Беларуская Служба

Выпальванне травы шкодзіць і чалавеку, і прыродзе

27.03.2022 08:09
На лугах, у прыдарожных канавах і палях пачынае паяўляцца разбуральнае полымя.
Аўдыё
  • Выпальванне травы шкодзіць і чалавеку, і прыродзе
.
.terski/pixabay.com/CC0

Гэта знак таго, што пачаўся сезон выпальвання травы. Гэтая з'ява небяспечная не толькі для чалавека, але і для прыроды. Больш за тое, у Польшчы спальванне травы строга забаронена і можа карацца штрафам або нават пазбаўленнем волі.

Кшыштаф Мараўскі з Дзяржаўнай пажарнай службы ў Рыках адзначае, што веснавыя пажары на палях – гэта сталая праблема.

– На жаль, гэта сталая кропка ў статыстыцы падзей пажарнай службы. Гэта вельмі характэрны пункт, паколькі вясновыя месяцы, сакавік-красавік – гэта відавочны пік росту падзей на сельскагаспадарчых неўжываных палях. Па пагрозай ад выпальвання травы апынаюцца таксама лясы.

Леапольд Леська з Пулаўскага лясніцтва звяртае ўвагу на тое, што бываюць выпадкі, калі прыватныя ўласнікі падпальваюць лугі ці іншыя ўчасткі, пасля чаго адбываюцца небяспечныя пажары.

- Што здарылася? Умовы надворʼя раптоўна змяніліся. Пачаўся моцны, даволі парывісты вецер, і гэты напрамак агню пайшоў у бок дзяржаўнага лесу, згарэла глебавае покрыва.

Гэтая практыка існуе на працягу многіх стагоддзяў. Спачатку палілі лес, каб атрымаць поле пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пасля лічылася, што гэта добрая падрыхтоўка поля да сяўбы, бо дзякуючы гэтаму можна было разрыхліць глебу, лёгка атрымаць з попелу ўгнаенне і пазбавіцца ад турботнага пустазелля. На працягу многіх пакаленняў многія фермеры надалей лічаць, што спальванне травы прывядзе да больш хуткага і больш эфектнага росту маладой травы, што прынясе эканамічную выгаду. Нічога больш памылковага.

Кшыштаф Курас з Люблінскага сельскагаспадарчага кансультацыйнага цэнтра ў Коньскаволі тлумачыць, што гэта мае значныя наступствы для глебы.

-Такое выпальванне травы выклікае павышэнне тэмпературы, што ў сваю чаргу прыводзіць да яе стэрылізацыі. Гэта азначае, што ўсё біялагічнае жыццё і бактэрыі, якія жывуць у глебе, проста знішчаюцца. Таму наступстваў – вельмі шмат. Галоўная матывацыя, чаму людзі гэта робяць, гэта тое, што ў першым часе пасля выпальвання травы расліннасць сапраўды расце лепш. Гэта звязана з тым, што ўсе пажніўныя рэшткі вельмі хутка мінералізуюцца за кароткі час. Азот вылучаецца хутка, і ў гэты першы перыяд расліны могуць лепш расці, але працэс вельмі кароткачасовы, а потым перастае дзейнічаць. У сваю чаргу, наступствы знішчэння біялагічнага жыцця ў глебе вельмі працяглыя і іх вельмі цяжка аднавіць.

Іншая прычына, па якой нельга выпальваць траву, гэта жывёла. На лугах і палях жывуць многія віды раслін і жывёлы, у тым ліку і тыя, якія знаходзяцца пад аховаю. У полымі або ў выніку падвышанай тэмпературы гінуць многія карысныя хрыбетныя жывёлы: амфібіі (жабы, яшчаркі), млекакормячыя (краты, вожыкі, зайцы, лісы, барсукі, куніцы, палёўкі, землярыйкі і іншыя дробныя грызуны). Агонь не перажывуць бесхрыбетныя, напрыклад, дажджавыя чарвякі (якія станоўча ўплываюць на структуру глебы і яе ўласцівасці), павукі, казуркі.

Неразлучным спадарожнікам агню заўсёды зʼяўляецца дым. Дым, які паходзіць з гарэння, можа быць вельмі атрутным. Перш за ўсё, у ім прысутнічаюць канцэрагенныя вуглевадароды, вуглякіслы газ і дыяксід серы. Такая сумесь можа выклікаць атручванне і, як следства, захворванні (алергія, рак).

У Польшчы выпальванне травы забаронена законам. За такое дзеянне падпальшчыку пагражае пазбаўленне волі нават на тэрмін да 10 гадоў.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце