Беларуская Служба

43 гады таму «Зіма стагоддзя» паралізавала Польшчу

31.12.2021 17:41
Таўшчыня снежнага покрыва даходзіла да метра, хоць з-за завеяў утвараліся снежныя гурбы вышынёй у некалькі метраў.
Аўдыё
  • 43 гады таму «Зіма стагоддзя» паралізавала Польшчу
    197879 ..
Марозная і снежная зіма 1978/79 г.г. Narodowe Archiwum Cyfrowe

На каталіцкія каляды прырода зрабіла сюрпрыз: зіма была сапраўдная – з марозам і снегам, хоць яго і не было шмат. У апошнія гады людзі сумуюць за сапраўднымі зімамі з гурбамі снегу, маразамі і белай прыродай. Цяжка паверыць, што не так даўно зіма магла паралізаваць жыццё гарадоў і вёсак. Сёння мы расказам пра польскую зіму, якая атрымала назву «Зімы стагоддзя».

«Зімой стагоддзя» ў Польшчы называюць зіму 1978/1979 гадоў. Вострая зіма прыйшла неспадзявана з 29-га на 30-га снежня 1978 года, калі ападкі дажджу пачалі пераходзіць у інтэнсіўныя ападкі снегу. Халодны атмасферны фронт паступова прасоўваўся з поўначы на поўдзень, прыносячы марознае надвор’е, снегапад і завеі. Таўшчыня снежнага покрыва даходзіла да метра, хоць з-за завеяў утвараліся снежныя гурбы вышынёй у некалькі метраў. У Польшчы даволі вядомы здымак, на якім мужчына стаіць на гурбе снегу побач з тэлефоннымі дратамі, расцягнутымі на слупах.


Narodowe Archiwum Cyfrowe Narodowe Archiwum Cyfrowe

Шматлікія вёскі аказаліся адрэзанымі ад свету, а ў гарадах спыніўся транспарт, сапсавалася ацяпленне, былі сур’ёзныя перабоі з электрычнасцю, згадваюць сведкі тых падзей.

- Надвор’е сапсавалася на Новы год. У мяне на працы ў канцы года шмат работы, і аказалася, што працаваць не можам, бо сапсавалася цэнтральнае ацяпленне, не было электрычнасці.

У гарадах не было ацяплення па некалькіх прычынах. Па-першае, сістэма не была разлічаная на такія маразы і нагрузкі ды звычайна давала збоі. Па-другое, цягнікі з вугалем захрасалі ў снежных гурбах на шляху з Сілезіі, дзе знаходзяцца вугальныя шахты. Па-трэцяе, ад марозу лопаліся рэйкі. Па-чацвёртае, вугаль у адкрытых вагонах замярзаў і ператвараўся ў камень. Для вырашэння крызісных сітуацый было кінутае войска. У расчыстцы вуліц дапамагалі грамадзяне, прычым яны самі арганізоўваліся і талакой прыступалі да працы.

Улады заклікалі грамадзян пры неабходнасці не выходзіць з дому і тым больш не накіроўвацца ў паездкі. Пра актуальную сітуацыю ў краіне рэгулярна пісалі газеты і паведамляла тэлебачанне і радыё. Па радыё паведамленні нагадвалі зводкі з фронту.
У многіх гарадах транспарт хадзіў нерэгулярна альбо ўвогуле не хадзіў. Шмат дзе аўтобусы курсіравалі ў снежных тунэлях, выкапаных у снезе спецтэхнікай.

У грамадзян з’явіліся таксама праблемы з прыгатаваннем ежы ў кватэрах ці хоць бы з тым, каб заварыць кіпень. Справа ў тым, што людзі ў халодным жыллі грэліся газам, з-за чаго ціск газу ў трубах настолькі падаў, што ён не даходзіў да ўсіх спажыўцоў. У той час тэмпература ў кватэрах на ўзроўні 2-3 градусаў вышэй за нуль была нечым звычайным. 2 студзеня 1979 году газеты напісалі, што ў цэлай краіне снег засыпаў 18 тыс. км дарог. А паколькі дарогі і чыгунка сталі непраезнымі то пачалі з’яўляцца праблемы з пастаўкамі тавараў у крамы, у тым ліку прадуктаў харчавання.

Пасажырскі і грузавы транспарт спыняўся не толькі з-за таго, што быў заблакаваны зімой, а таксама з-за таго, што гусцела дызельнае паліва. Многія палякі Новы 1979 год сустрэлі ў халодных кватэрах, галодныя і пры свечках.

Сітуацыя пачала нармалізавацца толькі ў сакавіку 1979 года, калі пачалося пацяпленне, а маразы пачалі адступаць.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу