Беларуская Служба

Палякі святкуюць гадавіну «Цуду над Віслай» (ВІДЭА)

15.08.2024 12:34
Нямы фільм «Цуд над Віслай» быў зняты па замове Аддзелу прапаганды Міністэрства вайсковых спраў.
Аўдыё
  • 104 год таму адбылася прэм’ера «Цуду над Віслай» - аднаго з першых польскіх фільмаў
Oryginalne zdjęcie z 1920 roku przedstawiające kawalerzystów - uczestników wojny polsko-bolszewickiej. To właśnie o tym wydarzeniu opowiada film Ryszarda Bolesławskiego Cud nad Wisłą, z 1921 roku
Oryginalne zdjęcie z 1920 roku przedstawiające kawalerzystów - uczestników wojny polsko-bolszewickiej. To właśnie o tym wydarzeniu opowiada film Ryszarda Bolesławskiego "Cud nad Wisłą", z 1921 rokuNAC/Domena publiczna

Фільм «Цуд над Віслай» расказвае пра Варшаўскую бітву жніўня 1920 году, якая стала лёсавызначальнай у польска-бальшавіцкай вайне. 

Рэжысёрам быў Рышард Баляслаўскі, які здымаць фільмы пачаў яшчэ ў царскай Расіі. Дарэчы, Баляслаўскі быў акцёрам славутага маскоўскага тэатру МХАТ. Пасля Кастрычніцкага перавароту выехаў на радзіму, у Польшчу, дзе быў прыняты ў Войска Польскае. На пачатку Першай сусветнай вайны ён закончыў царскае ваеннае вучылішча, таму яго досвед афіцэра спатрэбіўся польскай арміі. Больш за тое, ён не толькі прымаў удзел у барацьбе за незалежнасць Польшчы ў польска-бальшавіцкай выйне, але таксама здымаў прапагандысцкія фільмы на патрэбы войска.

Нямы фільм «Цуд над Віслай» быў зняты па замове Аддзелу прапаганды Міністэрства вайсковых спраў. У ім расказваецца пра вайну і Варшаўскую бітву, якую ў Польшчы называюць «цудам над Віслай». Галоўную жаночую ролю выканала Ядвіга Смасарска, найбольшая зорка даваеннага польскага кіно. На жаль, але да нашых дзён захаваўся толькі фрагмент кінакарціны – 53 хвіліны з больш чым 2 гадзін фільму. У 2011 годзе Нацыянальная кінатэка Польшчы правяла рэканструкцыю фільма. Як гэта выглядае? Можна ўбачыць вось на гэтым відэа.

Падзеі ў фільме пачынаюцца зімой 1919 году ў адной з вёсак, размешчаных на рацэ Буг. Сёння гэта тэрыторыя Беларусі. Пазней падзеі пераносяцца ў Варшаву, у адну з бальніц. Урач Ян Павада ратуе жыццё сыну памешчыка, які ў знак удзячнасці запрашае медыка ў госці ў свой маёнтак менавіта ў вёску, з падзей у якой пачынаецца фільм.

У 1920 годзе бальшавіцкая Расія пачынае наступальную аперацыю. Лекар Павада накіроўваецца на фронт, дзе служыць ваенным урачом і нясе дапамогу параненым салдатам і афіцэрам. У фільме таксама паказаныя сцэны бітвы. Ігра акцёраў і пастаноўка былі настолькі рэальнымі, што пасля прэм’еры некаторыя журналісты меркавалі, што рэжысёр умантаваў у фільм дакументальныя кадры. Такі эфект удалося дасягнуць дзякуючы таму, што Рышард Баляслаўскі сам браў удзел у ваенных дзеяннях у польска-бальшавіцкай вайне.


Józef Piłsudski rozmawia z generałem Edwardem Śmigłym-Rydzem Józef Piłsudski rozmawia z generałem Edwardem Śmigłym-Rydzem

«Цуд над Віслай» завяршаецца хэпі-эндам. Урач Ян Павада пасля завяршэння службы жэніцца са сваёй каханай, а фільм заканчваецца дакументальнымі кадрамі ўручэння булавы маршала Юзэфу Пілсудскаму 14 лістапада 1920 году. Такім чынам, у «Цудзе над Віслай» паказаныя і ваенныя падзеі, і каханне, і элементы драмы.

Аўтарам сцэнарыя быў Адам Загурскі. Першапачаткова фільм складаўся з двух частак: прэм’ера першай адбылася 16 сакавіка 1921 году, другой – 29 сакавіка таго ж году. Дарэчы, прэм’ера кінакарціны адбылася за два дні перад падпісаннем Рыжскага пагаднення, на моцы якога быў заключаны мір паміж Польшчай і бальшавіцкай Расіяй.

Сам жа рэжысёр Рышард Баляслаўскі ў 1922 годзе разам з тэатральнай трупай выехаў на гастролі ў ЗША, дзе і застаўся жыць. У 1920-х гадах быў дырэктарам аднаго з тэатраў у Нью-Ёрку, выкладаў таксама акцёрскае майстэрства. Зняў некалькі фільмаў, у тым ліку з Марлен Дзітрых у галоўнай ролі. Памёр у выніку інфаркту ў 1937 годзе ва ўзросце 48 гадоў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

на галоўным фота: польскія кавалерысты, удзельнікі польска-бальшавіцкай вайны

на фота ў тэксце: Юзэф Пілсудскі (злева) і генерал Эдвард Рыдз-Сміглы


Больш на гэтую тэму: Машына часу