Беларуская Служба

У польскіх цырках не сустрэць экзатычнай жывёлы

08.06.2022 15:07
На працягу многіх гадоў актывісты пратэстуюць супраць выкарыстання жывёлы ў цырках.
Аўдыё
  • У польскіх цырках не сустрэць экзатычнай жывёлы
.
.Marijakes/pixabay.com/CC0

Некаторым краінам удалося ўвесці юрыдычныя абмежаванні або поўную забарону такой практыкі. У Польшчы таксама адбываюцца акцыі пратэсту і мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне гэтай неэтычнай забавы. 8 чэрвеня - Дзень цырку без жывёлы.

Кааліцыя няўрадавых арганізацыяў «Цырк без жывёлы», абвясціла 8 чэрвеня Днём цырка без жывёлы. Мэтай кампаніі – увядзенне ў Польшчы юрыдычнай забароны на выкарыстанне жывёлы ў цырках.

З гэтай нагоды мы паразмаўлялі з Мальвінай Маліноўскай з кааліцыі. Яна адзначае, што нягледзячы на іх шматгадовую дзейнасць, у Польшчы надалей няма забароны на выкарыстоўванне жывёлы ў цырках. Цыркі легальна могуць выкарыстоўваць кожную жывёлу, хоць у Польшчы ўжо не сустрэць кракадзілаў, сланоў, жырафаў ці тыграў.

-Іх цяпер няма, паколькі памянялася свядомасць. Дзякуючы гадам нашай дзейнасці, пратэстам пад цыркамі, умяшанням, людзі не хочуць хадзіць у цыркі, разумеючы, што дрэсіроўка азначае цярпенне жывёлы, якая там не апынулася добраахвотна і не хоча рабіць трукі. Нягледзячы на гэта афіцыйнай забароны няма. Мы сустракаемся з незразумелым супраціўленнем палітыкаў. Паводле нас, цыркі з жывёлай – гэта від забавы, якая ўжо даўно павінны адыйсці ў мінулае. Цяпер у Польшчы ў цырках ёсць да 30 жывёлін. Гэта малая лічба. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта былі сотні. Ёсць таксама і цыркі без жывёлы. Мы рады, што яны зразумелі, што можна стварыць цудоўны спектакль, выкарыстоўваючы толькі талент людзей, і не мучыць бедную жывёлу.

Актывістка адзначае, што людзі, якія прыходзяць у цырк, бачаць толькі тое, што адбываецца на сцэне. Яны не бачаць таго, што папярэднічала спектаклю, дрэсіроўку і ўмовы ўтрымання. Мальвіна Маліноўская кажа, што пакуты жывёлы ў цырках – гэта не прыдумка актывістаў, гэта рэальнасць, на што ёсць нямала доказаў.

-Дрэсіроўка не выглядае так, як у нас дома, калі мы вучым сабаку нешта рабіць, узамен даём смачную ўзнагароду. Тут выкарыстоўваюцца пазітыўныя імпульсы. Сабака дае лапу, а ты яму смачнае. Дрэсіроўка жывёлы, асабліва дзікай, як сланы ці мядзведзі, адбывалася па прынцыпе пакарання. Калі жывёла нечага не хацела рабіць, то яе білі, калолі круком. Мядзведзяў прывязвалі да сцяны ланцугамі, каб яны стаялі на двух лапах і не маглі стаць на чатыры лапы, што для іх натуральна. Гэта ўсё адбывалася, ёсць відэа, якія можна адшукаць у інтэрнэце.

Пакуты жывёлы выклікалі таксама сталыя, часта штодзённыя перавозкі. Вялікі стрэс у жывёлы выклікаюць гучныя гукі на сцэне. Гэта ўсё адбываецца насуперак якім-колечы патрэбам жывёлы. Галоўная мэта – заробак цырку.

Мальвіна Маліноўская прыводзіць прыклад, калі фонд забраў у адным з цыркаў кракадзіла, чарапаху і мядзведзя. Некалькі дзён таму суд прызнаў уладальнікаў цырку вінаватымі ў здзекаванні над жывёлай.

-У мядзведзя былі вырваныя зубы і кіпцюры, каб ён не мог нікога параніць. Яго кармілі папкорнам. То бок кормам, які яму катэгарычна не падыходзіць. Яго клетка не давала магчымасці рухацца. Чарапахі былі ў такім стане, што не маглі нават схавацца ў панцыр. Кракадзіла трымалі ў малой колькасці вады, так, што ён нават не быў у стане ў яе пагрузіцца. Жывёлы многія месяцы прыходзілі ў сябе ў Познаньскім заапарку. Прайшло ўжо шмат часу, але ў мядзведзя надалей бачныя наступствы дрэсіровак. Ён стала ходзіць і ківае галавою, круціцца на месцы. Гэта вынік малой клеткі. Такім чынам мядзведзь стараўся хоць неяк запэўніць сабе рух.

Забава коштам жывёлы не павінна ўвогуле адбывацца, канстатуе Мальвіна Маліноўска.
Кааліцыя «Цырк без жывёлы» інфармуе, што ў гэтым сезоне на гастролі ў Польшчу выехалі ажно 7 цыркаў. «Цыркавое мастацтва можа быць прыгожым, але толькі ў тым выпадку, калі яно заснавана на таленце людзей, а не на выкарыстанні жывёлы!»

З дадзеных, атрыманых ад галоўнага ветэрынарнага лекара, вядома, што да гэтага часу каля 25 жывёлін перавозяцца ў цырках і выступаюць на сцэне. Гэта сабакі, каты, коні, вярблюды, ламы, змеі, папугаі і малпы-капуцынкі.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце