Беларуская Служба

Польскія інжынеры стварылі аўтобус на зялёным вадародзе

03.06.2022 15:04
На гэтым тыдні ў Польшчы прэзентавалі NesoBus.
Аўдыё
  • Польскія інжынеры стварылі аўтобус на зялёным вадародзе
.
.Фото: https://pixabay.com

Гэта цалкам новы гарадскі вадародны аўтобус з нулявым выкідам. Гэта самы экалагічна чысты аўтобус для гарадскіх жыхароў і грамадскага транспарту, які працуе на зялёным вадародзе. Яго стварылі польскія канструктары і інжынеры ў супрацоўніцтве з партнёрамі з Еўропы і ўсяго свету.

Яго даўжыня 12м, 93 пасажырскія месцы, у тым ліку 37 сядзячых месцаў. На адной запраўцы аўтобус праедзе каля 450 км. Ён не выкідвае выхлапных газаў, ачышчае паветра, выкідвае толькі вадзяную пару.
Канструкцыя польскага вадароднага аўтобуса зроблена з нуля. Гэта не мадыфікацыя аўтобуса з дызельным ці электрычным акумулятарным рухавіком, адзначылі на прэзентацыі.

-У верасні 2022 году ўзніклі планы праекту, у снежні ўжо была дакументацыя. Травень-ліпень будова канструкцыі аўтобуса, жнівень-кастрычнік – мантаж галоўных кампанентаў. У лістападзе 2021 году мы ўпершыню праехалі на аўтобусе. Тэсты працягваліся ад снежня да сакавіка. У красавіку гэтага года мы атрымалі еўрапейскае зацвярджэнне. Мы ганарымся, што ад праекту да рэалізацыі і зацвярджэння прайшло ўсяго 1,5 гады.

Інвестарамі з’яўляюцца Grupa Polsat Plus i ZE PAK. Пачатак серыйнай вытворчасці запланаваны на 2023 год на фабрыцы ў Свідніку. Адначасова інвестары плануюць развіваць вадароднае паліва ў Польшчы.

-У гэтым праекце істотным з’яўляецца тое, што ўладальнік прыняў рашэнне, што вадародныя актывы будуць уведзеныя ў эксплуатацыю ўжо да 2030 году. Гэта на 20 гадоў раней, чым глабальная кліматычная нейтральнасць, вызначаная на 2050 год. Тут ёсць вельмі важны аспект. Мы хочам будаваць 100 мегават. Гэта дае магчымасць вытворчасці 40 тон вадароду ў дзень. Таксама мы будзем будаваць сетку заправак вадародам. Будуць пабудаваныя 30 такіх заправак, першая з іх паявіцца ў Варшаве.

NesoBus з'яўляецца ідэальным рашэннем для гарадскіх жыхароў – ён ліквідуе выкіды атрутных рэчываў: CO2, аксід азоту і дробны пыл PM 2,5.

Польскі вадародны аўтобус NesoBus – гэта электрабус. Ён выпрацоўвае электрычнасць у рэжыме рэальнага часу з паліўнага вадароду, выкарыстоўваючы паліўны элемент. У аўтобуса свая «міні-электрастанцыя». Фізічна вадарод у баку злучаецца з кіслародам, узятым з паветра, і вырабляе электрычнасць для харчавання электрарухавіка. Працэсу гарэння няма. У выніку спалучэння вадароду і кіслароду ў паліўных элементах аўтобус вылучае вадзяны пар з выхлапной трубы. Гэтая вада цалкам дыстыляваная.

Вадародныя тэхналогіі – гэта выдатная магчымасць для развіцця прыязнага асяроддзя і ўстойлівай транспартнай сістэмы, гэта таксама цывілізацыйны выклік. Развіццё вадародных тэхналогій у Польшчы – гэта таксама магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць польскіх кампаній на міжнародных рынках.

Польшча займае трэцяе месца ў Еўрасаюзе па здабычы вадароду і пятае ў свеце. Аднак гэта тэхналагічны вадарод, а не зялёны. «Колер» вадароду залежыць ад таго, як ён быў атрыманы. Для атрымання шэрага вадароду выкарыстоўваецца выкапнёвае паліва. Тое ж самае тычыцца блакітнага вадароду, але тут выкіды ад вытворчасці перахопліваюцца. Зялёны вадарод азначае, што ён выкарыстоўвае аднаўляльныя крыніцы энергіі, што робіць яго палівам з нулявымі выкідамі.

У лістападзе 2021 года ўрад прыняў Польскую вадародную стратэгію, якая вызначае план дзеянняў у галіне вадародных тэхналогій. У канцы гэтага года ў Сейме павінен быць прадстаўлены закон пад назвай «Канстытуцыя аб вадародзе».

Згодна з планам, у 2030 годзе будзе атрымана 2 ГВт вадароду і яго вытворных з нізкаэмісійных крыніц, працэсаў і тэхналогій, у тым ліку, у прыватнасці, з электралізёрных установак. Больш за тое, стратэгія прадугледжвае, што ў гэты час на польскіх дарогах будзе выкарыстоўвацца 800–1000 новых аўтобусаў на вадародным паліве; будзе мінімум 32 вадародныя заправачныя і не менш за 5 вадародных далін, якія аб’яднаюць фабрыкі па вытворчасці вадароду.

ав


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце