Беларуская Служба

80 гадоў таму быў здзейснены першы палёт першага серыйнага верталёта

25.01.2022 18:07
13 студзеня 1942 году ўпершыню падняўся ў паветра Sikorsky R-4 – першы ў свеце серыйны верталёт.
Аўдыё
  • 13 студзеня 1942 году ўпершыню падняўся ў паветра Sikorsky R-4 – першы ў свеце серыйны верталёт
Śmigłowiec Sikorsky R-4. Kwiecień 1945.
Śmigłowiec Sikorsky R-4. Kwiecień 1945.National Archives of Record Administration/unrestricted

Пачатак эры верталётаў звязаны з Другой сусветнай вайной, хоць вінтакрылыя машыны ўпершыню з'явіліся на пачатку 20-га стагоддзя. Як немцы, так і саюзнікі бачылі патэнцыял паветраных апаратаў, якія маглі ўзлятаць і прызямляцца без узлётна-пасадачнай паласы. На полю боя верталёты зʼявіліся ў другой фазе вайны.

80 гадоў таму быў здзейснены першы палёт першага серыйнага верталёта.
13 студзеня 1942 году ўпершыню падняўся ў паветра Sikorsky R-4 – першы ў свеце серыйны верталёт. Яго канструктарам быў Ігар Сікорскі – расійскі інжынер, якога прымусіў пакінуць радзіму бальшавіцкі пераварот. Сікорскі пасяліўся ў эміграцыі ў ЗША, дзе стварыў шмат піянерскіх канструкцый у галіне авіяцыйнай прамысловасці, перш за ўсё ў верталётабудаванні. Дарэчы, Сікорскі меў польскія карані, бо яго продкі паходзілі з польскай валынскай шляхты.

Sikorsky R-4 выкарыстоўваўся на фронце. У красавіку 1945 году некалькі паветраных машын удзельнічала ў баявых дзеяннях у Бірме, дзе амерыканскія войскі змагаліся з японцамі. Перш за ўсё вінтакрылыя машыны выкарыстоўваліся як сувязны транспарт у цяжка даступных раёнах. Больш за тое, у той частцы свету амерыканцы вялі дыверсійныя дзеянні на тылах японскай арміі. Такім чынам, Sikorsky R-4 выкарыстоўваліся як сродкі хуткай эвакуацыі амерыканскіх салдат.

Увогуле гісторыя верталёта як паветранай машыны мае даўнія карані, бо сягае часоў Леанарда да Вінчы, калі вядомы італьянскі мастак, філосаф і канструктар зрабіў накіды паветранага апарату. А першы прататып верталёта падняўся ў паветра дзякуючы сіле мышцаў чалавека (дарэчы, асновай яго канструкцыі быў... веласіпед) праз чатыры гады пасля першага палёту самалёта з рухавіком унутранага згарання. Палёт працягнуўся толькі хвіліну, але гэтая хвіліна дала пачатак верталётнай эры.

Працы над стварэннем поўнасцю кіраванага верталёта працягваліся ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі. У прыватнасці, вялікую актыўнасць на гэтым полі праяўлялі Францыя, Савецкі Саюз, ЗША і Германія. Першыя эфекты прыйшлі толькі ў 1936 годзе, калі немцам удалося пабудаваць два экзэмпляры Focke-Wulf Fw 61.

Немцы мелі пэўныя поспехі ў стварэнні новых паветраных апаратаў і менавіта яны выкарысталі верталёты падчас ваенных дзеянняў. У 1942 годзе некалькі верталётаў Flettner Fl 282 «Kolibri» пачалі службу ў Крыгсмарынэ ў якасці разведвальных машын. Яны дыслакаваліся на бартах ваенных караблёў. Верталёт, які забіраў двух чалавек, спачатку выраблялі ў Берліне, а пазней у горадзе Швайдніц (сёння гэта горад Свідніца на тэрыторыі заходняй Польшчы). У апошнія дні вайны, вясной 1945 года, Flettner Fl 282 «Kolibri» прызямліўся ў акружаным горадзе Брэслаў (сёння – польскі Уроцлаў) і эвакуяваў гаўляйтэра Ніжняй Сілезіі Карла Ханкэ.

Акрамя малых «Kolibri», немцы таксама мелі большыя верталёты Focke-Achgelis Fa 223 «Drache», якія паступілі на службу ў самым канцы вайны. Пасля перамогі над Германіяй верталёты трапілі ў рукі саюзнікаў, аднак ніхто, акрамя немцаў, не ўмеў імі кіраваць. Таму адзін з верталётаў у Вялікабрытанію перакінуў нямецкі пілот Ганс Герштэнхаўэр. Ён быў ваеннапалонным і кіраваў машынай пад наглядам брытанскай аховы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу