79 гадоў таму польскае падполле здзейсніла замах на высокапастаўленага гітлераўскага функцыянера. І хоць пакушэнне не ўдалося, то аднак яно ўвайшло ў гісторыю як прыклад нязломнасці і адвагі палякаў у змаганні з нямецкімі захопнікамі.
20 красавіка (дарэчы, гэта дзень нараджэння Адольфа Гітлера) 1943 году ў Кракаве быў здзейснены замах на Фрыдрыха Вільгельма Кругера. Аперацыю правёў спецатрад «Аса – Каса» Арміі Краёвай.
Кругер быў высокапастаўленым гітлераўскім чыноўнікам. У кастрычніку 1939 году, калі на частцы акупаваных польскіх тэрыторый на моцы дэкрэту Гітлера немцы стварылі генерал-губернатарства з адміністрацыйным цэнтрам у Кракаве, ён быў прызначаны на пасаду вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі ў генерал-губернатарстве. Займаў яе да лістапада 1943 года. Обергрупенфюрэр СС Кругер адказны за шматлікія забойствы і злачынствы супраць палякаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей на тэрыторыі акупаваных польскіх зямель. Дарэчы, ён быў памочнікам Генрыха Гімлера па пытаннях умацавання нямецкасці ў генерал-губернатарстве. У партыйнай анкеце ён напісаў: «я не веру ў бога, я веру ў Германію».
На руках Фрыдрыха Вільгельма Кругера – кроў тысяч палякаў і польскіх яўрэяў. Ён адказны за Галакост на акупаваных польскіх тэрыторыях, прымусовае перасяленне палякаў, карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва, злачынствы ў канцлагерах Майданэк і Бэлжац.
У адным з сакрэтных рапартаў у Берлін Кругер пісаў: «Тэрыторыю Польшчы мы павінны замяніць у лагер прымусовай працы. На працягу году нам трэба вырваць з каранямі мільён чалавек. Мы будзем іх перасяляць і высяляць».
Фрыдрых Вільгельм Кругер у 1939 годзе
У маі 1942 году кіраўніцтва Арміі Краёвай стварыла спецатрад «Аса – Каса», які здзяйсняў замахі на гітлераўцаў, адказных за злачынствы супраць польскага народу.
Падрыхтоўка замаху на Кругера пачалася 5 красавіка. На крывавага эсэсаўца пакушаліся маладыя людзі: 18-гадовы Анджэй Янкоўскі, 19-гадовы Тадэвуш Батэк, а таксама крыху старэйшыя Ежы Клечкоўскі і Тадэвуш Клеменс Войс. Камандаваў акцыяй паручнік Эдвард Мадэй, а сувязной была Аляксандра Сакалуўна.
Штаб Кругера знаходзіўся ў будынку Кракаўскай горнай акадэміі, а жыў эсэсавец у замку Вавэль. Польскія партызаны вырашылі забіць Кругера па дарозе на службу.
Гітлераўскага карніка салдаты АК чакалі на вуліцы амаль дзве гадзіны. Калі з’явіўся аўтамабіль эсэсаўца, яны кінулі на дарогу гранаты, цэлячы, каб яны трапілі перад капотам легкавіка. Аднак кіроўца нямецкага генерала націснуў на газ, у выніку чаго гранаты выбухнулі за аўто. Выбухі былі настолькі моцнымі, што ў суседніх дамах выляцелі шыбы ў вокнах, а на вуліцы ўтварылася даволі вялікая варонка. Немцы, якія знаходзіліся ў раёне замаху, адкрылі агонь па паляках. Байцам прыйшлося пакінуць месца аперацыі.
Кругер у выніку замаху не пацярпеў. Больш за тое, гітлераўцам удалося выйсці на след партызан і затрымаць Тадэвуша Батэка, Анджэй Янкоўскага і Аляксандру Сакалуўну. Пазней стала вядома, што немцам дапамаглі агенты гестапа, прычым палякі. Неўзабаве партызанаў расстралялі. Ежы Клечкоўскі і Эдвард Мадэй загінулі ў 1943 годзе. У жывых застаўся толькі Тадэвуш Клеменс Войс, які дачакаўся канца вайны.
Кругер жа пакончыў з жыццём у маі 1945 году, калі ўжо было вядома, што гісторыя Трэцяга Рэйху набліжаецца да канца.
Валеры Саўко
на відэа: 1940 год - Варшава пад акупацыяй
слухайце аўдыёфайл