Сёння ў гістарычнай рубрыцы – пра важную старонку гісторыі міжваеннай Польшчы. 85 гадоў таму, 5 лютага 1937 году, пачалася рэалізацыя буйнейшага эканамічна-тэхнічнага мерапрыемства – Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну. Гэта быў адзін з важнейшых праектаў міжваеннай польскай дзяржавы, побач з будовай партовага гораду Гдыня і развіццём прамысловасці. Індустрыяльным планам Варшавы перашкодзіла вайна, але рэалізацыю праекта польскія ўлады працягнулі пасля перамогі.
Цэнтральны індустрыяльны рэгіён (Centralny Okręg Przemysłowy) – гэта прамысловая вобласць у Польшчы, адзін з найбуйнейшых эканамічных праектаў Другой Рэчы Паспалітай. Пяцігадовы праект ініцыяваў знакаміты польскі эканаміст, намеснік прэм'ер-міністра і міністр фінансаў Эўгеніюш Квяткоўскі. Дарэчы, постаці вядомага палітыка і эканаміста, аўтара польскай грашовай рэформы, нейкі час таму мы прысвяцілі адну з рубрык «Машыны часу».
Eugeniusz Kwiatkowski
Менавіта Квяткоўскі быў ініцыятарам і галоўным рэалізатарам узвядзення Гдыні – у міжваенны перыяд адзінага польскага марскога порту. Пры гэтым яго кампетэнцыі і прафесіяналізм былі настолькі вялікімі, што пасля вайны Эўгеніюш Квяткоўскі паступіў на службу камуністычных улад і заняўся падняццем з руін знішчанай краіны.
Minister skarbu Eugeniusz Kwiatkowski w nieustalonych okolicznościach. Widoczny m.in. premier Felicjan Sławoj Składkowski
Пра праект расказвае прафесар Мар’ян Марэк Драздоўскі, які, дарэчы, навуковую працу на тытул магістра па гісторыі эканомікі бараніў пад навуковым кіраўніцтвам Эўгеніюша Квяткоўскага.
- Ініцыятарамі канцэпцыі былі не толькі грамадзянскія, але і вайсковыя ўлады. Маршал Эдвард Рыдз-Сміглы на падставе паведамленняў польскай разведкі разумеў, што наш мілітарны патэнцыял нашмат адстае ад магчымасцяў Вермахту і Чырвонай Арміі. У сувязі з гэтым у Генеральным штабе Войска Польскага быў створаны 6-гадовы план мадэрнізацыі польскіх узброеных сіл, які ўключаў у тым ліку стварэнне сучаснай абароннай прамысловасці.
Маршал Рыдз-Сміглы накіраваўся ў Францыю, каб атрымаць сродкі на рэалізацыю праекту. У верасні 1936 году афіцыйны Парыж запэўніў, што дасць Польшчы крэдыт на мадэрнізацыю войска і стварэнне абароннай прамысловасці, а таксама на заканчэнне будаўніцтва чыгуначнай лініі Сілезія – Гдыня, у памеры 2 млрд 500 млн французскім франкаў.
Marszałek Edward Rydz-Śmigły przed mikrofonem Polskiego Radia w studiu rozgłośni w Warszawie
Мэтай Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну было стварэнне буйнога прамысловага цэнтру пасярод краіны, па меры магчымасці як далей ад межаў, перш за ўсё ад мяжы з гітлераўскай Германіяй і Савецкім Саюзам. Кіраўніцтва краіны дзякуючы рэгіёну хацела таксама ўзмацніць польскую эканоміку і скараціць беспрацоўе. Чатырохгадовы план па развіццю праекту быў зацверджаны 1 верасня 1936 году.
Як згадвалася, праект рэгіёну быў адноўлены і ў шырокім маштабе рэалізаваны Польскай Народнай Рэспублікай.
Рэгіён ствараўся ў частках Львоўскага, Кракаўскага, Люблінскага і Келецкага ваяводстваў, на 15% тэрыторыі даваеннай Польшчы, на якой пражывала 6 млн чалавек. Да верасня 1939 году, калі Гітлер напаў на Польшчу, у рамках праекту было пабудавана 51 прадпрыемства і створана 110 тыс. працоўных месцаў.
Нефармальным адміністрацыйным цэнтрам Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну быў горад Сандомеж у Келецкім ваяводстве. Для параўнання: да рэалізацыі праекту ў горадзе пражывала 8 тыс. чалавек, а ў 1939 – ажно 13 тыс.
Сярод прадпрыемстваў, якія былі пабудаваныя да 1939 году, былі металургічныя заводы, прадпрыемствы машынабудавання, завод сінтэтычнага каўчуку, цэлюлозная фабрыка, якая выпускала цэлюлозу не толькі для вытворчасці паперы, але і пораху. Акрамя таго, былі ўзведзеныя хімічныя прадпрыемствы, аўтамабільны завод у Любліне, які выпускаў машыны па ліцэнзіі кампаніі «Шэўрале», а таксама некалькі прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу. Сярод іх – завод «Сталёва Воля», на якім выпускалі гаўбіцы па ліцэнзіі кампаніі «Шкода» калібрам 100 мм. Заводы ў гарадах Старахавіцэ і Радам выпускалі зброю і боепрыпасы, у Жэшаве – авіяцыйныя рухавікі.
А вось у горадзе Мелец каля Любліна пачаў працу Дзяржаўны авіяцыйны завод. Спачатку яго вырабы не былі найлепшымі, аднак перад самым пачаткам вайны на прадпрыемстве распрацавалі і пачалі выпускаць сярэдні бамбардзіроўшчык «Лось» і лёгкі бамбардзіроўшчык і самалёт-разведчык «Карась», якія ў той час не адставалі ад сусветных аналагаў.
PZL Karaś - jedna z najsłynniejszych konstrukcji Misztala.
Акрамя таго, стваралася інфраструктура, у прыватнасці, было пабудавана некалькі гідраэлектрастанцый, 300 км газаправоду і сотні кіламетраў чыгуначных і аўтамабільных шляхоў.
На жаль, у развіцці індустрыялізацыі Польшчы і пераўтварэнні краіны з сельскагаспадарчай у прамысловую перашкодзіла вайна. Пра значэнне і важнасць Цэнтральнага індустрыяльнага рэгіёну сведчыць хоць бы той факт, што яго рэалізацыю прадоўжылі ўлады ПНР.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл