99 гадоў таму здарылася адна з трагічных падзей міжваеннай Польшчы. 16 снежня 1922 года ў грамадскім месцы быў застрэлены прэзідэнт Польшчы Габрыель Нарутовіч. Кіраўніком дзяржавы ён паспеў пабыць усяго толькі два дні.
Трагічная падзея мела месца ў будынку мастацкай галерэі «Захэнта» ў самым цэнтры Варшавы. Сюды першы прэзідэнт адроджанай Польшчы Габрыель Нарутовіч прыехаў на штогадовае адкрыццё мастацкага салону. Гэта была традыцыя кіраўнікоў маладой польскай дзяржавы, якую запачаткаваў Юзэф Пілсудскі. Прэзідэнтам Нарутовіч быў дэ-юрэ толькі пяць дзён – Нацыянальных сход яго выбраў 11 снежня. Дэ-факта – толькі два дні, таму што 14 снежня 1922 году ён прыняў прысягу як кіраўнік краіны. Дарэчы, да гэтага – з чэрвеня 1922 году да 14 снежня – ён займаў пасаду міністра замежных спраў Польшчы.
Але вернемся да замаху... Прэзідэнт павольным крокам хадзіў па галерэі, знаёмячыся з творамі выяўленчага мастацтва. Ён на момант спыніўся ля карціны «Шэрань» мастака Тэадора Зёмэка. Зімовы пейзаж быў апошнім, што ўбачыў Нарутовіч. Праз секунду прагучалі тры стрэлы. Было 12 гадзін 12 хвілін.
Каб зразумець, што адбылося 16 снежня 1922 году, трэба вярнуцца да першых выбараў прэзідэнта. Кіраўніка дзяржавы выбіраў Нацыянальны сход – аб’яднаныя палаты парламенту, – Сейм і Сенат. Большасць месцаў у парламенце (больш за 40%) мелі правыя сілы, у тым ліку крайнія. Астатнюю частку паміж сабой дзялілі народная і рабочая партыі (па 20%), сацыял-дэмакраты (20%) і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў.
Gabriel Narutowicz
Бясспрэчным кандыдатам на пасаду першага прэзідэнта здаваўся Юзэф Пілсудскі з увагі на свае заслугі для незалежнасці краіны. Але ён адмовіўся ад пасады, бо прэзідэнт не меў вялікай улады і перш за ўсё выконваў выключна прадстаўнічыя функцыі. Такім чынам, трэбы было выбраць кандыдата, які б адпавядаў кожнай палітычнай сіле.
Кандыдатаў было пяць чалавек – кожная палітычная сіла высунула свайго прадстаўніка. Нацыянальны сход галасаваў некалькі разоў, пакуль не засталося двое прадстаўнікоў – Габрыель Нарутовіч, якога падтрымліваў Юзэф Пілсудскі, і буйны землеўладальнік і арыстакрат Маўрыцы Замойскі. Вынікова перамог Нарутовіч дзякуючы галасам прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Параза Замойскага стала для правых сілаў шокам.
Адразу ж пасля выбару Габрыеля Нарутовіча на пасаду прэзідэнта Польшчы правыя, каталіцкія і нацыяналістычныя сілы пачалі ў друку кампанію па яго дыскрэдытацыі. Пісалася, што ён – не польскі кандыдат і быў выбраны галасамі немцаў, украінцаў і яўрэяў. Здаралася, што калі Нарутовіч ехаў па вуліцах Варшавы, то ў яго кідалі снежкі і нават цяжкія прадметы накшталт палак. А маладзёвыя групы розных палітычных партый ладзілі паміж сабой бойкі ў сталіцы.
Сітуацыя была вельмі напружаная – для здзяйснення сур’ёзнага злачынства не хапала толькі чалавека, які б узяў у рукі пісталет. Неўзабаве ён з’явіўся. Звалі яго Элігіюш Невядомскі. Ён быў мастаком, ветэранам польска-бальшавіцкай вайны і меў крайне правыя погляды. Замах на прэзідэнта Нарутовіча не быў арганізаванай акцыяй – гэта была злачынная ініцыятыва аднаго чалавека, які лічыў, што забіўшы кіраўніка краіны, ён выратуе Польшчу.
.
Кім жа быў Габрыель Нарутовіч? Па-першае, вядомым інжынерам. Будучы прэзідэнт нарадзіўся ў горадзе Цяльшай на тэрыторыі сучаснай Літвы ў 1865 годзе. Вучыўся ў ВНУ ў Петраградзе і Цюрыху. У Швейцарыі ён вядомы як адзін з піянераў па электрыфікацыі краіны. Пасля таго, як Польшча стала незалежнай у 1918 годзе, вярнуўся на радзіму. У 1920 годзе заняў пасаду міністра грамадскіх прац, пазней – міністра замежных спраў. Быў блізка знаёмы з Юзэфам Пілсудскім.
Pogrzeb prezydenta Narutowicza
Элігіюша Невядомскага схапілі. Суд яго прыгаварыў да расстрэлу. Ён адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні, а апошнімі словамі Невядомскага перад расстрэлам былі наступныя: «Я паміраю за Польшчу, якую знішчае Пілсудскі!». Расстралялі яго 31 студзеня 1923 года. У пахаванні Невядомскага ўдзельнічала каля 10 тыс. чалавек.
У момант пакушэння побач з Габрыелем Нарутовічам не было нікога, хто б мог абараніць прэзідэнта. Пасля замаху польскіх высокапастаўленых чыноўнікаў пачалі суправаджаць афіцэры аховы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл