«Яна любіла адрэналін і прыгоды. Яна таксама любіла мужчын, але больш за ўсё любіла свабоду. Яна змагалася за незалежнасць Польшчы і ўласную незалежнасць», – расказвала Клэр Мюлі, аўтарка кнігі «Жанчына-шпіёнка. Полька на службе Яго Вялікасці». Хутчэй за ўсё менавіта полька Крыстына Скарбэк была прататыпам першай «дзяўчыны Бонда».
Яе называлі адной з найвялікшых жанчын-шпіёнак Другой сусветнай вайны, любімым агентам Чэрчыля, жанчынай, якая жыла хутка і прагна.
Нарадзілася Крыстына 1 мая 1908 году ў Варшаве. Бацька быў абяднелым графам, а маці паходзіла з заможнай сям'і яўрэйскіх банкіраў. З ранняга дзяцінства Крыстына займалася верхавой яздой і альпінізмам. У 1930 годзе яна нават стала віцэ-міс Польшчы. Яна вяла багатае прыватнае жыццё, мяняючы мужчын, як пальчаткі. Яе ўсе ведалі, і яна ўсіх ведала.
Калі пачалася Другая сусветная вайна, Крыстына Скарбэк знаходзілася ў Кеніі са сваім мужам, дыпламатам. Праз Францыю яна прабралася ў Вялікабрытанію. Там яна літаральна прарвалася ў штаб-кватэру Упраўлення спецыяльных аперацый і запатрабавала ўзяць яе на службу ў якасці агента.
Крыстына Скарбэк/public domain
Праз тыдзень пад выдуманым прозвішчам яе перавялі ў Будапешт. З гэтага моманту яна была французскай журналісткай Крысцін Гранвіль. Жанчына адправілася небяспечным шляхам праз горы ў Польшчу. Крыстына Скарбэк перавозіла ў Польшчу грошы, інфармацыйныя і агітацыйныя матэрыялы для польскага падполля, а таксама дастаўляла рэпартажы для друку, радыёкоды і мікрафільмы ў Вялікабрытанію.
Сярод іншага, ёй удалося атрымаць фотаздымкі з пацверджаннем мабілізацыі нямецкіх войск на мяжы з Савецкім Саюзам. Гэта было першае сведчанне запланаванай аперацыі «Барбароса», нямецкага ўварвання ў СССР, якое трапіла на стол Вінстана Чэрчыля.
У 1941 годзе Крыстына вярнулася на брытанскую базу ў Каіры, дзе ёй забаранілі далейшыя агентурныя дзеянні. Нягледзячы на адсутнасць доказаў, палякі яе абвінавацілі ў падвойнай гульні. Гаворка ішла пра кантакты са шпіёнскай сеткай «Мушкецёры», незалежнай варшаўскай групай супраціву, арганізаванай афіцэрам Стэфанам Віткоўскім. Незалежнасць «Мушкецёраў» не падабалася эміграцыйнаму польскаму кіраўніцтву, нягледзячы на тое, што яны таксама змагаліся з акупантамі.
Крыстына Скарбэк/public domain
У «чорным спісе» Крыстына Скарбэк была да 1944 года. Менавіта тады яе скінулі з парашутам у тыл ворага на поўдні Францыі. Полька працавала курʼерам у брытанскім Упраўленні спецаперацый і падтрымлівала французскае падполле.
Камандаванне адмовіла Крыстыне ў місіі ў Польшчу падчас Варшаўскага паўстання, нягледзячы на яе шматразовыя просьбы. У красавіку 1945 году жанчына дэмабілізавалася.
Яе напаткаў такі ж лёс, як і тысячы польскіх салдат, якія пасля вайны аказаліся непатрэбнымі. Не маючы брытанскага грамадзянства, з нізкай дзяржаўнай грашовай, дапамогай, яна працавала пакаёўкай у гатэлі, тэлефаністкай і сцюардэсай на пасажырскіх суднах.
Падчас адной з паездак Крыстына пазнаёмілася са сцюардам Дэнісам Малдаўні. А 15 чэрвеня 1952 года ў лонданскім гатэлі «Шэлбурн» раўнівы Малдаўні нанёс Крыстыне ўдар нажом у грудную клетку, які аказаўся смяротным. Да сённяшняга дня існуе мноства тэорый змовы вакол смерці любімай агенткі Чэрчыля.
Дарэчы, надалей не пацверджаныя чуткі пра яе магчымы раман з пісьменнікам Янам Флемінгам, аўтарам славутага Бонда, для якога яна нібыта была натхненнем у стварэнні персанажа Веспер Лінд, дзяўчыны Джэймса Бонда.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл