Беларуская Служба

156 гадоў таму палякі ў Сібіры паднялі Кругабайкальскае паўстанне

25.06.2022 06:02
24 чэрвеня 1866 году ў Забайкаллі пачалося паўстанне, паднятае ссыльнымі палякамі.
Аўдыё
  • 24 чэрвеня 1866 году ў Забайкаллі пачалося паўстанне, паднятае ссыльнымі палякамі
    (Pochód na Sybir)    (1837-1867 ..)
Карціна «Этап у Сібір» (Pochód na Sybir) мастака Артура Гротгера (1837-1867 г.г.) Wikimedia Commons/domena publiczna

Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра падзею, якой споўнілася роўна 156 гадоў. Прычым гэтая гістарычная падзея мала вядомая шырокаму колу людзей. І так, 24 чэрвеня 1866 году ў Забайкаллі пачалося паўстанне, паднятае ссыльнымі палякамі.

У гістарыяграфіі гэтая падзея атрымала назву Кругабайкальскага паўстання 1866 году.

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гадоў у Польшчы, Беларусі і Літве тысячы яго ўдзельнікаў высылаліся за межы Царства Польскага і заходніх губерняў. Многія траплялі на пасяленні і катаргу ўглыб Расійскай Імперыі, у тым ліку ў Сібір.

У красавіку 1866 году імператарам Аляксандрам II была абвешчаная амністыя польскім палітычным ссыльным: значна скарачаліся тэрміны катаргі, а кароткія тэрміны былі замененыя пасяленнем.

Каля 700 польскіх катаржнікаў у той час працавалі на будаўніцтве Кругабайкальскага тракту працягласцю 200 вёрст. Гасцінец будаваўся вакол Байкала.

Улетку 1866 года частка палякаў, якія працавалі на будаўніцтве гасцінца, вырашыла абяззброіць канвой і пайсці далей у Забайкалле, дзе яны планавалі вызваліць іншых польскіх ссыльных і бегчы праз Манголію ў Кітай у надзеі знайсці англійскія караблі, каб праз Амерыку вярнуцца ў Еўропу. Узначальвалі паўстанне 48-гадовы былы капітан расійскай арміі Нарцыз Цэліньскі і 30-гадовы піяніст Густаў Шарамовіч.


Ссылка ў Сібір. Карціна «Развітанне з Еўропай» Аляксандра Сахачэўскага


Ссылка ў Сібір. Карціна «Развітанне з Еўропай» Аляксандра Сахачэўскага

Ідэю падняць паўстанне ў Сібіры падзялялі з палякамі і рускія рэвалюцыянеры, якія ў сакрэце рыхтавалі для іх зброю і харчаванне. Быў выраблены таксама сцяг з дэвізам «За нашу і вашу свабоду!».

Увечары 24 чэрвеня група ў складзе 48 чалавек пад кіраўніцтвам Густава Шарамовіча і Казімежа Арцімовіча напала на канваіраў, адабрала ў іх зброю і, захапіўшы коней, адправілася далей, каб вызваліць іншых вязняў. Аднак не ўсе палякі далучыліся да паўстання: агулам удалося сабраць каля 250 чалавек, якія вырашылі прарывацца да мяжы з Кітаем.

26 чэрвеня ў Іркуцку стала вядома аб бунце. Па трывозе былі паднятыя і кінутыя ў пагоню казакі і тры атрады пяхоты.

Паўстанцы назвалі свой атрад «Сібірскім легіёнам свабодных палякаў». Цягам некалькіх дзён на шляху ў бок кітайскай мяжы польскі атрад правёў некалькі паспяховых сутыкненняў з невялікімі групамі расійскіх салдат, нападаў на малыя гарнізоны і станцыі.

10 ліпеня 1866 году на след палякаў выйшлі дзве рускія конныя брыгады, якія мелі значную перавагу ў людзях і ўзбраенні. Пачалася бітва, якую палякі прайгралі. Катаржнікі, якія ўцяклі ад рускіх, былі схопленыя цягам месяца.

Дарэчы, у пайманні паўстанцаў дапамагалі таксама мясцовыя сяляне, якія стварылі пару атрадаў агульнай колькасцю ў некалькі соцен людзей.

Збройныя сутыкненні невялікіх паўстанцкіх груп працягваліся яшчэ да канца ліпеня, але палякі не мелі шанцаў. Варта заўважыць, што расіяне арганізавалі сапраўднае паляванне на паўстанцаў, да якога падключылася таксама мясцовае насельніцтва. Так, багатыя мясцовыя жыхары бясплатна пяклі хлеб для войска, а адзін з купцоў прадаставіў свае параходы для перакідкі салдат праз Байкал.

Ваенна-палявы суд над паўстанцамі праходзіў у Іркуцку ў кастрычніку і лістападзе. Усяго паўстала перад судом 683 чалавекі, з якіх вінаватымі было прызнана 418. Пакаралі 326 чалавек, у тым ліку сем прыгаварылі да расстрэлу. Каля 200 паўстанцаў былі пакараныя да бестэрміновай катаргі, а 122 палякам быў павялічаны тэрмін катаргі.

Пры гэтым варта зазначыць, што генерал-губернатар Усходняй Сібіры Міхаіл Карсакоў зацвердзіў толькі чатыры смяротныя прысуды з сямі, у тым ліку Цэліньскаму і Шарамовічу як «правадырам шаек». Яны былі расстраляныя 15 лістапада 1866 году ў Іркуцку.

Дарэчы, існуе версія, што Карсакоў запытаў у Аляксандра II дазволу памілаваць прысуджаных да смерці. І нібыта цар такі дазвол даў, але дакументы спазніліся: прыйшлі па пошце праз месяц пасля пакарання смерцю першых чатырох прысуджаных.

У 1967 годзе адна з вуліц Іркуцка была ў гонар падзей 1866 году перайменаваная ў вуліцу Польскіх Паўстанцаў.

Паводле гісторыкаў, пасля паразы Студзеньскага паўстання, якое ў Беларусі больш вядомае як Паўстанне Каліноўскага, з Польшчы ў Сібір было саслана каля 20 тыс. чалавек.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу