Цяперашняе нападзенне Расіі на Украіну – гэта не першы ўзброены канфлікт, які выклікаў Крэмль на ўкраінскіх землях. Амаль 105 гадоў таму спачатку бальшавіцкая Расія, а пазней расійскія белагвардзейцы прыступілі да знішчэння Украінскай Народнай Рэспублікі. Маладая дзяржава была прымушаная бараніцца ўжо праз месяц пасля абвяшчэння.
Пасля грамадска-палітычных перамен у Расійскай Імперыі, і перш за ўсё пасля адрачэння Мікалая ІІ ад трону 15 сакавіка 1917 года, ва ўкраінцаў з’явіўся шанц на стварэнне незалежнай дзяржавы. У выніку 17 сакавіка 1917 года была створаная Украінская цэнтральная рада.
Галоўнай мэтай Рады было стварэнне ўкраінскіх дзяржаўных структур у рамках Расійскай Імперыі і перамовы з Часовым урадам Расіі. Перамовы працягваліся вельмі доўга, бо ажно да чэрвеня, а ўсе прапановы ўкраінцаў расіяне не бралі пад увагу.
Пагадненне ўдалося падпісаць толькі пад канец ліпеня 1917 года. Расійскі Часовы ўрад згадзіўся на стварэнне ўкраінскіх адміністрацыйных структур у пяці губернях: Кіеўскай, Падольскай, Палтаўскай, Валынскай і Чарнігаўскай. Пытанне аўтаноміі ўкраінскіх зямель было адкладзена ў часе.
Сітуацыя кардынальна змянілася пасля бальшавіцкага перавароту. Для Украінскай цэнтральнай рады гэта быў адпаведны момант на пашырэнне сваіх уплываў. 20 лістапада 1917 года Рада аб’явіла аб стварэнні Украінскай Народнай Рэспублікі, якая мела існаваць у цеснай сувязі з Расійскай Рэспублікай. Але само існаванне Рэспублікі пад кіраўніцтвам Часовага ўраду набліжалася да канца ў сувязі з бальшавіцкім пераваротам. Украінскія дзяржаўныя амбіцыі не спадабаліся бальшавікам – неўзабаве пачалася ўкраінска-бальшавіцкая вайна. Гаворыць прафесар гістарычных навук Павал Вечаркевіч (архіўны запіс Польскага радыё з 1998 года).
- Галоўнымі ворагамі ўкраінскай незалежнасці былі рускія – чырвоныя і белыя. Першапачаткова бальшавікоў ніхто не ўспрымаў усур’ёз, бо падчас выбараў ва ўкраінскую Канстытуанту – заканадаўчы сход, – якія прайшлі ў палове снежня 1917 года, бальшавікі набралі толькі 10% галасоў, украінскія ж партыі – 70%. Але бальшавікі былі арганізаванай структурай, якую падтрымліваў Ленін. Прычым сярод украінскіх бальшавікоў амаль не было ўкраінцаў, а перш за ўсё рускія, яўрэі і ў меншай ступені палякі.
13 снежня бальшавікі прадпрынялі першую спробу захопу ўлады. Спроба закончылася правалам. Раззбраенне бальшавіцкай Чырвонай гвардыі выклікала востры пратэст бальшавіцкай Расіі, якая, аднак, прызнала незалежнасць Украіны. А далей падзеі развіваліся паводле сцэнара, які бальшавікі заўсёды рэалізавалі ў выпадку анексіі незалежнай краіны. А менавіта, бальшавіцкія дэлегаты на Агульнаўкраінскі з’езд саветаў 27 снежня абвясцілі аб стварэнні ў Харкаве Украінскай Народнай Рэспублікі Саветаў. І неўзабаве на тэрыторыю Украіны ўвайшла Чырвоная армія для аказання «братняй дапамогі». На тэрыторыі Украіны пачалі ствараць падраздзяленні Чырвоных казакоў. Гэта былі нешматлікія, але добра арганізаваныя атрады, якія ў студзені 1918 года занялі Адэсу і Херсон. А 29 студзеня адбылася лёсавызначальная бітва пад Крутамі, падчас якой былі разбітыя войскі Сямёна Пятлюры.
Украінская Народная Рэспубліка афіцыйна функцыянавала як суб’ект міжнароднага права з 25 студзеня 1918 года. Украінцы падпісалі пагадненне з Германія і Аўстра-Венгрыяй, на моцы якога ўзялі на сябе абавязак забяспечваць нямецкую і аўстра-венгерскую арміі харчаваннем узамен за ваенную падтрымку. А паколькі бальшавікі не збіраліся пакідаць тэрыторыю Украіны, то Германія і Аўстра-Венгрыя пачалі наступленне на іх пазіцыі ў лютым 1918 года. Неўзабаве саюзнікі вызвалілі ўкраінскія тэрыторыі, аднак перадумалі перадаваць уладу УНР. На месцы ўкраінскай рэспублікі немцы і аўстрыйцы стварылі Украінскую Дзяржаву, якую ўзначаліў генерал-лейтэнант Расійскай імператарскай арміі Павел Скарападскі, узяўшы тытул Гетмана ўсяе Украіны.
У канцы восені 1918 года быў створаны Дырэктарыят Украінскай Народнай Рэспублікі. Новаму цэнтру ўлады ўдалося стварыць 90-тысячную армію, якая неўзабаве заняла Кіеў і іншыя гарады. Праз некалькі месяцаў бальшавікі пачалі наступленне на сталіцу - уладам УНР прыйшлося пакінуць горад.
Летам 1919 года армія УНР, сабраўшы сілы, планавала адбіць занятыя бальшавікамі гарады. Аднак на сваім шляху сустрэла іншага ворага – Дабраахвотніцкую армію генерала Антона Дзянікіна. Царскі афіцэр быў рашучым праціўнікам незалежнасці Украіны. На занятых ім тэрыторыях украінскія культурныя цэнтры і школы ліквідаваліся, а ўкраінская інтэлігенцыя трапляла пад рэпрэсіі. Неўзабаве войскі Дзянікіна былі канчаткова выціснутыя з Украіны, а на яе тэрыторыі бальшавікі пачалі будаваць сваю ўладу.
У канцы 1919 года было вядома, што вайна заканчваецца. Восенню 1920 года армія УНР пад ціскам бальшавікоў адступіла на тэрыторыю Польшчы.
Дырэктарыят УНР падаўся ў эміграцыю, дзе існаваў ажно да 1991 года. Тады ж адбылася сімвалічная перадача ўлады першаму прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
На фота: Сямён Пятлюра перад украінскімі вайсковымі фарміраваннямі. Май 1920 года