Украіна вядзе вайну значна больш эфектыўна, чым прагназавалі многія аналітыкі. Украінскія абаронцы трымаюцца ўжо звыш паўтара месяца, яны дабіліся значнай перамогі на паўночным напрамку, адкуль расійскія акупанты былі прымушаны адступіць. Але, ад адчаю расійскага кіраўніцтва, могуць быць ўжытыя забароненыя віды зброі.
Украінскі спосаб вядзення вайны можа прывесці да таго, што калісьці здавалася немагчымым: да перамогі. Пра гэта ўжо адкрыта кажуць ваенныя эксперты. Напрыклад, адзін з такіх экспертаў Філіпс Пейсан О'Браен напісаў у часопісе «Атлантык», што «украінскі спосаб вядзення вайны – гэта зладжаная, разумная і прадуманая стратэгія барацьбы з расіянамі, адкалібраваная, каб скарыстацца канкрэтнымі слабымі месцамі Расіі. Гэта дазволіла ўкраінцам заставацца мабільнымі, знішчыць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, дапамагло прымусіць расіян займаць стацыянарныя пазіцыі на працягу доўгага часу і падвяргаць сябе цяжкім стратам». У бітве пад Кіевам такая тактыка прывяла да перамогі, якая цалкам змяніла расклад сілаў у гэтай вайне – мяркуе кандыдат гістарычных навук ОʼБраен, які зʼяўляецца прафесарам універсітэта Сэнт-Андруса ў Шатландыі.
Акрамя таго, ОʼБраен звяртае ўвагу, што ўкраінцы «ператварылі свае гарады ў крэпасці», што істотна ўскладніла лагістыку і камунікацыю расіян: «Расіяне ўсё яшчэ могуць перамяшчаць войскі па дарогах, але неабходнасць пазбягаць гарадоў, якія кантралююцца ўкраінскімі сіламі, прымушае іх войскі ісці па больш працяглых і складаных маршрутах».
Не маючы магчымасці перамагчы ў сумленнай барацьбе, расіяне могуць выкарыстаць забароненыя віды ўзбраенняў, між іншым, хімічную зброю. І першыя звесткі пра магчымасць такіх практык ужо зʼявіліся. Расійскія акупанты выкарысталі хімічныя рэчывы падчас спробаў захопу заводу «Азоўсталь» у Марыупалі, які доўгі час утрымліваюць пад сваім кантролем украінскія абаронцы полку «Азоў». Атака адбылася ў панядзелак, адносна лёгка былі атручаныя трое байцоў полку, аб чым паведаміў у сацсетках лідар «Азова» Андрэй Білецкі.
- Калі казаць пра практычны бок удару, ён невялікі – трое людзей маюць прыкметы атручвання баявымі хімічнымі рэчывамі, але без катастрафічных наступстваў. Нават зброю масавага знішчэння гэтыя ідыёты не могуць выкарыстаць. Калі ж казаць пра маральны бок, гэта гаворыць аб баязлівасць расіян... Агулам, як зʼявілася хімічная зброя? Гэта быў адказ на пазіцыйны тупік падчас Першай сусветнай вайны. Каб выйсці з гэтага тупіку, пачалі выкарыстоўваць такую негуманную зброю. Гэта было сведчанне адчаю вайсковага кіраўніцтва ваюючых краін. Цяпер, выкарыстоўваючы такую зброю, расіяне разумеюць, што гэта хутка стане вядома ўсяму свету, іх назавуць тэрарыстамі, якія парушаюць канвенцыі. Гэта значыць, што яны ў адчаі, паколькі не могуць узяць Марыупаль.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў у сваім звароце, што Украіна вельмі сур’ёзна ставіцца да магчымасці выкарыстання расіянамі зброі масавага знішчэння. І на гэта неабходна звяртаць увагу сусветных палітычных лідараў.
- Я хачу нагадаць сусветным лідарам, што расійскія вайскоўцы ўжо абмяркоўвалі магчымасць выкарыстаць хімічную зброю. Ужо тады гэта азначала, што неабходна рэагаваць на расійскую агрэсію значна больш жорстка і хутка. Цяпер ЕС пачаў абмяркоўваць шосты пакет санкцый супраць Расіі. Трэба яго зрабіць такім, каб з боку Расіі больш не прагучала нават слова пра зброю масавага знішчэння. У тым ліку абавязковае нафтавае эмбарга супраць Расіі.
Хімічная зброя масавага знішчэння – гэта, акрамя атамнага арсеналу, адно з табу, звязанага з вайной. Выкарыстанне хімічнага ўзбраення забаронена шматлікімі міжнароднымі канвенцыямі, дарэчы, самі генералы, камандзіры разумеюць, што выкарыстанне такой зброі можа прынесці значна больш негатыўных наступстваў, асабліва на міжнароднай арэне – успрыняцці дзяржавы-агрэсара, чым дасягнутая карысць ад магчымай перамогі. Варта нагадаць, што Адольф Гітлер пацярпеў у выніку хімічнай атакі падчас першай сусветнай вайны. Тады будучы фюрэр і ваенны злачынца змагаўся на фронце, у выніку хімічнай атакі ён часова страціў зрок. І запомніў гэты ўрок на ўсё жыццё, ніколі не выдаў загад выкарыстаць хімічную зброю на полі бою, хаця ў нацысцкай Германіі была такая магчымасць.
Пуціну неабходная хаця б якая перамога, каб да 9 мая паказаць сваім «ястрабам» і грамадству, што ён атрымаў поспех ва Украіне. Такім поспехам мог бы стаць захоп Данбасу. Але дзеля гэтага расіянам не хапае ваеннай моцы. І таму вельмі магчыма, што Пуцін будзе з яшчэ большай сілаю націскаць на Лукашэнку, каб ён выдаў загад наступаць на Украіну. У аўторак беларускі ўзурпатар знаходзіцца з візітам у Расіі. Верагоднасць далучэння беларускай арміі да расійскай «аперацыі» вельмі вялікая – сказаў у эфіры тэлестанцыі "Украіна24" ваенны эксперт Алег Жданаў.
- Пуцін зноў будзе душыць Лукашэнку, каб ён увёў беларускую армію ў вайну і адцягнуў на валынскі напрамак нашыя войскі і спрабаваў адрэзаць шляхі паставак ад заходніх партнёраў. На маю думку, галоўны напрамак удару – Львоў і Луцк. Сітуацыя зноў абвастраецца, мы крыху супакоіліся, паколькі сам Лукашэнка разумее, што, пакуль ён не выдаў загад, у яго ёсць нейкія шанцы ўтрымацца на сваім месцы. Але Пуціну неабходны манеўр, якія адцягне ўвагу. Ці Расія калі-небудзь затрымаецца? Не, яна не затрымаецца, пакуль кіруе Пуцін.
Большасць экспертаў мяркуе, што вынік бітвы за Марыупаль вельмі істотна паўплывае на далейшы ход вайны Расіі супраць Украіны.
Украіна24/нг