Беларуская Служба

26 студзеня 1966 году была здзейсненая першая ў Польшчы перасадка ныркі

28.01.2022 16:42
Піянер польскай транспланталогіі Ян Нелюбовіч біяграфічна быў звязаны з Беларуссю.
Lekarze, który brali udział w pierwszej w Polsce transplantacji nerki, która zakończyła się sukcesem w styczniu 1966 roku.
Lekarze, który brali udział w pierwszej w Polsce transplantacji nerki, która zakończyła się sukcesem w styczniu 1966 roku. PAP/Danuta Rago

56 гадоў таму ў Польшчы мела месца важная падзея ў галіне польскай медыцыны. 26 студзеня 1966 году была здзейсненая першая ў краіне паспяховая перасадка ныркі. Каб увекавечыць гэтую дату, з 2005 года 26 студзеня ў Польшчы адзначаецца Дзень трансплантацыі.

Аперацыя па перасадцы ныркі была праведзеная ў Хірургічнай клініцы Варшаўскай медыцынскай акадэміі (сёння – Варшаўскі медыцынскі ўніверсітэт).

Увогуле ў свеце першую перасадку ныркі зрабілі ў 1954 годзе ў амерыканскім Бостане. У Польшчы першую аперацыю такога тыпу правялі ў 1965 годзе ва Уроцлаве, аднак падчас яе пацыент памёр. Такім чынам яна не лічыцца першай у польскай транспланталогіі.
Поспехам аднак закончылася аперацыя, праведзеная 26 студзеня 1966 году ў Варшаве. Пацыентку аперыраваў доктар медыцынскіх навук, хірург Ян Нелюбовіч і нефролаг, прафесар Тадэвуш Арлоўскі. Аперацыя пачалася а 17:00 гадзіне і працягвалася каля двух гадзін, сама ж трансплантацыя – 57 хвілін.

У групе лекараў, якія праводзілі аперацыю, быў хірург, пазнейшы прафесар Войцех Равіньскі. Вось як ён згадваў той гістарычны момант у эфіры Польскага радыё ў 2011 годзе.

- Гэта была вялікая падзея для нас усіх. Прафесар Нелюбовіч больш за год рыхтаваўся да аперацыі. Калі ў клініку прывезлі пацыентку пасля аўтамабільнай аварыі, было вядома, што яна не выжыве. Мы, канешне, праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але ў момант спынення працы сэрца было прынята рашэнне, што пацыентка стане донарам. Паводле сённяшніх крытэрыяў, клінічная смерць наступіла трыма днямі раней.

Прафесар Нелюбовіч з рэцыпіентам быў падрыхтаваны ў адной аперацыйнай, у другой была група лекараў, якая праводзіла забор ныркі. Але самым важным героем аперацыі была дзяўчына-рэцыпіент, бо ёй ніхто не мог абяцаць таго, што яна выжыве альбо што аперацыя ўдасца.

Рэцыпіентам была 18-гадовая Данута Мілеўска, навучэнка медвучылішча. Двума месяцамі раней у дзяўчыны прыйшлося выдаліць дзве ныркі з-за сур’ёзнай інфекцыі. Дзяўчына жыла толькі дзякуючы дыялізам. У тыя часы гэта была складаная і цяжкая працэдура: яна працягвалася 7-8 гадзін і яе трэба было паўтараць некалькі разоў на тыдзень.

Перасадка ныркі дала магчымасць Дануце нармальна жыць, хоць, на жаль, нядоўга: яна памерла ў ліпені 1966 года з-за вострага панкрэатыту. Хвароба была выкліканая імунасупрэсантамі, якія дзяўчына была прымушаная прымаць, каб арганізм не адкінуў перасаджанага органа.

У сваю чаргу донарам была жанчына, якая ў выніку сур’ёзнага ДТЗ атрымала цяжкія чэрапна-мазгавыя траўмы. У тыя часы не было яшчэ дакладнага вызначэння клінічнай смерці (яго апрацавалі толькі ў 1968 годзе навукоўцы Гарвардскага ўніверсітэту), таму лекары маглі правесці забор ныркі толькі пасля спынення сэрца. Тады таксама не было Закону аб трансплантацыі, і таму камандзе лекараў для правядзення перасадкі была патрэбная згода пракуратуры. Цяпер працэдуры нашмат прасцейшыя.

Праз два месяцы пасля варшаўскай аперацыі ва Уроцлаве была праведзеная аперацыя па перасадцы ныркі ад жывога донара. Рэцыпіентам была 24-гадовая пацыентка, а донарам – яе 30-гадовы брат.

Дарэчы, піянер польскай транспланталогіі Ян Нелюбовіч біяграфічна быў звязаны з Беларуссю. У гады вайны, з 1943 да 1945 гадоў, ён узначальваў бальніцу ў Валожыне, будучы адзіным лекарам у ёй.


Вядомы польскі анестэзіёлаг, прафесар Эва Майзнер-Завадска, якая прымала ўдзел у гістарычнай аперацыі, з аўтарам Вядомы польскі анестэзіёлаг, прафесар Эва Майзнер-Завадска, якая прымала ўдзел у гістарычнай аперацыі, з аўтарам

У групе лекараў, якія прымалі ўдзел у першай перасадцы ныркі, была таксама анестэзіёлаг, пазнейшы прафесар медыцынскіх навук Эва Майзнер-Завадска. Я маю гонар ведаць спадарыню прафесар, бо яна была кіраўніком маёй дыпломнай працы ў медыцынскай ВНУ на факультэце хуткай медыцынскай дапамогі. Менавіта яна праводзіла анестэзію пацыенткі Дануты Мілеўскай. Як згадвала праз гады прафесар Майзнер-Завадска, ніхто ў той момант не думаў, што здзяйсняецца важная гістарычная падзея ў польскай медыцыне: тады проста ўсе вельмі хацелі, каб аперацыя прайшла паспяхова.

Валеры Саўко

на галоўным фота: лекары, якія прымалі ўдзел у піянерскай аперацыі


Больш на гэтую тэму: Машына часу