91 год таму першых адпачыннікаў прыняў новапабудаваны польскі балтыйскі курорт Юрата. У 1920 гады польскія інвестары шукалі месца на курорт, які мог бы стаць канкурэнцыяй нямецкаму Сопату. І выбралі паросшы лесам некрануты ўчастак на Хэльскай касе. Гэта было ў 1923 годзе. У 1928 годзе быў заснаваны пасёлак, а вось улетку 1931 году ў Юрату прыехалі першыя турысты.
У 1923 годзе гандлёва-прамысловае таварыства «Лясмэт» узяло ў арэнду ў дзяржавы 150 га зямлі недалёка ад пасёлку Ястарня. Праз пяць гадоў фірма змяніла назву на «Юрата. Курорт на паўвостраве Хэль», стала акцыянерным таварыствам і прыступіла да будаўніцтва пасёлку. Хоць гэта і была прыватная ініцыятыва, то аднак праект трапіў пад кантроль дзяржавы, бо адроджаная Польшча, якая дадаткова атрымала доступ да Балтыйскага мора, лічыла пытаннем прэстыжу будаўніцтва сапраўднага курорту, які б нічым не адрозніваўся ад лепшых еўрапейскіх месцаў адпачынку.
Cafe Casino, molo oraz hotel Lido w Juracie
Расказвае Анна Томяк, аўтарка кнігі пра гісторыю Юраты.
- Гэта быў вялікі праект, які быў добра падрыхтаваны і хутка рэалізаваны, у амерыканскім стылю. Планавалася пабудаваць гарадок з нуля цягам 11 гадоў – нават як па сённяшніх мерках, гэта даволі хутка. Праект прадбачыў у Юраце асабнякі, пансіянаты, гатэлі і гатэльныя комплексы, якія ўключалі ўсю інфраструктуру, патрэбную для камфортнага адпачынку і пражывання, напрыклад, рэстараны, кавярні, канцэртныя залы і нават паштовыя аддзяленні.
У 1920 гады праз паўвостраў Хэль была пракладзеная чыгунка ў вайсковых мэтах, дзякуючы чаму ўдалося пабудаваць Юрату. Таксама дзякуючы чыгунцы Хэльская каса стала любімым месцам адпачынку палякаў. Да вайны шмат пасажырскіх цягнікоў хадзіла на Хэль і ў Юрату ў тым ліку, а падарожжа з Варшава займала крыху больш за 6 гадзін.
Была таксама аўтамабільная дарога. У 1930 гадах было прынята рашэнне пабудаваць шашу з цвёрдым пакрыццём, але планы не былі рэалізаваныя з-за пачатку вайны. Таму аўтамабілі рухаліся па прасёлачнай дарозе, якая мела шмат паваротаў, а месцамі даволі пясчаныя адрэзкі.
Першы этап працаў быў разлічаны на тры гады. Цягам гэтага часу былі пабудаваныя не толькі жылыя будынкі, але таксама электрастанцыя, у тым ліку пракладзеная энергетычная сетка. Акрамя таго, была створаная каналізацыя і вадаправод. Дарэчы, згодна з пагадненнем, падпісаным паміж дзяржавай і інвестарам, забаранялася празмерна высякаць дрэвы, таму асабнякі, гасцініцы і пансіянаты будаваліся паміж балтыйскімі соснамі, што дадаткова стварала і стварае непаўторную атмасферу Юраты. І летам 1931 году, роўна 91 год таму, курорт быў гатовы прыняць першых адпачыннікаў.
Бераг Балтыкі ў Юраце
Пры галоўнай вуліцы быў пабудаваны гатэль «Лідо», які існуе і па сённяшні дзень, і які ў тыя часы лічыўся адным з найлепшых у Польшчы. Пастаяльцамі гасцініцы былі тагачасныя зоркі, а ў самім аб’екце праходзілі шматлікія канцэрты, танцы, паказы моды і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Турысты ў Юраце
У 1937 годзе ажно на шэсць тыдняў на адпачынак у Юрату прыехаў прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.
На дачы Ігнацы Масціцкага ў Юраце
Водпуск кіраўніка краіны ў Юраце зрабіў курорт яшчэ больш прэстыжным, і ў балтыйскі пасёлак рушылі ўжо не толькі тагачасныя зоркі і бізнесмены, але і палітыкі, для прыкладу, міністр замежных спраў Юзэф Бэк.
Прэзідэнт Масціцкі на беразе мора ў Юраце
Варта нагадаць, што Юрата была дарагім курортам, і звычайны паляк не мог сабе дазволіць да адпачынак у пасёлку.
Дача Ігнацы Масціцкага ў Юраце
Даваенная гісторыя Юраты закончылася ў 1939 годзе, калі немцы напалі на Польшчу. Але дзякуючы таму, што Хэль і Юрата таксама спадабаліся акупантам, то ўдалося пазбегнуць знішчэння гарадка і Хэльскай касы. Немцы ператварылі Юрату ў курорт для сябе. Для прыкладу, у славутым гатэлі «Лідо» на адпачынак прыязджалі пілоты Люфтвафэ, а ў іншых аб’ектах у летніх лагерах пражывалі члены Гітлерюгенд. У 1945 годзе Юрата зноў стала польскай.
У часы Польскай Народнай Рэспублікі Юрата надалей была курортам, толькі што на адпачынак мог прыехаць кожны, не толькі той, хто меў шмат грошай.
Юрату варта наведаць і сёння, таму што ў пасёлку захавалася амаль уся даваенная архітэктура. Дзякуючы гэтаму можна адчуць сябе нібыта ў 1930 гадах мінулага стагоддзя.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe
на відэа: Хэльская каса - від зверху