159 гадоў таму ўдзельнікі Студзеньскага паўстання, якое ў Беларусі вядомае як Паўстанне Каліноўскага, правялі дзёрзкую акцыю. У яе выніку з Польскага банку, падпарадкаванага царскім уладам, знікла вялізная сума грошай. Скрадзеныя фінансавыя сродкі пайшлі на працяг паўстання, якое было ў самым разгары.
Арганізатарам акцыі быў Аляксандр Вашкоўскі, выпускнік Матэматычнага факультэту Пецяргбургскага ўніверсітэту. У 1862 годзе мужчына прыбыў у Варшаву, а пасля таго, як пачалося Студзеньскае паўстанне, ён далучыўся да збройнага чыну. Вашкоўскі быў вельмі смелым і ўпэўненым чалавекам.
Калі пачалося паўстанне, ён вырашыў скрасці штабныя карты, якія знаходзіліся ў будынку Камісіі па бюджэце Польскага Царства, якое ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Гэтыя карты дапамаглі польскім партызанам у змаганні з царскімі захопнікамі. Дык вось, аднойчы Вашкоўскі прыйшоў у камісію ў час працы, дзе было шмат чыноўнікаў, і ўпэўненым крокам падаўся ў адзін з кабінетаў. Пасля ўзяў з шафы карты, культурна развітаўся са службоўцамі, сеў у кібітку і скрыўся. Ніхто ў яго не пытаўся, хто ён такі, і ніхто не затрымаў, бо ўсе думалі, што гэта нейкі важны рускі чыноўнік.
Неўзабаве пасля акцыі, у выніку якой былі выкрадзеныя карты, Аляксандр Вашкоўскі запланаваў і правёў аперацыю па выкраданні грошай. Дарэчы, у момант аперацыі яму было ўсяго толькі 22 гады!
Паўстанцы ведалі, што ў Польскім банку, які быў галоўнай фінансавай установай Польскага Царства, на штодзень захоўваецца шмат грошай.
Было вырашана не нападаць на банк, а забраць грошы іншым чынам. Вашкоўскі ўсталяваў сувязь з двума шматгадовымі супрацоўнікамі банку – Станіславам Янкоўскім і Станіславам Хэбдам. Янкоўскі служыў у банку 17 гадоў, а Хэбда – сем. Ім царскія чыноўнікі давяралі, прычым настолькі, што ў Янкоўскага быў асобны ключ да касы з грашамі. Але пры гэтым мужчыны былі польскімі патрыётамі, таму згадзіліся ўзяць удзел у акцыі. Праўда, пры пэўных умовах. Па-першае, яны запатрабавалі пісьмовы загад Часовага польскага ўраду, каб пераканацца, што грошы пойдуць на паўстанцкія мэты. А па-другое, папрасілі па 8 тыс. рублёў на кожнага, каб за гэтыя грошы выехаць за мяжу і там пачаць новае жыццё. Вашкоўскі і паўстанцкае кіраўніцтва згадзіліся.
Аляксандр Вашкоўскі і будынак Польскага банку (існуе па сённяшні дзень)
Да акцыі далучыліся яшчэ два чалавекі, якіх заангажавалі Янкоўскі і Хэбда – гэта былі фурманы Себаст’ян Пеліньскі і Матэвуш Тышкоўскі. Яны таксама атрымалі па 8 тыс. рублёў кожны. Мужчыны цягам некалькіх гадзін насілі з банку ў карэту цяжкія мяшкі з грашамі. Дарэчы, удалося забраць толькі палову грошай, якія знаходзіліся ў касе. Але гэта і так было шмат – проста астранамічная сума на тыя часы: 40 тыс. рублёў золатам, 400 тыс. рублёў банкнотамі і больш за 3 млн рублёў у аблігацыях. Праўда, неўзабаве аказалася, што аблігацыі не ўдасца абнаявіць, таму што царскія ўлады апублікавалі серыі і нумары аблігацый, зазначыўшы, што яны скрадзеныя і што іх банкі не могуць прымаць.
Арганізатарам акцыі на шчасце ўдалося скрасці грошы, хоць да правалу заставалася блізка. Супрацоўнік банку Эдвард Чарнецкі, які таксама ведаў пра акцыю і крыху дапамагаў, за маўчанне запатрабаваў 30 тыс. рублёў. Паўстанцы яму далі гэтыя грошы, бо баяліся правалу. Ужо пасля аперацыі Чарнецкі ўцякаў з Польшчы і трапіў у рукі царскіх жандараў. Яго пасадзілі ў турму, а грошы забралі.
Праз некалькі месяцаў пасля акцыі Аляксандр Вашкоўскі быў прызначаны апошнім кіраўніком паўстання па Варшаве. У снежні 1864 году яго схапілі царскія карнікі. Герой паўстання быў пакараны смерцю 17 лютага 1865 году. Дарэчы, гэта было апошняе публічнае пакаранне ўдзельнікаў паўстання.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл