя фрагменты былой турмы. Ацалела частка сцен і брамы, а таксама вяз, які знаходзіўся ўнутры турмы. На гэтым дрэве сваякамі загінулых вязняў былі замацаваныя шыльды з іх імёнамі.

Цяпер на тэрыторыі былой турмы «Павяк» знаходзіцца мемарыяльны музей, які з'яўляецца часткай Музея Незалежнасці. Ён быў адкрыты ў 1965 годзе.

Некаторыя гітлераўскія злачынцы пасля вайны былі схопленыя і пакараныя за зверствы, здзейсненыя ў «Павяку».

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу