78 гадоў таму, 29 студзеня 1944 года, у населеным пункце Градкавіцэ ў кракаўскім рэгіёне Армія Краёва здзейсніла замах на генерал-губернатара акупаванай Польшчы Ганса Франка.
Для кожнага нацыста канец студзеня быў важнай датай: 30 студзеня 1933 года нямецкі ўрад узначаліў Адольф Гітлер. Для нямецкіх акупантаў гэтая гадавіна была святам. На вуліцах акупаваных польскіх гарадоў гітлераўцы развешвалі плакаты, а ў рэжымнай прэсе з’яўляліся прынагодныя артыкулы. Неўзабаве ў польскім падполлі з’явілася ідэя здзейсніць замах менавіта падчас адзначэння гэтай даты.
У якасці аб’екту замаху быў выбраны ні хто іншы, як Ганс Франк – крывавы кіраўнік генерал-губернатарства, створанага на частцы тэрыторый акупаванай Польшчы. Некаторыя польскія землі гітлераўцы далучылі да Рэйху, іншыя ж увайшлі ў склад тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі, якую ўзначаліў Франк. Менавіта Франк адказваў за ўсе злачынствы, якія здзяйснялі немцы ў генерал-губернатарстве. Ён быў доктарам юрыдычных навук, распрацоўваў юрыдычную сістэму Трэцяга Рэйху, і за гэта яго цаніў Гітлер. Дзякуючы гэтаму Франк мог рабіць у Польшчы ўсё, што заўгодна, таму што меў пакравіцеля – самога Гітлера.
Generalny gubernator Hans Frank w Krakowie. Wrzesień 1939
У 1944 годзе Ганс Франк вырашыў накіравацца на адзначэнне студзеньскай даты ў Львоў. З Кракава ў Львоў нямецкі чыноўнік планаваў дабрацца на цягніку, які адпраўляўся з кракаўскага вакзалу а 23:00 гадзіне. Цягнік складаўся з трох вагонаў, у тым ліку з двух вагонаў-салонаў, у якіх ехалі гітлераўскія чыны, паліцэйскія начальнікі і афіцэры Вермахта. У трэцім вагоне было 25 салдат аховы.
Замах было вырашана правесці каля вёскі Градкавіцэ пасярод пушчы – у гэтым месцы чыгуначнае палатно акружаў густы лес, які дазволіў бы партызанам скрыцца сярод дрэў.
Пад рэйкамі партызаны падклалі выбухоўку, каб пусціць цягнік пад адхон. Пасля гэтага да акцыі прыступіў бы ўдарны атрад салдат.
Цягнік з’явіўся а 23:10. На жаль, тратыл выбухнуў раней. Машыністу ўдалося спыніць склад, і хоць вагоны сышлі з рэек, то аднак не былі пашкоджаныя. Немцы адкрылі агонь. З-за перавагі ў жывой сіле палякам прыйшлося адступіць.
Ганс Франк дабраўся ў Львоў і ўзяў удзел у нацысцкім свяце. Аднак вяртацца назад на цягніку пабаяўся – ён прыляцеў у Кракаў на самалёце. У адказ за замах немцы расстралялі каля 100 чалавек мірнага насельніцтва.
Пасля вайны Ганс Франк быў схоплены і за здзейсненыя злачынствы пакараны смерцю праз павешанне ў Нюрнбергу ў кастрычніку 1946 года.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл