Беларуская Служба

Польшчы і іншыя прамысловыя краіны павінны адмовіцца ад спальвання вугалю да 2030 году

01.04.2022 12:07
Навукоўцы не маюць сумневаў, што будзе, калі свет не адмовіцца ад выкапнёвага паліва.
Аўдыё
  • Польшчы і іншыя прамысловыя краіны павінны адмовіцца ад спальвання вугалю да 2030 году
.
.photoshopper24/pixabay.com/CC0

«Лічыльнік для клімату» ўзнік дзень да пачатку кліматычнага саміту ў Глазга ў снежні мінулага году. Ён адлічвае час да канца 2030 году. Гэта час, калі Польшча і іншыя прамысловыя краіны павінны адмовіцца ад спальвання вугалю.

Прэс-сакратар польскага аддзялення «Грынпіс» Катажына Білеўска адзначае, што цяпер вельмі важны час, які дасканала адлюстроўвае сітуацыя на энергетычных рынках і кліматычны крызіс.

-Мы ўжо цяпер ведаем, што чалавецтву засталося няшмат часу, каб прадухіліць найбольш страшныя наступствы кліматычнага крызісу. Калі мы хочам не дапусціць да самага чорнага сцэнару, то людзі павінны адмовіцца ад спальвання выкапнёвага паліва. У першую чаргу гэта вугаль – да 2030 году, далей да 2035 году ад газу, але таксама ад спальвання нафты. 2030 год вызначаны на падставе меркавання вучоных Міжурадавай групы па пытаннях змены клімату. А яны выразна кажуць, што да паловы стагоддзя ўвесь свет павінен стаць кліматычна нейтральным. Прамысловыя краіны, як Польшча, павінны гэта зрабіць яшчэ хутчэй.

Што гэта за чорны сцэнар? Навукоўцы не маюць сумневаў, што будзе, калі свет не адмовіцца ад выкапнёвага паліва. Сярэдняя глабальная тэмпература падымецца на 1,5 градуса, а ў выніку наступяць вельмі сур’ёзныя змены, працягвае Катажына Білеўска.

-Ужо цяпер можна казаць пра павышэнне ўзроўню мораў, можна казаць пра пераўтварэнне некаторых кавалкаў свету ў пустыню. Гэта прымусіць людзей перамяшчацца, шукаць новае месца для жыцця. Частка зямлі будзе залітая вадой, а на частцы немагчыма будзе існаваць з-за працяглай спёкі, у выніку якой, напрыклад, немагчыма будзе нічога вырошчваць і гадаваць. Нават Польшчу не абмінуць наступствы кліматычнага крызісу. З урадавага дакумента «Экалагічная палітыка Польшчы да 2030 году» выразна вынікае, што Польшча можа спадзявацца «пустыннасці» Лодскага ваяводства. У Польшчы можна спадзявацца затаплення Жулаў і некаторых участкаў блізу Балтыйскага мора. Польшчу ўсё часцей будуць наведваць ураганныя вятры, а таксама навальнічныя дажджы, якія могуць знішчаць плёны і затапліваць гарады, якія не падрыхтаваныя да змен клімату. Зацянутыя перыяды спёкі будуць вельмі небяспечныя для старых людзей. Мяркуецца, што з увагі на хвалі спёкі ў гарадах можа павялічыцца смяротнасць.

Што можа быць альтэрнатывай? Паводле «Грынпіс», самым важным павінна быць прыспяшэнне развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Гэта павінна быць адблакаванне ветравой энергіі на сушы, стварэнне прыцягальных умоваў для людзей, якія хочуць інвеставаць у сонечную энергетыку, а таксама хутчэйшыя працы над будовай марскіх ветрапаркаў.

-Гэта рэчы, якія можна зрабіць адразу, паколькі для гэтага патрэбна толькі падрыхтаваць некалькі законапраектаў. Вельмі важнай з’яўляецца дзейнасць на карысць развіцця публічнага транспарту, падтрымка чыгункі, падтрымка грамадскага транспарту ў цэлай Польшчы. Таксама трэба адмовіцца ад авіярэйсаў на кароткіх дыстанцыях, напрыклад, па тэрыторыі ЕС, на карысць чыгункі. У многія месцы ў Еўрасаюзе можна дабрацца цягніком, не трэба карыстацца самалётамі. Авіятранспарт у значнай ступені прычыняецца да паглыблення кліматычнага крызісу.

Пасля пачатку вайны ва Украіне «Грынпіс» яшчэ грамчэй пачаў казаць пра неабходнасць спынення пакупкі выкапнёвага паліва ў Расіі.

-Галоўнай крыніцай даходу, калі мы кажам пра выкапнёвае паліва, з’яўляецца продаж нафты. Але Расія прадае краінам ЕС нафту, газ і вугаль. Чалецкія краіны, у тым ліку Польшча, з пачатку вайны заплацілі Расіі за выкапнёвае паліва больш за 20 млрд еўра. Частка з гэтых сродкаў можа пайсці на ўзбраенне расійскай арміі, на пакупку боепрыпасаў, якімі абстрэльваюць украінскія гарады і вёскі. Таму «Грынпіс» заклікае прэм’ера Матэвуша Маравецкага, але і старшыню Еўрапейскай камісіі Урсулу фон дэр Ляен увесці забарону імпарту выкапнёвага паліва – нафты, газу і вугалю – з Расіі. Важна знайсці іншыя крыніцы энергіі, але не іншага пастаўшчыка, ад якога мы таксама станем залежнымі, а перафарматаванне еўрапейскай энергетыкі, развіццё аднаўляльных крыніц энергіі. Мы заклікаем да вельмі глыбокай трансфармацыі энергетычнай сістэмы, павышэнне энергетычнай эфектыўнасці, у тым ліку тэрмамадэрнізацыі будынкаў, інвестыцыі ў грамадскі транспарт, у тым ліку чыгунку.

На старонцы «Грынпісу» можна падпісаць петыцыю з заклікам спыніць пакупку паліва ў Расіі.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце